Понедельник, 10 декабря 2018

К акции «Новая жизнь в обмен на крышечки» присоединилась гимназия г. Пружаны

492

Гэтая гісторыя пачалася ў Турцыі. Студэнт Кустрым Ахмеці ўбачыў на вуліцы жанчыну з хворым дзіцяткам на руках: у беднай сям’і не было сродкаў на набыццё інваліднай каляскі. Малады чалавек вырашыў дапамагчы і пачаў збіраць пластыкавыя крышачкі, каб здаваць іх на перапрацоўку. Тры месяцы спатрэбілася яму і іншым жыхарам гарадка, каб назбіраць неабходную суму. Многія зацікавіліся карыснай справай і за 8 гадоў сабралі 280 т пластыку. На грошы ад яго перапрацоўкі набылі каля 1500 інвалідных калясак. Сёння ідэю Ахмеці падхапілі 44 краіны, прычым збіраюць крышачкі не толькі на каляскі. У Германіі 50 мільёнаў крышачак ператварыліся ў 100 тысяч вакцын ад поліяміэліту для дзяцей у Нігерыі. У Іспаніі – у 1 мільён еўра на медыцынскае абсталяванне для 139 дзяцей. Ва Украіне сабралі 21 тону на пратэзы для ветэранаў вайны. У Нідэрландах крышачкі “дапамагаюць” будаваць навуковы цэнтр па даследаванні дзіцячай анкалогіі. У Аўстрыі «за крышачкі» купляюць цацкі для дзяцей з малазабяспечаных сем’яў.
Летась пра такі просты спосаб дапамогі даведалася юрыстка з Ліды Наталля Кунцэвіч, а ўжо сёння да праекта далучылася больш за сто школ, прадпрыемстваў і гіпермаркетаў у 50 гарадах і пасёлках па ўсёй Беларусі. Прыемна, што ў іх ліку і пружанская гімназія. З пачатку верасня гімназісты і настаўнікі збіраюць крышкі ад пластыкавых бутэлек у спецыяльны кантэйнер.
— Назва беларускага праекта «Новае жыццё ў абмен на крышкі» дубліруе назву іспанскай акцыі. Гэта новае жыццё пластыку, які выкарыстоўваюць для вырабу шуфлікаў, тазікаў, швабраў і іншых карысных гаспадарчых прадметаў. Але галоўнае — гэта новая якасць жыцця для дзяцей з цяжкімі захворваннямі, — расказвае педагог-арганізатар гімназіі Юлія Мікуцік. — Каму аказваць дапамогу — арганізатары будуць вырашаць з дапамогай дактароў. У першую чаргу, гэта будуць тыя хворыя дзеці, якім не дапамагаюць дабрачынныя фонды і якія маюць патрэбу ў спецыяльным абсталяванні для паляпшэння якасці жыцця.
Арганізатары беларускага праекта падлічылі, што за год на беларускія звалкі трапляе каля 4000 тон пластыкавых крышак. Калі іх здаць на перапрацоўку, можна атрымаць не менш за 800 тысяч долараў.
Каб акцыя прынесла карысць як мага хутчэй, у гімназіі прапануюць далучыцца да яе ўсім жыхарам горада. Пакуль крышкі можна прыносіць у саму ўстанову адукацыі, але плануецца, што кантэйнер для збору будзе ўсталёўвацца на розных гарадскіх мерапрыемствах. Напрыклад, на кірмашы, які адбудзецца ў кастрычніку.
Схема дапамогі вельмі простая: людзі пакідаюць у кантэйнеры пластыкавыя крышкі ад звычайных бутэлек з-пад вады, ёгуртаў, малака, кавы, шампуняў, алею, ёмістасці ад «Кіндар сюрпрызаў» (на ўнутраным баку крышкі павінна быць маркіроўка 2, 4 або 5, таксама неабходна адмыць акцызную наклейку), ва ўстаноўлены дзень крышкі збіраюць і вывозяць на склад, адтуль — вялікай партыяй на перапрацоўчы завод, які плаціць за гэта грошы праекту (адна тона ў Беларусі каштуе ў сярэднім 200 долараў, а ў Маскве можна прадаць даражэй). А далей праект «Новае жыццё ў абмен на крышкі» пералічвае ўвесь прыбытак на рахунак падапечнага дзіцяці. Калі збіраецца патрэбная сума на рахунку, праект з дапамогай экспертнага савета медыкаў выбірае наступнага падапечнага.
#закруцімдобруюсправу!
Кацярына ПАШКЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Один комментарий

  • Сафокл

    Это полный бред. Потом видел записи в группах о поиске попутчиков вида «нужен водитель грузового автомобиля, готовый отвезти крышечки в брест»….имитация бурной деятельности.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -1-1

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *