Вторник, 23 октября 2018

Уроженец Ружан Владимир Довыденко стал лучшим стрелком-зенитчиком Армейских международных игр

1 223

У «Армейскіх міжнародных гульнях» — комплексным міжнародным спаборніцтве паміж падраздзяленнямі Узброеных Сіл дзяржаў-удзельніц гульняў — беларуская каманда традыцыйна прымала ўдзел і сёлета. У гэтым годзе сярод удзельнікаў конкурсу «Чыстае неба», які праводзіўся на тэрыторыі Кітая, апынуўся і наш зямляк — ураджэнец Ружан Уладзімір Давыдзенка.
Валодзя з малых гадоў быў спартыўным хлопцам: паспяхова выступаў за школьную валейбольную каманду, гуляў у футбол. Заўзятым аматарам разнастайных спаборніцтваў застаўся і дагэтуль. Прычым не проста ўдзельнічае — перамагае: на сённяшні дзень ужо можа пахваліцца дзясяткам разнастайных дыпломаў, грамат і медалёў. Але «Чыстае неба» аказалася, бадай, самым адказным і складаным у яго паслужным спісе: усё-такі адстойваў гонар краіны.
Шчаслівая выпадковасць, лёс… Называйце, як хочаце: Уладзімір Давы-дзенка павінен быў стаць будаўніком, але пасля заканчэння Навагрудскага каледжа праз год адпрацоўкі па спецыяльнасці быў прызваны на тэрміновую вайсковую службу ў адну з гродзенскіх часцей, дзе і застаўся служыць на кантрактнай аснове. Хлопец абараняў гонар вайсковай часці падчас спартыўных мерапрыемстваў, а неўзабаве трапіў у лік кандыдатаў на ўдзел у «Армейскіх міжнародных гульнях». Падчас сур’ёзнага адбору паказаў выдатную падрыхтоўку і летась упершыню апынуўся ў Кітаі. Праўда, тады ўвайшоў у склад запаснога разліку, а сёлета — ужо ў асноўны склад каманды.

— Мы правялі ў Кітаі 25 дзён, — расказвае Уладзімір. — Тры з іх занялі спаборніцтвы. Увесь астатні час ішлі напружаныя, узмоцненыя трэніроўкі, замацоўваліся навыкі работы з кітайскім узбраеннем і ваеннай тэхнікай. Без перабольшання, ускладняў сітуацыю нязвыклы для нас сухі клімат са спякотай: заняткі праходзілі пры тэмпературы вышэй за 40 градусаў. 

З беларускімі зенітчыкамі праводзілі трэніроўкі на 400-метровай камбінаванай паласе перашкод, прыстрэлку аўтаматаў і кулямётаў, устаноўленую на кітайскіх бронетранспарцёрах. Да слова, стральба — важны элемент на этапах конкурсу: за промахі каманда атрымлівае штрафныя балы. Вопыт, набыты старшым стралком-зенітчыкам экіпажа Валодзем Давыдзенкам падчас мінулагодняй камандзіроўкі ў Кітай, аказаўся вельмі карысным: юнак дзяліўся ведамі з таварышамі, падказваў нюансы. Забягаючы наперад, скажу, што ўпартасць і сіла волі, якія праявілі нашы вайскоўцы, дазволілі ім заняць выніковае чацвёртае месца і стаць пераможцамі ў намінацыі «Абаронца «СПА».
Складанейшая траса, баявыя пускі з пераноснага зенітнага ракетнага комплексу, стральба са стралковай зброі, камбінаваная паласа перашкод — усё гэта робіць конкурс «Чыстае неба» відовішчным (так зазначаюць тыя, хто ведае толк у гэтай справе). Але сёлета асаблівай відовішчнасці спаборніцтвам надаў менавіта наш зямляк: за асабістыя дасягненні гвардыі радавы кантрактнай службы Уладзімір Давыдзенка стаў пераможцам у намінацыі «Лепшы стралок-зенітчык» конкурсу «Чыстае неба». Ён не проста бездакорна зрабіў усе пускі, але і вылучыўся ў адным з этапаў конкурсу: стаў адзіным стралком-зенітчыкам, які паразіў імітатар паветранай цэлі на сустрэчным курсе прамым трапляннем. Каманду на фінішы сустракалі гучнымі апладысментамі, а каментатары яшчэ не раз згадвалі пра прыгожае, захапляльнае выступленне беларуса.

— Безумоўна, прыемна было прымаць віншаванні і ад родных, знаёмых, калі тыя даведаліся пра вынікі выступлення на «АрМГ», — успамінае У.Давыдзенка.
А сваю перамогу Валодзя прысвяціў любімай маме: яна, напэўна, больш за астатніх хвалявалася за сына.
Марына Вакульская. Фота Яўгена Доўгаля.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *