Суббота, 17 ноября 2018

Аб чым маўчаць помнікі: медыкі-франтавікі муж і жонка Паралавы і Міхаіл Самасюк

527

ПАРАЛАЎ Павел Антонавіч
(05.11.1914-08.12.1999)
ПАРАЛАВА Вольга Іванаўна
(29.12.1914-17.04.1990)
Калі мы ўжо завялі гутарку пра ўрачоў – былых франтавікоў, пахаваных на пружанскіх могілках, то варта ўзгадаць мужа і жонку Паралавых і Міхаіла Іванавіча Самасюка. Яны таксама, як і гераіня артыкула “Жыццё, аддадзенае людзям” Т.М.Алефірэнка, прайшлі выпрабаванне Вялікай Айчыннай вайной.
Сям‘я ўрачоў Паралавых прыбыла на Пружаншчыну адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны, фактычна адначасова з Т.М. Алефірэнка. Муж і жонка таксама былі ўраджэнцамі Украіны, выхадцамі з бедных сялянскіх сем‘яў. І біяграфіі іх — такія ж тыповыя для «герояў свайго часу».
Павел пасля заканчэння сямігодкі паступіў у школу фабрычна-заводскага навучання Палтаўскага мясакамбіната, потым застаўся працаваць тут, «дарос» да загадчыка навучальнай часткі, актыўна займаўся грамадскай работай. Займаўся самаадукацыяй па праграме рабфака. Вольга  скончыла дзесяцігодку і Мелітопальскі медыцынскі тэхнікум. У 1935-м іх жыццёвыя шляхі супалі: абодва паступілі ў Днепрапятроўскі медінстытут, а ў 1940-м маладыя медыкі ўзялі шлюб. І яшчэ не ведалі, што іх чакала выпрабаванне разлукай. Павел Антонавіч адразу пасля атрымання дыплома быў прызваны на тэрміновую службу ў РККА. Вольга Іванаўна стала працаваць загадчыцай урачэбнага ўчастка ў Генічэскім раёне.
Удзел у Вялікай Айчыннай вайне Паралавы прынялі з самага яе пачатку — чэрвеня 1941 г. У розных вайсковых часцях і нават на розных франтах.
Старшы ўрач 1552 аэрадромнага палка СПА Першай паветранай арміі Павел Антонавіч Паралаў удзельнічаў у абароне Масквы, у вызваленні Беларусі, Усходняй Прусіі, штурме Кёнігсберга. Атрымаў цяжкае раненне, у выніку якога страціў правае вока. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 1 ст., Чырвонай Зоркі, медалямі «За абарону Масквы», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За перамогу над Германіяй».
З прадстаўлення камандавання да ўзнагароджання ордэнам Чырвонай Зоркі ад 07.10.1944 г.: «Капітан медслужбы Паралаў знаходзіцца на службе ў палку з красавіка 1943 г. на пасадзе галоўнага ўрача… Арганізаваў палявы медпункт і стацыянар… за гэты час вылечыў каля 200 байцоў, выратаваў трох параненых, чыё становішча было безнадзейным».
У гэты час Вольга Іванаўна служыла начальнікам медыцынскага пункта авіябазы, начальнікам санітарнай службы авіятэхнічнага батальёна ВПС Чарнаморскага флоту. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За абарону Каўказа», «За перамогу над Германіяй».
Пасля вайны часць, дзе начмедам служыў маёр П.А. Паралаў, базіравалася ў Пружанах. У 1946 годзе Вольга Іванаўна прыехала да мужа, некаторы час працавала ўрачом гарнізоннага лазарэта. Але настаў час вяртацца да мірнага жыцця. У лістападзе 1949 года жанчына была накіравана ў Пружанскі райздраўаддзел і да 1979 года аддана працавала ў цэнтральнай раённай бальніцы. Некалькі пакаленняў пружанцаў ведала яе як урача-педыятра, пэўны час была загадчыцай педыятрычнага аддзялення, а потым працавала ў туберкулёзным аддзяленні ЦРБ. У 1965 годзе ёй было прысвоена званне «Заслужаны ўрач БССР».
Што тычыцца Паўла Антонавіча, дык ён пасля дэмабілізацыі працаваў загадчыкам тэрапеўтычнага аддзялення Пружанскай бальніцы, а ў 1953-1956 гадах — яе галоўным урачом. Быў вызвалены ад гэтай пасады па ўласным жаданні: падводзіла здароўе. У 1961-1978 гадах зноў узначаліў тэрапеўтычнае аддзяленне, у дадатак стаў спецыялізавацца на эндакрыналогіі. У 1965 годзе ў паліклініцы быў адкрыты зобна-эндакрыналагічны кабінет, дзе Паралаў вёў прыёмы па аўторках і пятніцах, а з 1978 па 1985 гг. працаваў толькі як эндакрынолаг.
САМАСЮК Міхаіл Іванавіч
(25.01.1925-3.02.2000)
Нарадзіўся ў в.Бакуны (Велікасельскія) Пружанскага павета ў сялянскай сям‘і. Пачатковую адукацыю атрымаў у польскай школе ў Бакунах, потым — пасля ўз‘яднання Заходняй Беларусі з БССР — вучыўся ў Мураўскай школе. Адразу пасля вызвалення Пружаншчыны ад гітлераўцаў 28 ліпеня 1944 года быў мабілізаваны ў рады Чырвонай Арміі. Удзельнічаў у баях Вялікай Айчыннай вайны.
Загадам па 589-м стралковым палку 108-й стралковай Бабруйскай дывізіі 65-й арміі 3-га Беларускага фронту ад 30 студзеня 1945 года сярод іншых байцоў быў узнагароджаны медалём «За адвагу» і Міхаіл Самасюк. Наводчык станковага кулямёта 1-й кулямётнай роты чырвонаармеец Самасюк падчас баёў на Нараўскім плацдарме 14-15 студзеня ў раёне вёскі Піскарня-Дужа агнём свайго кулямёта падтрымліваў дзеянні пяхоты ў наступленні. За час баёў знішчыў да 20 гітлераўцаў і падавіў агонь двух ручных кулямётаў праціўніка. (14 студзеня пачаўся хуткі наступ савецкіх войскаў з Нараўскага плацдарма, на якім яшчэ з верасня 1944 года яны вялі цяжкія абарончыя баі. Нямецкае камандаванне называла Нараўскія плацдармы «пісталетам, нацэленым у сэрца Германіі»). У гэтым наступленні ён быў цяжка паранены і да жніўня 1945 лячыўся ў шпіталі ў Горкім.
Быў узнагароджаны таксама медалём «За перамогу над Германіяй».У 1948 годзе паступіў у Брэсцкі фельчарска-акушэрскі тэхнікум. Пасля яго заканчэння ў 1952-м быў накіраваны на работу загадчыкам фельчарска-акушэрскага пункта. У 1954-м паступіў у Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Працаваў у Івацэвіцкай раённай бальніцы, а ў 1964 годзе пераведзены ў Пружанскую райбальніцу на пасаду намесніка галоўнага ўрача. Потым працаваў загадчыкам інфекцыйнага аддзялення бальніцы — ажно да 1992 года.
Жонка Ганна Уладзіміраўна (дзявочае прозвішча Радаман) —педагог, выкладала рускую і беларускую мовы. Самасюкі вырасцілі дзвюх дачок, якія зараз са сваімі сем‘ямі жывуць у Мінску.
Міхаіл Іванавіч быў членам Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны, у хатняй абстаноўцы размаўляў на мясцовым дыялекце роднай мовы. Па лініі маці атрымаў у спадчыну добры голас, іграў на струнных музычных інструментах. Дарэчы, яго дзядзька Мікалай Мяшэчка, які пражываў у Ружанах, спяваў у тамтэйшым царкоўным хоры. З самага пачатку ўтварэння хору ветэранаў «Чырвоны гваздзік» Міхаіл Іванавіч удзельнічаў у ім.
Ён разумеў і цаніў сяброўства і меў надзейных сяброў, быў па натуры таварыскім. Працяглае сяброўства звязвала яго з педагогамі І.Ю.Здановічам, М.З.Рачко. Разам палявалі, рыбачылі. Міхаіл Іванавіч вельмі любіў прыроду, асабліва лес (ён і вырас у лесе). Шмат чытаў. Вывучыў усю хроніку Вялікай Айчыннай вайны.
Пазней захапіўся рэлігійнай літаратурай, рыхтаваўся да ўдзелу ў царкоўным хоры — вучыў песнапенні. Не паспеў. Куля ў правым сцягне, з якою пражыў з 1945-га, пачала раскладацца, атручваючы арганізм…
Ірына СЯДОВА.

Фота з архіва цэнтральнай раённай бальніцы і сям‘і Самасюк.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *