Суббота, 17 ноября 2018

В День автомобилиста и дорожника автопарк №11 отметил 60-летний юбилей

362

У бягучым годзе прафесійнае свята для калектыву аўтапарка №11 асабліва незвычайнае, бо яно супала з юбілеем прадпрыемства: 60 гадоў таму была створана аўтатранспартная арганізацыя для забеспячэння перавозкі насельніцтва і грузаў прадпрыемстваў раёна.
За мінулыя гады аўтапарк перажыў нямала змен у арганізацыйным і матэрыяльна-тэхнічным плане. Самая маштабная мадэрнізацыя на прадпрыемстве прайшла на пачатку 2000-х гадоў, калі арганізацыю ўзначаліў дырэктар Анатоль Пятровіч Вакульчык.
— З першых дзён перада мной была пастаўлена задача не толькі поўнасцю замяніць рухомы састаў, але і стварыць належныя ўмовы для аказання паслуг насельніцтву і ўстановам раёна,— успамінае кіраўнік прадпрыемства.— Многія жыхары Пружаншчыны памятаюць старэнькія «ЛіАЗы», што ледзь рухаліся, або «Ікарусы», якія літаральна з’ядалі за адзін выезд бак паліва. Сёння пасажыраў абслу-гоўваюць камфартабельныя «МАЗы», у якіх больш месцаў і прасторы. Варта адзначыць і самы маштабны праект — па рэканструкцыі аўтастанцыі Пружаны.
А ў плане аказання паслуг грузавым транспартам набыты больш эканамічна выгадныя аўтамабілі. Увогуле, ад таго транспартнага аснашчэння застаўся толькі адзін аўтапагрузчык.
Нямала намаганняў прыклалі і для стварэння належных умоў працаўнікам аўтамабільнага парка: зроблены касметычны рамонт кабінетаў і дапаможных памяшканняў у адміністрацыйным будынку, пераведзена ацяпленне на прыродны газ.
— Наколькі ведаю, матэрыяльна-тэхнічнае пераўзбраенне аўтапарка працягваецца і зараз.
— Больш за тое, амаль на 80% праведзена абнаўленне рухомага саставу, якое мы пачалі ажыццяўляць 15 гадоў таму. Гэтак адбываецца з-за таго, што мы практычна штогод набываем новыя адзінкі тэхнікі — пасажырскай і грузавой. Сёлета, нягледзячы на некаторыя фінансавыя складанасці, падобная работа таксама працягваецца: з пачатку года набыты два аўтобусы «МАЗ 226» і чатыры грузавыя адзінкі — прычэп і паўпрычэп, цягач і самазвал «МАЗы». Калі дазволяць магчымасці, то ў хуткім часе плануем набыць яшчэ некалькі адзінак тэхнікі.
— Анатоль Пятровіч, напэўна, геаграфічныя асаблівасці нашага раёна таксама ствараюць свае цяжкасці ў рабоце аўтатранспартнага прадпрыемства?
— Сапраўды, калі параўноўваць Пружаншчыну з суседнімі Кобрынскім або Бярозаўскім раёнамі, то там насельніцтва больш і сама тэрыторыя кампактная, дзякуючы чаму аўтатранспартныя прадпрыемствы адчуваюць меншую нагрузку. Адпаведна, патрэбна і менш транспартных адзінак. У нас некаторыя рэйсы маюць працягласць больш за 100 кіламетраў, у дадатак з-за прыгранічнага знаходжання Пружаншчыны немагчыма закальцаваць маршруты, каб павысіць іх акупляльнасць. Усё гэта прымушае пастаянна працаваць над удасканаленнем дарожнай сеткі, шукаць магчымасці падтрымання маршрутнай сеткі на карысць насельніцтва раёна. Адзін з такіх спосабаў — работа своеасаблівага філіяла аўтапарка ў Ружанах, дзе мясцовая аўтастанцыя забяспечана трыма аўтобусамі.
— І, напэўна, гэта дае магчымасць дасягаць новых рэкордаў па перавозцы пасажыраў?
— Нягледзячы на тое, што колькасць жыхароў раёна зніжаецца, а колькасць прыватных аўтамабіляў павялічваецца, пружанцы ахвотна карыстаюцца нашымі паслугамі, аб чым сведчыць лічба росту колькасці пасажыраў з пачатку бягучага года на 104%. Калі гаварыць у абсалютных лічбах, то сёлета мы перавезлі больш за 1 мільён 300 тысяч чалавек. Для параўнання адзначу тое, што за мінулы год самая буйная транспартная кампанія нашай краіны «Белавія» перавезла 3 мільёны чалавек. Мы ж, калі падвядзём вынікі года, толькі крыху менш.
— Думаю, Вы пагодзіцеся, што практычна ўсё ў рабоце аўтапарка залежыць ад добрасумленных адносін да сваіх абавязкаў кожнага работніка прадпрыемства.
— Абсалютна так, і я, як кіраўнік, адчуваю гонар за сваіх падначаленых. Мы праводзім унутры прадпрыемства конкурсы прафесійнага майстэрства, вызначаючы тых, хто будзе прыкладам для іншых. А таксама ўдзельнічаем у такіх жа абласных выпрабаваннях, адкуль прывозім узнагароды за прызавыя месцы. З нагоды прафесійнага свята і ў сувязі з юбілеем прадпрыемства шэраг работнікаў адзначаны граматамі рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўню. Сярод найбольш выбітных адзначу М.М.Літвіновіча, А.Я.Чыжэўскага, С.В.Калюту, М.В.Чэпку, В.С.Такмакова, В.Ю.Рэчыца, Н.І.Лапанік, Т.М.Мязгу.
Прыемна, што на прадпрыемства прыходзіць моладзь: з 125 чалавек кожны сёмы — малады работнік. Ствараюцца ў нас таксама працоўныя дынастыі. Напрыклад, па слядах бацькі Міхаіла Раманавіча пайшоў яго сын С.М.Чарняк, які працуе вадзіцелем аўтобуса. А за ім да нас прыйшоў ужо ўнук — начальнік аддзела перавозак М.С.Чарняк. Зараз на заслужаным адпачынку знаходзяцца Любоў Іванаўна і Валерый Рыгоравіч Мацяш, а іх сын Дзмітрый Валер‘евіч Мацяш працягвае працоўны шлях бацькоў — у аўтапарку займае пасаду намесніка дырэктара па перавозках.

Сёлета ва ўнутраным конкурсе прафесійнага майстэрства, які праводзіўся ў аўтапарку №11, у намінацыях «Лепшыя адносіны да рухомага саставу» і «Лепшае працоўнае месца» пераможцамі былі прызнаны вадзіцелі аўтобусаў Ю.Я.Чыжэўскі, які адпрацаваў у аўтапарку больш за 30 гадоў, і яго напарнік П.А. Глушко, які працуе тут усяго паўтара года. Яны занялі адпаведна першае і другое месцы.
Галоўны інжынер А.С.Бельскі днямі быў узнагароджаны нагрудным знакам з адзнакай «Ганаровы транспартнік Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь».
У паспяховасць работы прадпрыемства значны ўклад уносяць і кадравая служба, і бухгалтарска-эканамічны аддзел, у якіх працуюць галоўны бухгалтар І.С.Пропер, намеснік С.Ф.Кавалевіч, бухгалтары І.І.Чыжэўская, В.М.Козел, сакратар Т.М.Несцярчук, спецыяліст па кадрах В.А.Ніпарка і вядучы эканаміст З.В.Дзенісевіч.
У выдатным стане ўтрымлівае свой грузавік С.В.Калюта, за што сёлета быў адзначаны нават у вобласці. Таму праверку яго тэхнікі перад выездам інжынер-дыягност С.І.Чарнышоў і начальнік станцыі У.М.Цібароўскі праводзяць хутка.
За дакладнай работай усёй транспартнай сеткі сочаць супрацоўнікі аддзела перавозак: намеснік дырэктара Д.В.Мацяш, дыспетчар грузавых перавозак Г.В.Бельская, дыспетчар пасажырскай справы І.М.Балко, начальнік аддзела перавозак М.С.Чарняк і інжынер па арганізацыі пасажырскіх перавозак В.У.Зеляняк.
Перад адпраўкай у чарговы рэйс указанні кандуктарам А.В.Вячорка і Н.І.Лапанік дае дыспетчар аўтастанцыі І.М.Рэчыц.
За выпуск спраўнай тэхнікі на лінію адказваюць аўтаслесары У.В.Гвай, С.У.Чывікаў, В.С.Такмакоў і В.В.Гурыч.й 

Алег Сідарэнка, фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *