Суббота, 17 ноября 2018

В канун праздника известные в районе люди рассказали о своих мамах

701

Быць мамай — бадай, самая адказная і складаная місія, якая ёсць у жанчыны на зямлі. Мама вучыць нас быць мудрымі, дае парады, клапоціцца, стараецца засцерагчы ад нягод, як толькі можа. Матчына любоў грэе нас да старасці. Такой самаадданасцю, бязмежнай любоўю, бескарыслівасцю мама заслугоўвае, каб і дзеці аддалі ёй належнае. Таму невыпадкова вось ужо больш за дваццаць гадоў як у нашай краіне прынята 14 кастрычніка, якраз у вялікае праваслаўнае свята Пакрова, адрасаваць свае віншаванні і ўдзячнасць мамам.
Поспехі і дасягненні дзяцей — мама і да гэтага таксама мае дачыненне. Таму, калі напярэдадні Дня маці давялося сустрэцца з вядомымі ў нашым раёне людзьмі, гаворка пайшла пра іх матуль. І, напэўна, нішто не здольна так сагрэць мацярынскую душу, як добрае, ласкавае, цёплае слова, сказанае дачкой ці сынам…

Бывае крышачку балюча на душы, калі пад’язджаю да роднай вёскі Галоўчыцы. Балюча ад таго, што вёска адлічвае свае гады, усё больш пусцее. Дзясяткі дамоў сіратліва чакаюць сваіх гаспадароў, якія ўжо ніколі не змогуць шчыраваць на роднай сядзібе, сустракаць дзяцей, унукаў, праўнукаў.
Настрой мяняецца, калі бачу бацькоўскую хату, дагледжаны палісаднік і мноства кветак: мае любімыя цюльпаны, пазней півоні, ірысы, вяргіні, астры… І гэта ўсё — плён працавітых рук маёй мамачкі. А яшчэ святлей становіцца на душы, калі на парозе сустракае дарагі і родны чалавек са словамі: «Мой сынок прыехаў». Усё жыццё чую толькі зварот «сынок». Менавіта ён мяне сагравае, надае сіл і ў душы прымушае адчуваць сябе крышку маладзейшым. Я люблю бываць дома. Люблю, бо ведаю, што мяне сустрэне мая мама, самая добрая, самая мілая і светлая мама на зямлі.
У маёй матулі Ірыны Іосіфаўны Кудравец залатое сэрца і вялікая душа. Яна атуляе клопатам і ўвагай не толькі сваіх родных, але ўжо і нешматлікіх аднавяскоўцаў. Іншы раз называю яе сястрой міласэрнасці. Па просьбе такіх жа бабуль, як сама, яна купіць у аўталаўцы прадукты і прынясе ім дамоў, памерае артэрыяльны ціск, пасвенціць велікодныя яйкі ў царкве і закажа малебен.
Нават за кіламетры адлегласці па тэлефоннай размове яна адчувае маю радасць і часовае засмучэнне. З радасцю прымае тэлефанаванні ад свайго ўнука.
Дарагая матулечка, напярэдадні Дня маці жадаю доўгія гады заставацца такой актыўнай, здаровай, няхай будзе над Вамі бязвоблачным і сінім неба. Дзякуй, мая мілая мама, вялікі дзякуй за ласку, за любоў і пяшчоту, за залатое сэрца, за нястомныя рукі. Няхай агеньчык жыцця гарыць у нашай хаце. Не трэба баяцца ўзросту, на парозе толькі 80, а яшчэ крочыць і крочыць па жыцці…
Мікалай Кудравец, старшыня раённага Савета дэпутатаў.

Ёсць на Пружаншчыне, непадалёку ад Белавежскай пушчы, вёсачка пад назвай Аляксандраўка. У 1954 годзе там і нарадзілася мая мама — Алена Андрэеўна Ганько, мой самы дарагі на свеце чалавек.
Яна нарадзілася ў сям’і, дзе выхоўвалася яшчэ двое дзяцей: сястра Ніна і брат Лявонцій. З самага дзяцінства даводзілася дапамагаць бацькам па гаспадарцы, а яна была немалой. У школу хадзіла праз лес у суседнюю вёску, што знаходзілася за некалькі кіламетраў.
Калі закончыла школу, мама адразу ж пачала сама зарабляць на хлеб: прыехала ў Пружаны ды так тут і засталася. Тут сустрэла свой лёс — Радзівона Васільевіча Гадуйку. Тут нарадзіліся і я з братам Віталіем.
Мама завочна атрымала дыплом з адзнакай у тады яшчэ Пружанскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. І больш за трыццаць гадоў свайго жыцця прысвяціла рабоце адміністратара ў гасцініцы «Мухавец».
Сёння мама багатая на ўнукаў: у яе іх чацвёра. Колькі сябе памятаю, матуля заўсёды ахутвала нас любоўю, цеплынёй, клопатам. Калі патрэбна падтрымка, дапамога, мудрая парада, я ведаю, што магу атрымаць іх ад мамы ў любы момант. Здаецца, яе рукі ніколі не ведаюць стомы. Нават цяпер, калі ў нас ужо свае сем’і, а ўнукі выраслі і не патрабуюць шмат увагі ад бабулі, калі самы час пажыць для сябе, мама не перастае шчыраваць. Ці то агарод, ці то сад, ці то хата — паўсюль у яе парадак. Матуля вельмі любіць кветкі, таму яе сядзіба з ранняй вясны да позняй восені патанае ў стракатых фарбах прыроднай прыгажосці.
Любімая, дарагая матулечка! Дзякуй табе за тое, што падарыла жыццё, выгадавала, выхавала, за тое, што, не шкадуючы сябе, заўсёды спяшаешся на дапамогу. Дзякуй за твае залатыя рукі, мудрасць і падтрымку. Ад усяго сэрца жадаю табе моцнага здароўя, цеплыні, утульнасці. І няхай твае вочы заўсёды свецяцца ад радасці і любові. Дзякуй, матулечка, за тое, што ты ў мяне ёсць!

Наталля Цібароўская, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама.

Мая мама, Рэгіна Іванаўна Каробка, нарадзілася ў вёсцы Прыкалесь чацвёртага жніўня 1946 года.
За школьную парту яна села ў шэсць гадоў — на год раней, чым тады можна было. Бабуля ледзь угаварыла настаўнікаў Роўбіцкай школы, каб яе ўзялі вучыцца, не зважаючы на ўзрост. І літаральна праз месяц яна ўжо ўваходзіла ў лік лепшых вучняў школы. Яна першая са свайго класа стала студэнткай ВНУ: паступіла ў Брэсцкі педінстытут на матэматыка.
Маміна педагагічная дзейнасць пачалася ў 1967 годзе ў Носкаўскай школе. Доўгі час — з 1969 па 1990 год — яна працавала ў СШ №4. З моманту адкрыцця СШ №5 і да 2006 года выкладала матэматыку там.
Мама і настаўніцтва заўсёды былі непадзельныя: стаць педагогам яна марыла з дзяцінства. Мама ўвасобіла сваю мару ў жыццё і адпрацавала на ніве адукацыі 39 гадоў.
Чаму не перастаю здзіўляцца і сёння, дык гэта таму, як удала яна сумяшчала настаўніцтва, апеку над сваімі вучнямі з хатнімі справамі, заўсёды застаючыся цудоўнай, клапатлівай жонкай, мамай і бабуляй. З дзяцінства яна вучыла нас з сястрой парадку, адказнасці за свае ўчынкі, выхоўвала пачуцці спагады, шчырасці, справядлівасці, любові да навакольных.
Гэта найперш маміна заслуга, што я пайшоў па яе слядах і стаў настаўнікам, а сястра — добрым урачом. Працуючы побач з мамай, заўсёды адчуваў падтрымку і… двайную адказнасць.
Сёння разам з іншымі ветэранамі педагагічнай працы яна часта бывае ў школе. А настаўніцкія клопаты цяпер кампенсуе дачнымі справамі, чытаннем «раёнкі» і «Сябра пенсіянера».
Дарагая і любімая мама, уся наша вялікая сям’я віншуе цябе з Днём маці. Мы заўсёды адчуваем твой матчын клопат, за што вельмі ўдзячныя. Мы таксама будзем з табой побач. Жадаем табе доўгіх гадоў жыцця, моцнага здароўя. Няхай твая любоў да жыцця ніколі не згасае.
Іван Каробка, дырэктар СШ №5.

Мама.
Колькі ў чатырох літарах дабрыні, любові і клопату. Яна дорыць жыццё — самае вялікае шчасце, а разам з тым — і магчымасць пазнаць цудоўны зямны свет. Мама заўсёды прыйдзе на дапамогу, не думаючы пра сябе, пра адпачынак, забыўшыся пра стомленасць. Яна заўсёды ў руху, смачна гатуе, пастаянна штосьці прыбірае… Адным словам, мама вартуе сямейнае шчасце і стварае дамашнюю ўтульнасць. А колькі радасці ў вачах мамы, калі яна чуе пра поспехі сваіх дзяцей! Нават калі ты не побач, яна здольная перадаць сваю энергію абароны і дабра… Такая мая любімая матулечка Марыя Канстанцінаўна Панімаш.
Мама ў дзяцінстве не была распешчаная: расла ў сям’і, дзе выхоўвалася сямёра дзяцей. Яна — самая малодшая — позняе, але любімае дзіця (дзядулі было 57, а бабулі — 45 гадоў, калі ў іх нарадзілася мая мама). Натуральна, мама вельмі рана засталася без бацькоў і ёй давялося самастойна вызначаць формулу сямейнага дабрабыту — без бацькоўскіх наказаў, парад. Мне здаецца, у яе гэта атрымалася, нягледзячы ні на што. Разам з маім татам яны выгадавалі траіх дзяцей, у якіх выхавалі лепшыя чалавечыя якасці. Мама заўсёды па-справядліваму ацэньвала нашы ўчынкі, паводзіны: калі трэба — абараняла, а калі заслугоўвалі, магла і пакараць.
Я шчаслівы чалавек, бо ў мяне ёсць магчымасць спяшацца ў бацькоўскую хату, што знаходзіцца ў роднай вёсачцы Бакуны-ІІ. Там мяне з нецярпеннем чакае і гасцінна сустракае мама, якая шчыра радуецца кожнаму майму прыезду. І прыемна, што на прыпечку заўсёды стаяць мае любімыя зацірка і бабка.
Няхай Святая Багародзіца абараняе ўсіх матуль ад нягод і ахінае покрывам любові іх родных дзяцей. Бо пакуль жывая мама — жывая і бацькоўская хата.
Канстанцін Панімаш, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Усе мы родам з дзяцінства. Дзяцінства — гэта самы галоўны падмурак для далейшага станаўлення чалавека. Менавіта ў дзяцінства сёння мяне вядуць самыя светлыя і радасныя ўспаміны. Усё гэта заслуга маёй мамачкі — Валянціны Рыгораўны Пашко.
Павінна зазначыць, маё дзяцінства было шчаслівым. Хаця бацькі і трымалі вялікую гаспадарку, я не была фізічна перагружана, чаго не скажаш пра маму…
Матуля нарадзілася ў шматдзетнай сям’і, была другім дзіцём у бацькоў. Дзякуючы працавітасці ў сям’і заўсёды быў дастатак.
Мама працавала афіцыянткай у афіцэрскай сталоўцы ў ракетнай вайсковай часці, якая некалі базіравалася на Ружаншчыне. Заўсёды сумавалі з братам, пакуль мамы не было дома, а вечарам беглі да шашы, што побач з Байкамі, сустракаць яе з работы.
Бадай, маё дзяцінства — у самых яркіх успамінах: гэта вялікая сям’я, поўная хата гасцей і заўсёды хлебасольная гаспадыня-матулечка. У гады існавання Савецкага Саюза лёс нярэдка закідваў людзей далёка ад малой радзімы. Так атрымалася і з мамінымі братамі-сёстрамі: хто апынуўся ў Санкт-Пецярбургу, хто ў Маскве. Не зважаючы на адлегласць, мама заўсёды старалася дапамагчы ім, чым магла: адпраўляла пасылкі, перадачы з вясковымі пачастункамі. Ды і сёння яна не перастае дзяліцца з роднымі тым, што мае. Заўсёды са шчырай радасцю чакае іх у госці. Таму для нас, дзяцей і ўнукаў, яна з’яўляецца яшчэ і прыкладам дабрыні і гасціннасці.
…Малая радзіма — гэта месца, дзе мы нарадзіліся і выраслі, дзе песціліся ў матчынай любові і пяшчоце, дзе ў дзяцінстве чулі маміны песні, гэта месца, дзе асабліва салодка спіцца. Гэта месца, дзе б’ецца матчына сэрца. Хочацца пажадаць не толькі сваёй, але і іншым мамам, каб яны жылі як мага даўжэй. Каб мы заўсёды маглі сагравацца цяплом матулінага сэрца, кожны ўдар якога — гэта прызнанне ў любові сваім дзецям.
Аксана Манчык, старшыня Ружанскага сельвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *