Понедельник, 10 декабря 2018

День рождения райотдела милиции в Пружанах отметили семейно-спортивным праздником

770

Здаецца, не круглая дата — 79 гадоў з дня стварэння райаддзела міліцыі ў Пружанах, але ж мясцовыя праваахоўнікі вырашылі адзначыць яе сямейна-спартыўным святам, што адбылося ў мінулую нядзелю на гарадскім стадыёне. Як зазначыў на пачатку мерапрыемства начальнік аддзела ўнутраных спраў Пружанскага райвыканкама і па сумяшчальніцтве старшыня судзейскай камісіі А.В.Гук, гэтыя спаборніцтвы можна лічыць трэніроўкай перад юбілеем, што адзначаць мясцовыя праваахоўнікі ў наступным годзе. З віншавальным словам да міліцыянераў звярнуўся першы сакратар райкама БРСМ А.М.Бабігорац, які паведаміў, што для самых спрытных падрыхтаваны падарункі, і пажадаў поспехаў у спартыўнай барацьбе.
Дарэчы, у склад каманд былі ўключаны не толькі супрацоўнікі міліцыі, але і члены іх сем’яў, таму свята і атрымала статус сямейнага.
Свой спрыт і фізічную падрыхтоўку ўдзельнікам мерапрыемства неабходна было паказаць у шасці дысцыплінах: эстафеце, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, дартсе, падцягванні на турніку, фігурным ваджэнні веласіпеда і перацягванні каната. Трэба адзначыць, што спаборнічаць сапернікам было вельмі складана, бо кожны вылучаўся цудоўнай фізічнай формай. Асаблівая барацьба разгарэлася каля мішэняў і на турніку, дзе кожнага выступоўцу падбадзёрвалі шмат-лікія балельшчыкі. Дзякуючы шчырай падтрымцы і ўласнаму жаданню, удзельнікам удавалася дасягаць высокіх вынікаў і турнірная табліца мянялася неаднаразова. Спачатку ў стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі лепшыя вынікі паказала каманда «Вялікая кампанія», у склад якой уваходзілі супрацоўнікі ДАІ і крымінальна-выпраўленчай інспекцыі. Аднак утрымацца ў лідарах гэтай камандзе не ўдалося, і яна саступіла спачатку «Адрэналіну»— супрацоўнікам аддзела аховы правапарадку, якія паказалі высокую трапнасць у дартсе, а потым «Алькатрасу»— супрацоўнікам ізалятара часовага ўтрымання. Дарэчы, кожная з гэтых каманд двойчы займала першыя месцы: «Адрэналін» — у дартсе і перацягванні каната, «Алькатрас» — у падцягванні і фігурным ваджэнні веласіпеда. У выніку менавіта гэтыя сапернікі падзялілі паміж сабой першае і другое месцы адпаведна.
«Вялікая кампанія» апынулася на трэцім месцы, а замкнула турнірную табліцу каманда «Пінкертоны», у склад якой уваходзілі супрацоўнікі крымінальнай міліцыі, інспекцыі па справах непаўналетніх і аддзялення па грамадзянстве і міграцыі.
Дарэчы, усе ўдзельнікі атрымалі памятныя падарункі, а пераможцы ў дадатак — і салодкі прыз.
На свяце была арганізавана і забаўляльная праграма для гледачоў: як дзеці, так і дарослыя маглі прымераць спецыяльную амуніцыю праваахоўнікаў, пагуляць у бампербол або пакаштаваць смачную «салдацкую» кашу, прыгатаваную работнікамі райспажыўтаварыства. А яшчэ — сфатаграфавацца з цікавымі фігуркамі і патанцаваць пад энергічныя музычныя кампазіцыі, што падрыхтавалі артысты мясцовай самадзейнасці.
Алег Сідарэнка, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *