Суббота, 17 ноября 2018

В Шерешево открыли капсулу с посланием комсомольцев 1968 года

1 099

У мінулую суботу ў Шарашэве адбылася падзея, якая мае непасрэднае дачыненне да 50-гадовай мінуўшчыны. Там, у далёкім 1968 годзе, камсамольскія актывісты заклалі “капсулу часу” са зваротам да камсамольцаў ХХІ стагоддзя. Мноства шарашэўцаў, а таксама гасцей з райцэнтра сабралася на пляцоўцы ля цэнтра культуры і вольнага часу, дзе і была закладзена капсула, каб асабіста пачуць зварот з мінулага.
На пачатку ўрачыстасці прывітальныя словы прысутным адрасавалі старшыня Шарашэўскага сельвыканкама Д. У. Чайкоўскі, а таксама сведкі закладкі паслання Я. Б. Фасевіч і У. М. Граб. Людзі з цікавасцю слухалі выступоўцаў. Нехта ўспамінаў сваю маладосць і нават змахваў слёзы з вачэй, іншыя чакалі магчымасці дакрануцца да далёкай гісторыі.
Дастаць “капсулу часу” аказалася не так проста: рабочыя патрацілі на гэта шмат часу. Але ніхто з натоўпу не разыходзіўся, людзі абмяркоўвалі магчымыя варыянты тэксту пісьма, хваляваліся, ці захаваўся сам ліст. Нарэшце “капсула”, а дакладней шкляная бутэлька карычневага колеру была перададзена Дзмітрыю Чайкоўскаму, а гонар зачытаць тэкст выпаў сакратару райкама БРСМ Аляксандру Бабігорцу. У поўнай цішыні Аляксандр Мікалаевіч чытаў кароткае пасланне з мінулага:
— Мы, камсамольцы 60-х гадоў, у дзень свайго слаўнага юбілею — 50-годдзя ВЛКСМ — рады паведаміць Вам, што, працуючы пад кіраўніцтвам нашай Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, свята шануем і прымнажаем рэвалюцыйныя, баявыя і працоўныя традыцыі сваіх старэйшых таварышаў і ўсю сваю кіпучую энергію накіроўваем на будаўніцтва камуністычнага грамадства нашай краіны.
Мы ўсе актыўна працуем ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі: на вытворчасці, у калгасе, вядзём вялікую грамадскую работу. Намі на былым балоце закладзены парк імя 50-годдзя ВЛКСМ. Шмат зроблена па добраўпарадкаванні гарадскога пасёлка Шарашова. Займаемся ў палітгуртках, вядзём вялікую выхаваўчую работу сярод жыхароў пасёлка. Актыўна ўдзельнічаем у гуртках мастацкай самадзейнасці і арганізуем культурны вольны час моладзі. Шмат увагі мы надаем выхаванню піянераў і школьнікаў. Камсамольцы працуюць піянерважатымі, кіруюць рознымі дзіцячымі гурткамі…
Магчыма, доўгае чаканне і выклікала лёгкае расчараванне. Былыя камсамольцы перашэптваліся, маўляў, яны пакідалі іншы тэкст. Некалькі жанчын нават памкнуліся паглядзець ці не засталося ў нішы яшчэ нешта. Аднак ці гэта памяць падводзіць праз 50 гадоў, ці лозунгі мінулага больш не падаюцца такімі ідэйнымі, але сведкі тых падзей падзяліліся на дзве часткі: адны сцвярджалі, што тэкст пісьма быў менавіта такім, іншыя даказвалі, што яны звярталіся да патомкаў па-іншаму.
Да будучых пакаленняў вырашылі звярнуцца і сённяшнія актывісты БРСМ. Шарашэўскія школьнікі таксама падрыхтавалі зварот да моладзі 2068 года.
Вучаніца Шарашоўскай школы Віялета Муха зачытала наступнае:
— Мы, юныя жыхары Шарашэва, любім сваю малую ра-дзіму і стараемся рабіць яе прыгажэйшай і багацейшай. Мы неабыякавыя да таго, што адбываецца навокал, як жывуць і працуюць нашы землякі. ВЛКСМ сышоў у мінулае, але на змену прыйшла грамадская арганізацыя Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Вядома, мы не такія, як нашы папярэднікі. Не лепшыя і не горшыя. Мы іншыя. Жыццё не стаіць на месцы і імкліва мяняецца. У нас шмат магчымасцей для развіцця, ёсць свабода выбару, мы можам падарожнічаць. Мы бачым прыгажосць роднага краю. Мы ведаем, што галоўны здабытак нашай малой радзімы — гэта людзі. Добрыя, бескарыслівыя, неабыякавыя, працавітыя…
Цікава, а як аднясуцца да гэтага звароту нашы нашчадкі? Хочацца спадзявацца, што ў іх будзе яшчэ больш магчымасцей для шчаслівага жыцця.
Цяпер на будынку цэнтра культуры і вольнага часу ўстаноўлена новая шыльда. Пакуль рабочыя займаліся яе ўладкаваннем, усе прысутныя былі запрошаны за так званы салодкі стол. Пасля ўсіх чакаў святочны канцэрт.
А вось як пра закладку паслання пісала газета «Зара камунізма» за 31 кастрычніка 1968 года: «Вось і Дом культуры. У сцяне яго — ніша. Адбываецца кароткачасовы мітынг, на якім Мікалай Вашкевіч зачытвае пісьмо камсамольцам 2018 года. Потым пісьмо гэтае закладваецца ў бутэлечку, якая ставіцца ў нішу. Ніша закладваецца мармуровай плітой, на якой напісана: «1918-1968 гг. 50 год ВЛКСМ. Распячатаць у 2018 годзе».
Кацярына Пашкевіч, фота аўтара.

Один комментарий

  • Андрей

    Оба послания- НИОЧЕМ ,но идеологически правильные.Почему в новом послании не восхваляется прэзидэнт,крэпкия хазяйственники и Белая Русь.

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *