Четверг, 29 октября 2020

В Пружанах прошел концерт, посвященный 100-летию пограничной службы

1 100

У мінулую пятніцу ў гарадскім Палацы культуры ў Пружанах адбыўся канцэрт ансамбля пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Інфармацыйна-прапагандысцкая акцыя прымеркавана да 100-годдзя ўтварэння пагранічнай службы нашай краіны. 

Да пачатку канцэртнай праграмы перад прысутнымі, якія амаль цалкам запоўнілі вялікую залу, выступіў намеснік камандзіра вайсковай часці 2187 па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні падпалкоўнік Віталь Георгіевіч Лісавенка.
Ён расказаў нашым жыхарам пра бягучы стан спраў на ўчастку адказнасці брэсцкай пагранічнай групы. У прыватнасці, Віталь Георгіевіч паведаміў, што група ахоўвае дзяржаўную мяжу працягласцю 349 кіламетраў на ўчастку з Польшчай і Украінай. Больш за палову парушэнняў пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы ў гэтым годзе адбылося падчас правядзення Чэмпіянату свету па футболе ў Расіі. Ужо сёлета спынена 7 каналаў незаконнай міграцыі нелегалаў і канфіскавана 438 кілаграмаў наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў. За супрацьпраўныя дзеянні да адказнасці было прыцягнута 8 грамадзян Пружанскага раёна.
На перспектыву будзе праводзіцца далейшае ўмацаванне дзяржаўнай мяжы на ўчастку з Украінай. 
На святочным мерапрыемстве Віталь Лісавенка ўручыў медаль «100 гадоў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь» старшыні райвыканкама Міхаілу Мікалаевічу Крэйдзічу. 

Падчас канцэртнай праграмы гледачы працяглымі апладысментамі дзякавалі за выступленні лаўрэату міжнародных песенных конкурсаў Аляксандру Савінцу, а таксама Аляксандры Марозавай, Аляксею Сокараву, Марыяне Грыневіч.

Нікога не пакінула абыякавым канцэртная п’еса для саксафона з аркестрам. Вялікую цікавасць выклікала таксама выступленне балета ансамбля пагранічнай службы, у прыватнасці, танец «Лявоніха» ў выкананні яго артыстаў.

Мікола Архуцік, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *