Четверг, 12 декабря 2019

100 лет ВЛКСМ. Наш опрос: Комсомольская правда моя

695

УЛКСМ. Сёння многія маладыя людзі не змогуць нават расшыфраваць гэтую абрэвіятуру. А вось людзі старэйшага ўзросту адразу скажуць, што гаворка ідзе пра камсамол — камуністычную маладзёжную арганізацыю, 100-годдзе з моманту ўтварэння якой адзначаецца ў гэтым годзе. Не сакрэт, што для адных людзей з камсамолам звязаны самыя цёплыя ўспаміны, і яны працягваюць настальгаваць па тых часах. Для іншых камсамол — гэта перажытак мінулай эпохі…
А што з гэтай нагоды думаюць жыхары і госці нашага горада? 

Алена Уладзіміраўна:
— У камсамол, як, уласна кажучы, і ў піянеры, мяне прымалі ў ліку першых, паколькі я добра вучылася і вылучалася ўзорнымі паводзінамі. Тады практычна ўсе былі і піянерамі, і камсамольцамі. Як цяпер памятаю, для ўступлення трэба было вывучыць статут, ведаць і міжнароднае становішча, і імёны членаў палітбюро, і шмат іншага, чаго для шчаслівага жыцця і не трэба было ведаць. Аднак у той час мы проста адчувалі сябе адзінай сям’ёй, былі вельмі дружныя. Праўда, адно засмучала: былі ў нашым асяродку дзеці з сем’яў вернікаў, якія не былі камсамольцамі і ў якіх тыкалі пальцамі самыя заўзятыя актывісты. Так нельга было рабіць.

Георгій Іванавіч: 
— І ў піянерах я быў, і ў камсамоле, і ў партыі. Цяпер, калі глыбей вывучыў гісторыю, то ў мяне засталося толькі шкадаванне пра ўсё гэта. Тады ўсіх, каму споўнілася 14 гадоў і хто добра вучыўся ці быў адораны, прымалі ў УЛКСМ. Нехта з камсамолам звязаў сваю прафесійную дзейнасць, іншых камсамол пазнаёміў — і маладыя людзі стваралі на доўгія гады трывалыя сямейныя пары. Але я з вышыні пражытых гадоў магу толькі адно сказаць: нельга было ўсіх запар у камсамол прымаць. Гэта была вялікая памылка, чым камсамольскі рух сябе нават дыскрэдытаваў. Пра партыю ўвогуле лепш прамаўчу…

Вера Аляксееўна: 
— Я дзіцё пасляваеннага часу. Мае маладыя гады былі авеяны рамантыкай творчых пошукаў, энтузіязмам стваральнай працы і імкненнем будаваць сучаснасць і будучыню з усёй краінай. Гэта была пара надзей і здзяйсненняў, упартай працы і юнацкай радасці. Пачуццё калектывізму з лепшымі прадстаўнікамі моладзі выклікала гонар і развівала пачуццё адказнасці за свае ўчынкі. Не ведаю, як было потым, але ў наш час у камсамол выбіралі толькі лепшых з лепшых. Мы ездзілі ў аблвыканкам і ва ўрачыстай абстаноўцы атрымлівалі членскія білеты і значкі. Мы, камсамольцы, павінны былі служыць прыкладам для іншых. У нас былі падшэфныя піянерскія класы. Мы дапамагалі тым, хто адставаў у вучобе, агітавалі школьнікаў збіраць металалом. Акрамя таго, для нас арганізоўвалася мноства культурна-масавых, спартыўных, адукацыйных і патрыятычных мерапрыемстваў. Я адчувала сапраўднае задавальненне ад такога згуртавання з людзьмі.

Яўгенія Аляксееўна: 
— Калі я вучылася ў школе, то ў той, “польскі”, час не было ніякіх падобных арганізацый. Мы хадзілі ў касцёл і верылі толькі ў Бога, а не ў нейкіх лідараў і іх ідэалы. А вось мае дзеці ўсё гэта спазналі. Праўда, калі яны прыйшлі са школы дадому і сказалі, што ўступаюць у піянерскую арганізацыю, я не супрацівілася. Сказалі: «Трэба» — значыць, трэба. Дзеці з гонарам насілі і гальштукі, і значкі, і … крыжыкі. Яны паверылі людзям, якія расказвалі пра прыгожыя ідэалы і прадракалі шчаслівую будучыню. А тыя потым прыйшлі і наш касцёл закрылі… Нават крыжыка не было дзе купіць.

Алена Пятроўна: 
— Што для мяне значыць камсамол? Гэта — маладосць, кіпучая дзейнасць і насычанае значнымі падзеямі жыццё. Я ўмела працаваць і хацела будаваць з усімі новую шчаслівую краіну. Потым яшчэ на агранома вывучылася. Тады ў мяне быў запал і жаданне зрабіць нешта добрае і карыснае ў гэтым жыцці. Я, можна сказаць, хварэла працай і старалася дзеля агульнага дабра. У камсамоле нас вучылі толькі добраму. Мы не імкнуліся патрапіць на старонкі газет, не чакалі ўзнагарод і падзяк. Проста дружна і сумленна жылі.

Іван Міхайлавіч: 
— У камсамол я ўступаў, здаючы для гэтага своеасаблівы экзамен у райкаме камсамолу. Камсамолец — тады гучала горда. Крыўдна было тым хлопцам і дзяўчатам, якіх не прымалі ў камсамол з прычыны таго, што яны на нейкія пытанні не маглі адказаць. У цэлым, у камсамоле было даволі цікава. Мы мелі асаблівую грамадскую нагрузку. Час прайшоў, і, нягледзячы на тое, што зараз з’явілася шмат супярэчлівай інфармацыі пра камсамол, пра тыя гады я ўспамінаю як светлы перыяд жыцця. У нас быў згуртаваны калектыў, з якім і праца ладзілася. У камсамоле набываўся першы вопыт грамадскай дзейнасці: то на бульбу ездзілі, то дрэвы ў садзе бялілі, то збіралі актыўна металалом або макулатуру. Шчаслівы быў час, час рамантыкі, калі ўсё яшчэ было наперадзе, і нас перапаўняла жаданне перавярнуць гэты свет і зрабіць яго лепшым. Камсамольскі білет, дарэчы, захоўваю да гэтага часу.

Мікалай Макаравіч: 
— Камсамол — гэта малодшы брат партыі. Людзі, якія добра вучыліся, старанна працавалі, сапраўды, атрымлівалі такі прывілей, як уступленне ў камсамольскія, а потым — у партыйныя рады. І падыходзілі да гэтага з вялікай адказнасцю. Кандыдату трэба было вывучыць статут арганізацыі і маральны кодэкс будаўніка камунізму, ведаць гісторыю сваёй краіны і горада. Памятаю, калі лідар партарганізацыі запрасіў мяне, на той момант ужо камсамольца, у партыю, я адказаў: «Яшчэ малако на вуснах не абсохла». Я сапраўды верыў, што і ў камсамол, і ў партыю ідуць больш загартаваныя людзі, і ідуць не проста так, а па нейкім натхненні. Аднак, паколькі Савецкі Саюз разваліўся, значыць, камсамольскія і партыйныя кадры былі не на вышыні. Шмат было і сярод іх сумніўных элементаў. На словах казалі адно, а на справе ўсё было па-іншаму. Ідэі аказаліся прыгожымі толькі на паперы.

Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча

2 комментариев

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *