Суббота, 17 ноября 2018

100 лет ВЛКСМ: интервью с первым секретарем Пружанского РК ЛКСМБ Владимиром Михайловичем Грабом

345

З 1966 па 1974 год першым сакратаром Пружанскага РК ЛКСМБ быў Уладзімір Міхайлавіч Граб. Рыхтуючыся да размовы з ім, зірнула на даты і… зрабіла вывад, што ягоны апошні і мой першы год у камсамоле супадаюць. Не памятаю, праўда, хто ўручаў мне ў красавіку 1974-га камсамольскі білет.

—Выбачайце, але я не памятаю тым больш, — усміхаецца Уладзімір Міхайлавіч. — Можа быць, што і я: працаваў да жніўня 1974 года. Але на той час у раёне было 200 камсамольскіх “пярвічак”, прыкладна 16 тысяч школьнікаў, штогод мы прымалі ў свае рады каля тысячы чалавек. Адпаведна, выязджалі з раёна на вучобу і працу выпускнікі, “цякучка” была значная.

—Нядаўна чула меркаванне, нібыта людзі сталага ўзросту цяпер больш актыўныя, чым моладзь. А як было ў часы Вашага камсамольскага юнацтва?

—Я думаю, што той, хто быў няўрымслівым у маладосці, і ў старасці застаецца актыўным, нераўнадушным чалавекам. Безумоўна, варта заахвочваць імкненне пажылых людзей да грамадскай работы, цікавага адпачынку, але, у першую чаргу, сур‘ёзна працаваць трэба з моладдзю, выхоўваць грамадзянскую пазіцыю, зацікаўліваць, накіроўваць энергію на карысныя справы. Гавораць, што зараз гэта рабіць цяжэй, чым пяцьдзясят гадоў таму. Не буду параўноўваць, скажу толькі, што дзевяць гадоў, на працягу якіх кіраваў камсамолам Пружаншчыны, лічу лепшым перыядам свайго жыцця. Гэта быў наш час, і нам было цікава ў ім жыць. Мы адчувалі сябе датычнымі да вялікіх спраў і сапраўды многае зрабілі для свайго раёна.
—Камсамольская работа стала Вашай самамэтай яшчэ ў школьныя гады?
—Не, пасля заканчэння ў 1958 годзе Шарашоўскай сярэдняй школы я атрымаў у саўгасе-тэхнікуме спецыяльнасць “тэхнік-механік”. Зразумела, удзельнічаў у рабоце камітэта камсамолу і нават выбіраўся намеснікам сакратара. Паспеў папрацаваць у Галенскай школе настаўнікам працоўнага навучання, а потым быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. Пасля дзевяці месяцаў “вучэбкі” ў танкавай дывізіі мяне прызначылі інструктарам палітаддзела па камсамоле. Адукацыя ў мяне была тэхнічная, ведаў яўна не хапала, таму давялося шмат займацца. Так што з пункту гледжання самаразвіцця армія аказала неацэнную паслугу.
Пасля дэмабілізацыі ў 1965 годзе я меркаваў працаваць у тагачасным прамкамбінаце: быў шанец заняць пасаду галоўнага інжынера. Але аказалася, што ў характарыстыцы, якую накіравалі з часці ў райкам партыі, мяне рэкамендавалі на камсамольскую работу. Так я стаў вызваленым сакратаром камітэта камсамолу Пружанскага саўгаса-тэхнікума. Работу гэтую я ведаў, працаваць было нескладана. Але літаральна напярэдадні Новага года першага сакратара райкама камсамола перавялі на працу ў Мінск, у ЦК ЛКСМБ. І мне першы сакратар РК КПБ Міхаіл Рыгоравіч Кудрэйка прапанаваў заняць гэтую пасаду, прычым “прапанова” была даволі катэгарычнай: 10 мінут на роздум — і або згаджайся, або ідзі на ўсе чатыры бакі. А я ж нават раён не ведаў.
—Вы згадзіліся, зразумела, і пачалі знаёміцца з раёнам…
—І пачаў разбіраць пажарышча. У прамым сэнсе. У ноч на першага студзеня 1966 года ў двухпавярховым будынку па вуліцы Піянерскай, дзе размяшчаўся шэраг раённых службаў, у тым ліку і райкам камсамолу, здарыўся пажар. Уліковыя карткі (а было на той час у раёне каля 10 тысяч камсамольцаў) часткова абгарэлі, часткова былі сапсаваны вадой. Ад сектара ўліку не засталося амаль нічога.
Памяшканне нам выдзелілі на Чырвонаармейскай, у будынку тэхнікума, дзе цяпер завочнае аддзяленне. І давялося ў тэрміновым парадку ездзіць па ўсім раёне, у кожную камсамольскую пярвічную арганізацыю, аднаўляць уліковыя дакументы. Вось такое “знаёмства з раёнам” атрымалася.
—Гэта значыць, “пачатак слаўных спраў” адсунуўся на нейкі перыяд?
—Ненадоўга. Напрыканцы красавіка аказалася, што ў рэспубліканскай газеце “Чырвоная змена” надрукавалі інтэрв‘ю з маім папярэднікам. У ім быў прыведзены прыклад канкрэтных спраў камсамольцаў: новапабудаваны стадыён у гарадскім парку (месца старога стадыёна адвялі пад завод радыёдэталей). Але, на самай справе, стадыёна ў парку не было! Быў участак забалочанай зямлі са схілам у 10-12 градусаў.
Хто вінаваты быў у той газетнай памылцы, не ведаю, але “казку рабіць быллю” давялося нам. Райкамам партыі быў вызначаны канкрэтны тэрмін заканчэння работ: да Дня моладзі. Не без цяжкасці зрушылася справа з месца, але рабілі яе, без перабольшання, талакой, свой уклад на грамадскіх пачатках унеслі ўсе арганізацыі. Давялося задзейнічаць магутную тэхніку меліяратараў – БМУ-1: патрабавалася рабіць дрэнаж, выраўноўваць рэльеф. На ўсіх гэтых экскаватарах, скрэперах, бульдозерах працавалі, у асноўным, камсамольцы, шмат было і ручной працы, на суботнікі збіраліся школьнікі і навучэнцы тэхнікума. Спланавалі футбольнае поле, баскетбольныя, валейбольныя і гарадошныя пляцоўкі, утрамбавалі бегавую дарожку, пабудавалі лавачкі-трыбуны. А ў апошнюю ня-дзелю чэрвеня адбылося ўрачыстае адкрыццё, з усяго раёна з‘ехалася моладзь.
Такім было маё першае “баявое хрышчэнне” ў якасці арганізатара канкрэтнай камсамольскай ініцыятывы.
—Суботнікі былі неад‘емнай часткай і майго камсамольскага жыцця. Памятаю, як яшчэ школьнікамі наводзілі парадак вакол помніка-самалёта каля возера. Тады неяк не думалася, што гэтая праца — і ёсць патрыятычнае выхаванне.
—А навошта кожную справу суправаджаць лозунгамі? Менавіта з будзённых пасільных заняткаў у дзяцей і фарміруецца павага да свайго мінулага, да набыткаў бацькоў і дзедаў.
Дарэчы, такая форма героіка-патрыятычнага выхавання моладзі, як добраўпарадкаванне помнікаў, брацкіх магіл, актывізавалася менавіта ў другой палове 1960-х. У 1966 годзе была пастаўлена задача: дайсці да кожнага ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. На дамах, дзе жылі ветэраны вайны і сем‘і загінулых салдатаў, пачалі з‘яўляцца чырвоныя зорачкі. Агітбрыгады, у якія ўваходзілі члены райкама камсамолу, спарткамітэта, культработнікі, школьнікі, выязджалі па выхадных у вёскі, гутарылі з ветэранамі. Адначасова наладжвалі канцэрты, будавалі спартыўныя пляцоўкі. Гады два мы так ездзілі. Сабралі каштоўныя ўспаміны, добраўпарадкавалі шэраг воінскіх пахаванняў.
У гэты ж перыяд у Пружанах пачалі стварацца школьныя музеі патрыятычнага накірунку. Пачалося, наколькі памятаю, з таго, што пяцёра камсамольцаў школы-інтэрната знайшлі ў Шанях найцікавейшыя матэрыялы па гісторыі камсамольскага руху ў Заходняй Беларусі. М.А.Шульман, які на той час працаваў намеснікам дырэктара, кіраваў работай вучняў, дапамог сістэматызаваць знаходкі, у выніку музей заняў першае месца ў Савецкім Саюзе.
Прозвішча Шульмана шмат гадоў было, што называецца, на слыху на ўсіх узроўнях. Ён сапраўды быў нястомным “генератарам ідэй”. А вось ажыццяўляць гэтыя ідэі, карпатліва збіраць экспанаты для музеяў, весці перапіску і сустракацца з ветэранамі даводзілася ў тым ліку і камсамольцам. З лёгкай рукі Міхаіла Аркадзьевіча мы праводзілі сустрэчы з вайскоўцамі, нават — неверагодна — прывозілі ў Дом афіцэраў Сцяг Перамогі. Менавіта Шульман, будучы ў складзе ініцыятыўнай групы райкама камсамолу па ўвекавечанні памяці танкістаў, якія прынялі апошні бой каля Ружан у чэрвені 1941 года, прапанаваў насыпаць Курган Славы. Менавіта ён прыдумаў зрабіць “Алею Герояў Савецкага Саюза” каля былога будынка СШ №1 па вул. Савецкай. Памятаю, як мы праз ЦК ВЛКСМ раздабылі паўтара дзясятка пліт з белага мармуру ў метрабудаўнікоў і на маім перагружаным “Масквічы” гадзін восем “паўзлі” з Мінска. Ды ці пералічыш усе нашы агульныя справы? Мне хочацца назваць людзей, якія працавалі побач у гэтыя гады: Уладзімір Федарцоў, Мікалай Януш, Любоў Бушук, Надзея Антановіч. Разам мы былі сіла. 
—Уладзімір Міхайлавіч, у асноўным, пра ўсе гэтыя ініцыятывы ў свой час пісала наша “раёнка”, хаця разумею, што падрабязнасці маглі заставацца “за кадрам” і вартыя асобнага аповеду…
—Пра што ваша газета адназначна не пісала — гэта факельнае шэсце. І зараз лічу, што ў нас атрымалася грандыёзнае мерапрыемства.
У рамках прызыўной кампаніі восенню 1967 года ваенкам папрасіў прыдумаць для ўручэння павестак нешта новенькае, не руціннае. Мы пачалі абмяркоўваць, і ўсё той жа М.А.Шульман кажа: “А калі наладзіць факельнае шэсце?” Школы тут жа атрымалі заданне вырабіць прасцейшыя факелы з бляшанак ад кансерваў, набітых пакуллем. Вечарам сабралася каля 3000 чалавек. З запаленымі факеламі прайшлі ад Чырвонаармейскай да “кальца”, па Камуністычнай. Гэта была сапраўдная вогненная рэчка. На плошчы сабралася неверагодная колькасць пружанцаў, напэўна тысяч дзесяць. Я пачаў выступленне — і ўбачыў агонь у вачах моладзі. Вось тады зразумеў: агонь — вялізная сіла, ён настолькі гіпнатызуе людзей, што ім можна кінуць любы покліч, павесці на любую справу.
Праз два тыдні выклікалі мяне ў абкам партыі і ў вельмі нявытрыманай форме далі зразумець, што метад выхавання моладзі мы выбралі “не савецкі”. Я імкнуўся апраўдацца: маўляў, наша мерапрыемства запомніцца назаўсёды. У лепшыя памкненні паверылі, але строга папярэдзілі: каб падобнага больш не было…
—Што Вы зараз думаеце аб мэтазгоднасці падобных метадаў?
—Застаюся пры меркаванні, што любое псіхалагічнае ўздзеянне, у тым ліку і з прымяненнем агню, можна выкарыстаць і як са стваральнай, выхаваўчай, так і з дэструктыўнай мэтай. Усё залежыць ад арганізатара. Таму так важна ва ўсе часы працаваць з кадрамі, звяртаць увагу на асобы лідараў. Дарэчы, у функцыі райкама камсамолу гэта і ўваходзіла. Займаліся падборам і вучобай не толькі камсамольскага актыву, але і піянерважатых.
—Вы былі ўзнагароджаны медалямі “За працоўную доблесць” і “За працоўную адзнаку” якраз за камсамольскую работу?
—Так, і менавіта за работу па патрыятычным выхаванні. Але ж наша дзейнасць у той час была намнога шырэйшай. Напрыклад, выдача камсамольскіх пуцёвак на будоўлі краіны, арганізацыя вучобы працуючай моладзі. Нават удалося адкрыць філіял Высокаўскага СПТВ на базе саўгаса “Светлы шлях”. Патрабавалі немалых намаганняў работа ў складзе бюро райкама партыі, абавязкі дэпутата раённага Савета. Але ў той жа час гэтая дзейнасць дапамагала вырашаць многія камсамольскія пытанні.
Апошнім акордам маёй працы ў камсамоле стала паездка ў 1974 годзе на калегію Міністэрства асветы СССР. Пружанскі раён быў названы лепшым па навучальнай падрыхтоўцы працуючай моладзі і працоўным навучанні, а мне даверылі зрабіць даклад.
—З якімі пажаданнямі Вы хацелі б звярнуцца да юнакоў і дзяўчат XXI стагоддзя?
—Мае пажаданні сённяшняй моладзі былі падрыхтаваны яшчэ 50 гадоў таму і, думаю, хутка будуць агучаны. Не здзіўляйцеся, гэта так.
50-годдзе ВЛКСМ святкавалася ў 1968 годзе. Мы з гэтай нагоды правялі ўрачысты пленум райкама камсамолу, запрасілі ветэранаў камсамолу і кампартыі Заходняй Беларусі, былых сакратароў камітэта камсамолу, актывістаў з усіх куткоў раёна. І вырашылі звярнуцца да сваіх нашчадкаў. У напісанні звароту прынялі ўдзел усе члены камсамольскага бюро, а рэдагавала тэкст карэспандэнтка “Зары камунізму” Людміла Васільева. Але ў Пружанах чамусьці не знайшлі годнага месца, каб закласці капсулу. А ў Шарашове ў самым цэнтры радаваў вока прыгожы Дом культуры, побач з ім — брацкая магіла з помнікам. Падумалі, што гэта — найлепшы варыянт, і заклалі капсулу з пасланнем у адным з пілонаў будынка.
Закладку рабілі ўрачыста: сабраліся дэлегаты ўсіх камсамольскіх арганізацый раёна. Я зачытаў тэкст паслання, якое паклалі ў капсулу і замуравалі. На шыльдачцы зроблены адпаведны надпіс.
—Цырымонія ўскрыцця капсулы запланавана на 27 кастрычніка, праз тыдзень. Так што пачакаем Вашага пажадання, Уладзімір Міхайлавіч.
Гутарыла Ірына Сядова

 

НА ЗДЫМКУ: урачыстае адкрыццё гісторыка-патрыятычнага музея ў школе-інтэрнаце. Крайні справа дырэктар школы В.М.Зелянькевіч, другі справа — першы сакратар райкама ЛКСМБ У.М.Граб.

 

4 комментариев

  • Сафокл

    Факельное шествие…это у Гитлера он подсмотрел интересно?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Автор

    В своё время моему собеседнику в обкоме партии задали тот же вопрос:)
    Но традиции факельных шествий имеют гораздо более древние и глубокие корни, чем печально знаменитые шествия в фашистской Германии. Поэтому аналогий я бы не стала проводить. Наоборот, факельные шествия использовались в пионерских и комсомольских мероприятиях в СССР.
    Вы можете почитать, например, здесь:
    http://fakeoff.org/history/fakelnye-shestviya-sovetskikh-pionerov-i-komsomoltsev
    Сама принимала участие в таком шествии-акции против войны во Вьетнаме в 1972 году (но не на Пружанщине). Соглашаюсь со своим собеседником: «Застаюся пры меркаванні, што любое псіхалагічнае ўздзеянне, у тым ліку і з прымяненнем агню, можна выкарыстаць і як са стваральнай, выхаваўчай, так і з дэструктыўнай мэтай». Проблема в те времена возникла, скорее всего, из-за того, что в нашем районе такие мероприятия не были традиционными. Поэтому «первый блин» стал комом.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Сафокл

    Да у нас даже Ивана Купала не праздную лишь из-за огня…о чем тут речь..

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • Автор

    Купалу в Пружанах не празднуют, скорее, из-за воды и обилия не слишком трезвых празднователей.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *