Суббота, 17 ноября 2018

Молодые ветеринары ОАО «Агро-Колядичи»: «Молоко класса «экстра» можно получить только от здоровой коровы»

883

У сельгаспрадпрыемствах нашага раёна пабудавана шмат малочнатаварных комплексаў і фермаў з сучаснымі тэхналогіямі ўтрымання дойнага статка. Зразумела, што яны патрабуюць адпаведных кваліфікаваных кадраў заатэхнічнай і ветэрынарнай спецыяльнасцей. На жаль, не ўсе са спецыялістаў пасля неабходнай адпрацоўкі застаюцца працаваць далей. Сёння работнікі зааветэрынарнай службы застаюцца запатрабаванымі ў гаспадарках.
Штогод у ААТ «Агра-Калядзічы» на сваё першае працоўнае месца прыязджае па некалькі маладых спецыялістаў. Ветэрынарны ўрач Мікіта Блыкін у мінулым годзе закончыў акадэмію ветэрынарнай медыцыны ў Віцебску. Па размеркаванні ў таварыстве юнак працуе ўжо другі год.
— Сам я родам з гарадскога пасёлка Шуміліна, што на Віцебшчыне, — гаворыць малады чалавек. — На малой радзіме засталася толькі маці, а сястра пражывае ў Расійскай Федэрацыі.
У школе юнак праяўляў схільнасць да вывучэння біялогіі і хіміі. Напэўна, у тым ліку і гэта адыграла сваю ролю ў выбары будучай прафесіі.
У гаспадарцы малады спецыяліст замацаваны за МТФ «Калядзічы-I» і МТФ «Дабучын», але паколькі не хапае спецыялістаў ветэрынарнай службы, то даводзіцца працаваць і на іншых фермах. Дабіраецца туды Мікіта на службовым аўтамабілі, які за ім замацаваны.
Як лічыць малады спецыяліст, яму пашанцавала, што трапіў у ААТ «Агра-Калядзічы» — адну з найбольш эканамічна моцных гаспадарак не толькі раёна, але і Брэсцкай вобласці.
— Адразу, калі прыехаў на працу, атрымаў часовае жыллё, — зазначае Мікіта. — Калі б быў жанаты, то можна было б разлічваць на домік прысядзібнага тыпу.
Вольнага часу ў маладога спецыяліста няшмат. У любы час, і нават ноччу, ён гатовы выехаць па выкліку на ферму, дзе патрэбна дапамога ветэрынара. Калі ж здараецца выхадны дзень, то малады чалавек ездзіць у Пружаны. Маці праведвае прыкладна адзін раз на тры месяцы.
У верасні наступнага года ў Мікіты заканчваецца тэрмін абавязковай адпрацоўкі. Ці застанецца ён у гаспадарцы і надалей, пакажа толькі час.
Ангеліна Козак, у адрозненне ад Мікіты Блыкіна, мясцовая. Дзяўчына працуе ў гаспадарцы ветфельчарам з мая бягучага года. Закончыла яна Ваўкавыскі дзяржаўны аграрны каледж, прычым па мэтавым дагаворы з таварыствам. Пражывае Ангеліна разам з бацькамі, братам і сястрой у Калядзічах. Як і Мікіта, замацавана за МТФ «Калядзічы-I» і МТФ «Дабучын», але працаваць даводзіцца на ўсіх фермах.
Ангеліна лічыць, што прафесія ветэрынара больш мужчынская, чым жаночая, паколькі патрабуе фізічных намаганняў.
— Для нас важна не толькі лячыць хваробы ў жывёлы, але і праводзіць прафілактычную работу, — гаворыць дзяўчына. — Малако класам «экстра» можна атрымаць толькі ад абсалютна здаровай каровы.
Вольнага часу ў маладога ветфельчара не так і многа. У выхадныя дзяўчына імкнецца крыху адпачыць ад паўсядзённай працы.
Згодна з дагаворам, Ангеліне пасля заканчэння каледжа неабходна адпрацаваць у таварыстве тры гады. Пра сваю далейшую перспектыву дзяўчына пакуль не загадвае.
Як паказвае практыка, каб замацаваць кадры на вёсцы, адной годнай зарплаты цяпер недастаткова. Маладым спецыялістам патрэбна стварыць неабходныя жыллёвыя ўмовы і забяспечыць гарантаваныя выхадныя дні. Важным з’яўляецца і стварэнне на вёсцы сацыяльна-культурнай інфраструктуры, каб малады чалавек мог паўнацэнна адпачыць пасля працоўнага дня.
На здымку: ветэрынарны ўрач Мікіта Блыкін і ветэрынарны фельчар Ангеліна Козак на МТФ «Калядзічы-I».
Мікола АРХУЦІК, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *