Понедельник, 10 декабря 2018

«Ойра» ищет новые таланты. Наличие танцевального опыта необязательно!

287

Народны тэатр танца «Ойра» Пружанскага Палаца культуры быў створаны ў 2000-м годзе пад кіраўніцтвам таленавітага харэографа Васіля Пілюціка і сёння з’яўляецца адным з вядучых харэаграфічных калектываў вобласці, актыўным прапагандыстам танцавальнага мастацтва Беларусі, дзе ўдала спалучаюцца танец, фальклор і музыка.
Артысты «Ойры» імкнуцца зберагчы лепшыя нацыянальныя харэаграфічныя і музычныя традыцыі. «Абэрак», «Дробна полька», «Бабскія перастукі», «Мужыцкі перапляс», «Шмулянец», «Кадрыля» — гэта любімыя нумары ў гледачоў. Заўсёды даспадобы ім і народныя танцы, песні, музыка, гульні, што ўвайшлі ў праграмы пад назвамі «Пружанскія галушкі», «Вяселле» і «Кірмаш».
Пружанскі калектыў, між іншым, добра вядомы не толькі ў вобласці, рэспубліцы, але нават і за яе межамі: самабытнасць рэпертуару народнага тэатра і майстэрства яго выканаўцаў ужо ацанілі ў Польшчы, Расіі, Бельгіі і Харватыі. Танцоры «Ойры», да слова, з’яўляюцца лаўрэатамі шматлікіх фестываляў і конкурсаў.
Выконваючы народныя танцы на аснове мясцовага фальклорнага матэрыялу, тэатр набыў адметны творчы почырк і каларыт. Шмат гадоў танцавалі ў калектыве Галіна і Эдуард Велікасельцы, Наталля Сямёнава, Дар’я Старушак, Вольга Серада, Сяргей Мартынчук, Андрэй Грыцук, Сяргей Сачко, Ала Саскевіч і іншыя артысты. Усе яны адточвалі сваё майстэрства пад кіраўніцтвам сапраўднага майстра сваёй справы Васіля Пілюціка, які, прысвяціўшы працы ў сферы культуры каля 40 гадоў, пайшоў на заслужаны адпачынак.
На змену яму прыйшла малады, крэатыўны харэограф са сваімі ідэямі — Іна Фасевіч, якая скончыла Гродзенскі каледж мастацтваў. Нядаўна калектыў пад яе кіраўніцтвам прыняў удзел у рэгіянальным конкурсе харэаграфічнага мастацтва «Магія танца», дзе заваяваў другое месца.
Для больш актыўнага творчага жыцця калектыву вельмі патрэбна папоўніцца новымі танцорамі. Таму народны тэатр танца «Ойра» Палаца культуры аб’яўляе набор дзяцей і моладзі.
Праграма рэпетыцыйных заняткаў накіравана на развіццё творчых здольнасцей выхаванцаў. Несумненна, далучэнне да мастацтва харэаграфіі дасць магчымасць пазнаёміцца з народнымі традыцыямі, самабытнасцю нацыянальных танцаў, маляўнічых касцюмаў, музычна-рытмічным складам танцавальных мелодый. Да таго ж заняткі танцамі дапамогуць сфарміраваць правільную паставу, навучаць асновам этыкету і манерам паводзін у грамадстве, а таксама акцёрскаму майстэрству.
Калі вы неабыякавыя да народнай культуры, марыце пра сцэну, любіце танцаваць, запрашаем вас у народны тэатр танца «Ойра»!
Даведкі па тэлефоне
9-12-97. Свае прапановы дасылайце на электронны адрас: pruzhanydk@tut.by.
Святлана Гамшэй, метадыст раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *