Вторник, 11 декабря 2018

Спортивные надежды СШ №5

1 109

Тое, што гэтыя дзеці будуць падаваць вялікія надзеі ў спорце, стала зразумела яшчэ тады, калі яны наведвалі дзіцячы садок. Яна, Глеб і Алег раслі не проста няўрымслівымі, а гіперактыўнымі дзецьмі. Яны ва ўсіх гульнях праяўлялі свае лідарскія якасці і шчыра імкнуліся перамагчы. Бацькам раілі аддаць дзяцей у спартыўныя секцыі, каб накіраваць іх энергію ў патрэбнае рэчышча.
— Прынцып «чым раней, тым лепш» спрацаваў на «ўра», — кажа настаўнік фізічнай культуры СШ №5 Андрэй Міхайлавіч Грыцук, падапечныя якога ўжо заявілі пра сябе на розных турнірах.
Напрыклад, вучаніца 6 класа СШ №5 і выхаванка спартыўнай школы г.Пружаны Яна Руц дасягнула ўжо вельмі добрых вынікаў у валейболе і кіданні ядра. У мінулым навучальным годзе дзяўчынка прымала актыўны ўдзел у раённых спартыўных спаборніцтвах, дзе заняла прызавое месца ў кіданні ядра і ўвайшла ў дзясятку лепшых лёгкаатлетаў раёна. Абласныя спаборніцтвы (і не толькі!) у яе яшчэ наперадзе.
— Я маю сур’ёзны намер звязаць сваё жыццё са спортам. Раз у мяне атрымліваецца кідаць ядро, то і буду развівацца ў гэтым кірунку, раўняючыся на свайго куміра — бронзавую прызёрку Алімпійскіх гульняў 2008 года, чэмпіёнку свету і Еўропы Надзею Астапчук, — дзеліцца сваімі планамі Яна Руц.
Прызнацца, вельмі прыемна, што, акрамя фізкультуры, любімым сваім прадметам гэтая дзяўчынка лічыць беларускую мову.
— Гэтую любоў да роднай мовы, такой мяккай і меладычнай, мне прывіла мая бабуля. Мы з ёй дома заўсёды стараемся размаўляць па-беларуску. Хацелася б, каб наша мова часцей гучала і на вуліцах, — зазначае дзяўчынка.

Не менш грандыёзныя планы і ў вучняў 7 класа СШ №5 Глеба Сударыкава і Алега Панамарэнкі. Гэтыя лёгкаатлеты ўваходзяць у зборную школы па футболе і дамагліся ўжо немалых поспехаў на прэстыжных спаборніцтвах.
Акрамя футбола, Глеб Сударыкаў усур’ёз захапляецца таэквандо пад кіраўніцтвам трэнера Віталія Ігаравіча Мадзя-ліцы. Нядаўна на рэспубліканскім турніры ў Гродне хлопчык заняў трэцяе месца, а пазней у Віцебску стаў пятым сярод 27 спартсменаў з усёй краіны.
— Мае бацькі, якія таксама любяць спорт (гуляюць у валейбол), заўсёды падавалі добры прыклад таго, як трэба ісці да сваёй мэты, — расказвае Глеб. — Сёння я з вялікім задавальненнем прымаю ўдзел у розных спаборніцтвах. А кім больш хачу стаць — абаронцам Айчыны альбо ўсё ж такі футбалістам, — пакуль не вызначыўся.
Слава Крышціяну Раналду не дае спакойна заснуць і Алегу Панамарэнку.
— І не толькі Раналду! Я яшчэ і хакеем захапляюся і хачу быць падобным на лепшага хакеіста свету — знакамітага Сідні Кросбі, — падключаецца да размовы Алег. — Я прывык быць лідарам і ніколі не падводжу хлопцаў. Нядаўна ў складзе бярозаўскай каманды (наша, на жаль, распалася) я ездзіў на спаборніцтвы ў Мінск. Нядрэнна выступілі, нас яшчэ па тэлевізары паказвалі.
Да слова, у мінулым навучальным годзе на адных з рэспубліканскіх спаборніцтваў хлопчык заняў 1 месца ў бегу на 30 метраў. А ў раённых спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы Алег увогуле рэгулярна займае прызавыя месцы ў сваёй узроставай катэгорыі.
— Алег настолькі настойлівы і мэтанакіраваны, што, мне здаецца, здольны дамагчыся поспехаў у любым відзе спорту, — запэўнівае школьны настаўнік Андрэй Грыцук.
Алена Зялевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *