Вторник, 23 октября 2018

Ко Дню учителя мы подготовили репортаж со школы, в которой всего 15 учеников

845

Пачатак свайго існавання Лыскаўская школа адносіць да сівой даўніны: у 1715
годзе ў гэтай вёсцы з’явілася ўстанова для навучання мясцовых дзяцей. Хаця дзеля справядлівасці варта дадаць, што першую школу адкрылі тут пры мясцовым манастыры базыльян, аднак атаясамліваць яе з сучаснымі ўстановамі няправільна. Таму лыскаўскія настаўнікі часцей арыентуюцца на іншую дату — 1965 год, калі быў пабудаваны цяперашні школьны будынак.

Ідзе ўрок гісторыі настаўніка А.С.Папко.

— Тады школа называлася «растучай», бо самымі старэйшымі вучнямі былі васьмікласнікі,— расказвае настаўнік гісторыі, даследчык легендаў і паданняў роднага краю А.С. Папко.— Праз год школа стала дзевяцігодкай, потым — сярэдняй.
Яшчэ ў тыя далёкія цяпер гады вучнёўскія класы ў Лыскаўскай школе былі літаральна перапоўнены, а ў асобныя гады колькасць дзяцей, што вучыліся тут, дасягала амаль 500 чалавек.
— У 1989 годзе, калі я прыйшоў працаваць у Лыскаўскую сярэднюю школу, тут вучылася 140 дзяцей,— успамінае Аляксандр Сцяпанавіч.
Менавіта дэмаграфічная праблема і заклапочвае цяпер мясцовых педагогаў: мінула амаль 30 гадоў — і сёння ў школу ходзіць толькі 15 дзяцей… У бягучым годзе Лыскаўская СШ зноў змяніла свой статус: яе перавялі ў катэгорыю базавай, аб’яднанай з дзіцячым садком, бо адкрываць старэйшыя класы з-за адсутнасці вучняў сэнсу няма.
Як расказвае дырэктар школы С.В.Жук, сёлета не адкрылі і першы клас, у які павінен быў пайсці толькі адзін вясковы вучань. Было вырашана накіраваць яго ў Магілявецкую СШ.

Чарговы школьны дзень з усмешкай сустракае дырэктар Лыскаўскай школы С.В.Жук.

— У наступным годзе, а потым яшчэ праз год сітуацыя паўторыцца,— сумуе Святлана Васільеўна. Гэтая жанчына, да слова, заняла пасаду школьнага дырэктара пяць гадоў таму, сама родам з Лыскава, заканчвала мясцовую школу і марыла ўсё жыццё адпрацаваць тут педагогам. Але, мяркуючы па аб’ектыўных прычынах, наўрад ці мара здзейсніцца.

Чаму так адбываецца?
Нярэдка даводзілася чуць пра тое, што самая горшая памылка — закрываць вясковыя школы для аптымізацыі навучальнага працэсу. Падчас наведвання Лыскаўскай школы-сада мы пераканаліся самі, што іншага выйсця няма.
— Дзяржава прыклала практычна ўсе магчымыя намаганні, каб арганізаваць тут вучэбны працэс на самым высокім узроўні,— праводзіць экскурсію па школе яе дырэктар.— У нас быў зроблены капітальны рамонт і калідоры, класы, іншыя дапаможныя памяшканні набылі сучасны выгляд. У нас ёсць неблагі камп’ютарны клас, набыты неабходны спартінвентар, электронна-метадычнае аснашчэнне. Праўда, сталоўка размешчана ў старэнькім будынку, але, дзякуючы майстэрству нашага повара, дзеці заўсёды атрымліваюць карыснае і смачнае харчаванне. Словам, выканана ўсё, каб мы маглі паспяхова вучыць дзяцей, але ж толькі іх так мала і, хутчэй за ўсё, больш не будзе…

За амаль 30 гадоў работы поварам М.С.Пархута згатавала не адну тысячу абедаў для лыскаўскіх школьнікаў.

Гэта відавочна і па колькасці выхаванцаў дзіцячага садка, дзе ўсяго толькі адна група з васьмі малых. На сённяшні дзень 13 лыскаўскіх выкладчыкаў навучаюць 15 дзяцей. Вядома, чым менш у школе класаў, тым меншая і нагрузка на настаўніка, адпаведна, і яго заработная плата, якая ў такім выпадку бу-дзе вельмі далёкай ад сярэдняй па раёне і краіне.Гэта таксама сумная, але аб’ектыўная прычына таго, чаму настаўнікі не бачаць перспектыў у вясковай школе. Хаця сёння ўстанове адукацыі ёсць чым пахваліцца.

Вясковая школа — надзейная кузня будучых грамадзян
У пацвярджэнне гэтаму варта толькі пералічыць выпускнікоў Лыскаўскай школы, сярод якіх намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Радзіма» А.М. Данілік, тры работнікі выратавальнай службы — Д.Ю. Аўдзейчык, В.В. Прасняк, Я.П. Якаўчук, афіцэр нацыянальных Узброеных Сіл В.А.Шыбайла, ляснічы Лыскаўскага лясніцтва Я.У.Стасюкевіч і яго намеснік П.А.Здановіч, супрацоўнік крымінальнага вышуку Ю.І.Стасюкевіч, педагог з вялікім стажам і намеснік дырэктара Бакунскай школы М.У.Стасюкевіч і нават дзіцячы ўрач В.С.Прасняк. Многія з тых, хто атрымаў пуцёўку ў жыццё за партамі вясковай школы, сёння працуюць у Брэсце і ў іншых гарадах — займаюць ганаровыя пасады і прыносяць карысць сваёй дзяржаве.
—Штогод да нас прыязджаюць выпускнікі 20, 30 і 40-гадовай даўнасці,— расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай часці Г.М.Папко.— Прыемна сустракаць іх, бо гэта — пасеяныя намі «зярняткі», якія далі вельмі добры «ўраджай».

У камп’ютарным класе, як гаворыць настаўніца матэматыкі і інфарматыкі Н.В.Якаўчук, дзяцей менш, чым машын.

Педагогі Лыскаўскай школы ўпэўнены: сярод вучняў, што зараз асвойваюць «граніт» школьнай навукі, таксама нямала тых, чые прозвішчы мы пачуем у будучым. Гэта відавочна па сённяшніх дасягненнях дзяцей. Напрыклад, у раённым этапе творчага конкурсу «Мая будучыня — бяспека маіх бацькоў» вучаніца 4 класа Дамініка Савіна атрымала дыплом трэцяй ступені. Іншыя прымалі актыўны ўдзел у конкурсах «Энергамарафон», «Вясёлкавы калейдаскоп», «Калядная зорка», «Шчасце жыць у роднай краіне», «Пасябруй са спортам», «Брэсцкая крэпасць — сімвал мужнасці і славы». Шасцёра школьнікаў за ўдзел у конкурсе дзіцячага малюнка «Прыгажосць Божага свету» атрымалі пісьмы падзякі ад архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага. Шасцікласнік Вадзім Раманчук стаў пераможцам раённага этапу конкурсу «Выратавальнікі вачыма дзяцей» у намінацыі «Верш».

Выхаванцы дзіцячага садка ў Лыскаве яшчэ толькі пазнаюць свет на дзіцячых казках і вершах. З дапамогай сваёй выхавальніцы Л.У.Аўдзейчык малыя вучацца адрозніваць добрае ад дрэннага, асвойваюць правілы жыцця ў грамадстве. І праходзяць вельмі важную навуку — падрыхтоўку да вучобы ў школе, каб потым атрымліваць толькі выдатныя адзнакі, радуючы і бацькоў, і
настаўнікаў.

Заяўляюць пра сябе дзеці з Лыскава і на абласным узроўні, дзе адзінаццацікласнік Максім Міхайлоўскі стаў прызёрам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Дарогамі памяці» і быў узнагароджаны дыпломам другой ступені.
Варта адзначыць і той факт, што выкладанне прадметаў у Лыскаўскай школе вядзецца на роднай мове.

У рамках адукацыйнай дзейнасці ў Лыскаўскай школе добра наладжана і спартыўная падрыхтоўка вучняў. Дзякуючы гэтаму, у многіх раённых спаборніцтвах прымаюць удзел мясцовыя школьнікі. І не проста для таго, каб «адзначыцца»: напрыклад, вучань 9 класа Сяргей Жук толькі за мінулы год заваяваў тры граматы за спартыўныя дасягненні. А ў дадатак ён жа заняў трэцяе месца ў раённым этапе рэспубліканскага конкурсу даследчых работ «Тапаніміка роднага краю».
Як расказвае Галіна Міхайлаўна, вучыць дзяцей з вёскі — пачэсная і вельмі цікавая праца. Гэтыя вучні больш адкрытыя для новых ведаў, вераць кожнаму слову свайго настаўніка і проста «ўсмоктваюць» веды, якія ім перадаюць педагогі. Магчыма, таму большасць знакамітых людзей нашай краіны — выпускнікі вясковых школ.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *