Суббота, 17 ноября 2018

Семья Хаян из Зеленевич только три года живет в доме, а их усадьба уже в числе лучших в районе

1 056

Марына і Аляксандр Хаян сёлета аказаліся гаспадарамі аднаго з лепшых маладзёжных сельскіх падворкаў Пружаншчыны: на традыцыйным раённым конкурсе ім дасталося сімвалічнае «серабро». Сямейная пара з Зеляневіч расказала, адкуль бярэ пачатак гісторыя іх сядзібы.
Аляксандр мясцовы, з Магілёўцаў. А вось Марына апынулася на Пружаншчыне, можна сказаць, выпадкова.
Неяк дзяўчына з Астравецкага раёна прыехала сюды на вяселле да аднагрупніцы. «На Марыну адразу звярнуў увагу, але на мяне была ўскладзена адказная місія быць тамадой на ўрачыстасці. Самі разумееце, увагу ўдзяліць трэба было кожнаму госцю, — прызнаецца Аляксандр. — Таму ўсталёўваць кантакт з сяброўкай маладой давялося… праз інтэрнэт». Перапіска, званкі, рэдкія сустрэчы ўрэшце рэшт пераўтварыліся ў сур’ёзныя адносіны, якія закончыліся вяселлем. І вось ужо тры гады мінула, як Марына і Аляксандр сталі адной сям’ёй.
Аляксандр — галоўны інжынер філіяла РУП «Брэстэнерга» «Аграэнерга Зеляневічы». Марыне знайшлося месца ў сельвыканкаме: яна — вядучы спецыяліст. Гаспадарка выдзеліла маладой сям’і дом. Абжывацца тут ім было не цяжка: самі ж родам з вёскі. У імкненні да чысціні, узорнага парадку, каб і ў саміх вока радавалася, і іншыя захапляліся, Хаяны стварылі на сваёй сядзібе рукатворную прыгажосць. Стракатыя кветнікі ў палісадніку, вядома, справа рук гаспадыні. «Крокусы, петуніі, ружы, астры, цяпер вось хрызантэмы… Кветкі цвітуць з ранняй вясны да позняй восені. Іх, магчыма, не так многа, як хацелася б: усё-такі жывём у доме толькі трэці год, але ёсць чым заняцца на перспектыву», — расказвае Марына пра тое, як яны з мужам добраўпарадкоўваюць сваю сядзібу.
Да слова, у Марыны ёсць сваё захапленне — вышыўка: арыгінальныя работы ўпрыгожваюць ледзь не кожны пакой у іх новым доме.
Дарэчы, гаспадар па-свойму прыкладае руку да пераўвасаблення ўчастка. Адно з яго захапленняў — разьба па дрэве — дапамагае дадаць сядзібе непаўторнасці, вылучае яе сярод суседскіх. Напрыклад, веснічкі пры ўваходзе ў двор упрыгожвае драўляная разная паштовая скрыня ручной работы, а падворак — лаўка, садовыя арэлі… «Ідэй шмат, а вось час для іх увасаблення ў дэфіцыце: у сельскай гаспадарцы работы ад світання да змроку», — зазначае Аляксандр.
… Нягледзячы на тое, што зеляневіцкая сядзіба аказалася адной з лепшых у раёне, Хаяны не збіраюцца збаўляць абароты: запэўніваюць, што праз пару гадоў тут будзе яшчэ больш прыгожа.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *