Суббота, 17 ноября 2018

Пружанские туристы побывали в древнем городе Турове и поделились своими впечатлениями

242

Турыстычнае агенцтва «Пружаны-травел» аб’явіла паездку ў старадаўні горад Тураў. І сяброўка мяне ўгаварыла паехаць: «Ты што, не ведаеш? Там жа ёсць цудадзейныя крыжы! Яны не тое што твой радыкуліт здольны вылечыць, але і вярнуць сляпому зрок, а глухому слых…» 

І вось мы ў дарозе. Трэба было праехаць 300 кіламетраў. Прыемна скарачалі час аповеды тураператара Ганны Васільеўны Казбяровіч. Праязджаючы Пінск, Моталь, Лагішын, Мікашэвічы ды іншыя населеныя пункты, мы даведаліся нямала захапляльных легенд, гісторый і раней не вядомых асабіста мне падрабязнасцей пра гэтыя мясціны. Хто, напрыклад, ведае, што ў развалінах старажытнага касцёла ў Брашэвічах Драгічынскага раёна час ад часу збіраюцца анёлы?
Праязджаючы праз Іванава, Ганна Васільеўна нагадала нам пра знакамітага ва ўсім свеце мастака Напалеона Орду, які тут нарадзіўся. Янаўцы зрабілі вельмі правільна: рэстаўрыравалі сядзібу свайго славутага земляка, адкрылі музей яго імя. Цяпер тут рэгулярна збіраюцца мастакі і проста турысты з усяго свету.
У Моталі пачулі аповед не толькі пра фестываль «Мотальскія прысмакі», але і пра мясцовыя кажухі і бондарства. Дарэчы, мотальцы вельмі старанна захоўваюць дом, дзе нарадзіўся першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман…
Па дарозе мы захапляліся Пінскім гідралагічным запаведнікам, які вучоныя называюць лёгкімі Беларусі. Вядома, што балота ў тысячу разоў эфектыўней, чым лес, выводзіць вуглякіслы газ.Тым не менш у 80-ыя гады адным махам было асушана 64 працэнты беларускіх балот і ператворана ў каналы 89 рэк… Успамінаю сваю любімую Ясельду за вёскай Харава, дзе мы ў дзяцінстве вучыліся плаваць, лавілі рыбу, плялі вянкі з белых лілей і жоўтых гарлачыкаў… Цяпер на тым месцы цячэ канал. І ніякай прыгажосці…
У вёсачках, якія праязджалі, мы здзіўляліся велізарным па плошчы цяпліцам у агародах. На ўчастках, свабодных ад цяпліц, грэлі на сонцы свае тоўстыя бакі гарбузы. Іх было так многа, што агароды здаваліся жоўта-ружовымі. Згадзіцеся, для нашых мясцін гэта не вельмі прывычнае відовішча.
Безумоўна, сталіцу Палесся — Пінск — трэба наведваць асобна. Тут захавалася шмат старажытных будынкаў, у тым ліку палацаў. Яны суправаджалі нас на ўсім шляху праз горад. Дарэчы, у Пінску — трэцім па колькасці насельніцтва горадзе Брэсцкай вобласці (пасля Брэста і Баранавіч) — служыў першы кардынал Беларусі Казімір Свёнтак, які пачынаў сваю духоўную дзейнасць у Пружанах.

— Да Турава 40 кіламетраў, — нарэшце паведаміла экскурсавод.
Шчыра кажучы, спачатку я была крыху расчаравана, калі прыбылі на месца: драўляныя хаты, цесна, як у нашым Шарашэве, вузкія вулачкі…
— Тут намоленая стагоддзямі зямля, — быццам пачула мае супярэчлівыя думкі Ганна Васільеўна.
Хутка мы апынуліся на Барыса-Глебскіх могілках, потым у царкве Усіх Святых, пабудаванай ажно ў 1810 годзе. Адметна, што за 200 гадоў ніводнага разу царква не перабудоўвалася. Святыня перажыла Айчынную вайну з французамі і Першую сусветную вайну, савецкі атэізм і Вялікую Айчынную вайну. Царква захоўвае ікону Мікалая Цудатворцы, якая міраточыць, і два каменныя хрысціянскія крыжы, пра якія цяпер ходзіць нямала легенд і паданняў. Царква Усіх Святых і цяпер з’яўляецца цэнтрам праваслаўя, беражліва ахоўваючы карані нашай духоўнасці.  Менавіта тут, у Тураве, правёў у пустэльніцтве свае апошнія гады Кірыла Тураўскі — пісьменнік, публіцыст, паэт, царкоўна-палітычны дзеяч, вялікі майстар царкоўнага красамоўства, якога справядліва называлі «Златавустам». Сучасныя даследчыкі ўпэўнена сцвярджаюць, што на самой справе першым беларускім пісьменнікам з’яўляецца не Францыск Скарына, а менавіта Кірыла Тураўскі, які жыў у ХІІ стагодзі. А Тураўскае Евангелле 1056-1057 гадоў — гэта першая беларуская кніга. Фрагмент яе мы бачылі потым у скрыпце «Старажытны Тураў», адкрытай на Замкавай гары на месцы разбуранага землятрасаннем 1230 года каменнага храма. Дарэчы, Кірыла Тураўскі сам напісаў каля 70 твораў.
Мы паставілі свечкі ў царкве, сцены якой намолены мільёнамі вернікаў і святароў, прыклаліся да цудадзейнай іконы і каменных крыжоў на могілках і папрасілі ў іх блаславення сваім родным і ўсёй зямлі беларускай.
Асобна пра крыжы пісаць не буду. Хачу толькі зазначыць, што, па адной з легенд, той раб Іван, які вылавіў крыжы з Прыпяці (а ўсяго князь Уладзімір адправіў па рацэ з Кіева ў Тураў дзесяць крыжоў і больш як 1000 гадоў яны стаялі на беразе ўздоўж ракі), не дарэмна гаварыў нашчадкам: «Вы пра мяне забудзеце, але я вам пакажуся…» Цяпер, напэўна, у Тураў штодзень прыязджаюць дзясяткі і сотні людзей, каб пакланіцца цуда-дзейным крыжам, якія выраслі з зямлі. А ў 2009 годзе, працягваючы духоўную справу свяціцеляў Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх пад блаславеннем Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і Усяе Русі Кірылы было распачата ўзвядзенне ў Тураве Кафедральнага сабора. Цяпер ён вунь як блішчыць на сонцы сваімі залатымі купаламі!
Наведалі мы і краязнаўчы музей гэтага самага старажытнага горада на тэрыторыі ўсходне-славяскага племені дрыгавічоў.  Упершыню Тураў быў згаданы пад 980 годам у «Повести временных лет». Дарэчы, у ХІІ стагоддзі ў ім дзейнічалі 2 манастыры і 85 цэркваў. 
У скрыпце «Старажытны Тураў», дзе знаходзяцца рэшткі старажытнага гарадзішча, старадаўняя зброя і прадметы побыту (накшталт нашага Бярэсця) асабіста мяне найбольш уразіў партрэт старажытнай дрыгавічанкі. Па знойдзеных фрагментах чэрапа ў саркафагу вучоным удалося ўзнавіць яе вобраз. Так да нашага часу дайшла выява прыгажуні — візантыйскай прынцэсы Варвары, якую Уладзімір Манамах чамусьці выгнаў з Кіева…

Падобныя легенды тут на кожным кроку. Усе мы быццам на некалькі гадзін вярнуліся на 10 стагоддзяў назад. Увесь гэты час, здаецца, зверху сурова пазіраў на нас сам Кірыла Тураўскі, вобраз якога ўвасоблены ў сяміметровым помніку.
На развітанне з Туравам пружанскія турысты наведалі новы, пабудаваны ў 2009 годзе, малочны камбінат, дзе прадэгуставалі сыры мясцовай вытворчасці.
Дарога дадому была не менш цікавай, чым у Тураў. Яе разнастаілі двое нашых турыстаў: Аляксей Кісель і Ганна Літвіновіч. Яны чыталі вершы і байкі. А Аляксей Міхайлавіч расказаў на памяць усяго «Васіля Цёркіна»…
Гэта была экскурсія не проста ў Тураў. Нам пашчасціла хаця б праездам пазнаёміцца ледзь не з усім поўднем Беларусі. Вялікі дзякуй за гэта раённаму савету ветэранаў!
А словы Кірылы Тураўскага побач з яго партрэтам у скрыпце я друкаванымі літарамі выпісала ў свой блакнот: «Не ризами светлыми буди славен, но делы добрыми…»
Ганна Хадаровіч.
Фота Аляксандра Цімафеева

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *