Понедельник, 10 декабря 2018

«Миссис артистичность» Мария Панкратова: «1 октября я поздравления принимать не буду!»

426

Актыўную і бадзёрую Марыю Панкратаву язык не паварочваецца называць пажылым чалавекам. Ды і сама жанчына не адчувае сябе такой. «Гэта па пашпарце мне хутка будзе 78. А ў душы, паверце, мне 18 гадоў», — усміхаецца Марыя Міхайлаўна.На жыццёвым шляху Марыі Панкратавай было нямала гора. Муж памёр, калі іх старэйшая дачка была ў дзявятым класе. Той жа лёс напаткаў жанчыну, калі яна рашылася на другое замужжа. Давялося пахаваць і адну са сваіх дачок. Пазней анкалогію выявілі ў старэйшай. «Адным словам, усё маё жыццё прайшло ў слязах», — падагульняе Марыя Міхайлаўна.
Напэўна, таму ўгаворваць Марыю Міхайлаўну Панкратаву ўдзельнічаць у дабрачыннасці не прыйшлося. Яна сама папрасілася стаць валанцёрам, як толькі на Пружаншчыне з’явілася раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа. «Калі ў чалавека ёсць нейкае жаданне, яго трэба рэалізоўваць. У мяне ўсё жыццё было жаданне дапамагаць. Раней дапамагала дочкам гадаваць дзяцей. Цяпер унукі выраслі, у некаторых нават свае дзеткі ёсць. Вось я і стала дапамагаць чужым людзям», — дзеліцца валанцёрка.
Сёння Марыя Панкратава — частая госця ў сацыяльна-педагагічным цэнтры ў пасёлку Сонечны. Акрамя таго, вось ужо на працягу сямі гадоў раз на месяц яна стараецца трапіць у Сухопальскую бальніцу сястрынскага догляду, дзе дзеліцца сваім душэўным цяплом з адзінокімі пенсіянерамі, радуе іх падарункамі, зробленымі сваімі рукамі. Актыўная валанцёрка кожны месяц ездзіць яшчэ і ў Брэст: яна займаецца дзейнасцю, звязанай з прафілактыкай сухотаў. Для хворых, над якімі ўзяла шэфства, з’яўляецца і сябрам, і псіхолагам, і проста суразмоўцай. Жанчына ўдакладняе: «Мае падапечныя жывуць у розных гарадах: Ляхавічах, Століне, Кобрыне, Брэсце… З некаторымі пасябравалі так, што, здаецца, знаёмы ўсё жыццё. Адносіны з імі сапраўды вельмі шчырыя. Я нават вяжу ім тапачкі і адпраўляю па пошце».
Увогуле, Марыі Міхайлаўне няма калі сядзець у хаце: наведвае заняткі ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, удзельнічае ў самадзейнасці — спявае ў хоры, чытае гумарэскі піша вершы, сцэнкі, у якіх сама з задавальненнем іграе ролі… Актыўнасць і творчыя здольнасці М.М.Панкратавай не раз па заслугах ацэньваліся граматамі і дыпломамі. А нядаўна нават змагалася за званне «Місіс Залаты ўзрост»: свае сімпатыі ёй аддалі гледачы, а па меркаванні журы яна была ўдастоена тытула «Місіс артыстычнасць».
У чым сакрэт такой энергічнасці? Марыя Міхайлаўна запэўнівае, што ніякага сакрэту ў яе няма: «Гэта павінна быць у натуры. У мяне ж і на пенсіі час распісаны: зарадкі, трэнажоры, сустрэчы, паездкі… Я не адчуваю сябе пажылой, таму першага кастрычніка віншаванні прымаць не збіраюся: сама буду віншаваць!»
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *