Вторник, 11 декабря 2018

Пружанские и березовские туристы покорили Карелию. Уйма впечатлений!

620

Прызнаюся, што мне Кольскі паўвостраў і сама Карэлія раней падаваліся нейкім недасягальным месцам, да якога дабірацца складаней, чым да Чарнаморскага ўзбярэжжа. Таму быў перакананы ў правільнасці выказвання, што «лепш адпачываць на паўночным беразе Чорнага мора, чым на паўднёвым — Белага». Але ж пасля сустрэчы з групай пружанскіх турыстаў, якія гэтым летам пабывалі ў тым краі, поўнасцю змяніў сваё меркаванне.
Нядоўгая дарога да Белага мора
Кіраваў паходам Сяргей Зелянееў, якога чытачы «раёнкі» добра ведаюць па рэпартажах аб іншых арганізаваных ім паходах і сплавах на байдарках. На гэты раз падарожжа, у якім прынялі ўдзел і такія ж апантаныя турысты з Бярозы, таксама адбылося на байдарках. Група сабралася з дзясятка чалавек. Дабірацца да першай кропкі свайго маршруту вырашылі на мікрааўтобусах. Дарэчы, за дарогу, якую неабходна было праехаць і праплыць, адказваў кіраўнік паходу: Сяргей Зелянееў неаднаразова бываў у Карэліі і добра знаёмы з асаблівасцямі падарожжа ў тых землях.
— Самы кароткі маршрут праходзіць праз паўночную мяжу нашай краіны, на месцы злучэння Віцебскай і Пскоўскай абласцей,— расказвае Сяргей Валер’евіч.— Калі ехаць мэтанакіравана і мець яшчэ аднаго вадзіцеля на падмену, то за няпоўныя суткі можна было б дабрацца. Але ж мы не ставілі перад сабой такую мэту і рабілі частыя прыпынкі.
Магутныя замкавыя збудаванні Пскова, узрост якіх адлічваецца з IX стагоддзя, вельмі прыгожыя мікрараёны Ленінграда-Санкт-Пецярбурга, велічныя храмы святога вострава Валаама… І гэта толькі асноўныя месцы, якія варта наведаць на шляху да Кольскага паўвострава.
— У Пскове мы трапілі якраз на Дзень горада і сталі відавочцамі вельмі захапляльнага відовішча. Наведалі гандлёвыя рады, дзе «разжыліся» сувенірамі мясцовых рамеснікаў. Прайшліся па прылаўках са стравамі, пакаштаваўшы не адзін дзясятак з іх, прычым бясплатна.
Наступным на маршруце паўстае Санкт-Пецярбург. Так горад завецца на картах, але вакол мегаполіса нямала шыльдаў, на якіх ён пазначаны ранейшым імем. У прынцыпе, лепш гарадскія забудовы праехаць міма, бо азнаёміцца з усімі ленінградскімі славутасцямі немагчыма нават за месяц. Таму туды лепш ехаць мэтанакіравана.

«Самы прыгожы край»
І вось яна, Карэлія, якую кожны, хто хаця б раз пабываў тут, потым называе самай прыгожай на Зямлі. А сустракае яна падарожнікаў адразу камянямі: іх россыпы ўздоўж дарогі, сабраныя ў падпіраючыя неба горы і нават у выглядзе гранітных сцен прабітых тунэляў, бачны паўсюль. Як расказвае Сяргей Валер’евіч, спачатку неаднаразова спыняліся, каб паглядзець, як дрэва расце з каменя. Гэтыя цвёрдыя пароды ў Карэліі — незвычайныя, таму сюды часта адпраўляюцца тыя, хто хоча знайсці каштоўныя камяні для вырабаў і нават ювелірныя экзэмпляры.
— Асаблівасць Карэліі ў тым, што адлегласці тут здаюцца маленькімі, ды толькі пераадольваць іх няпроста. Напрыклад, да Беламорскага ўзбярэжжа ад возера Кераць, з берагоў якога мы пачалі байдарачны паход, усяго крыху больш за 50 кіламетраў. Здаецца, колькі часу спатрэбіцца, каб даехаць ад Пружан, напрыклад, да Кобрына? Нам жа на такую адлегласць давялося патраціць амаль тры дні. Проста ў той мясцовасці няма роўных транспартных шляхоў, і пераадольванне па карце адрэзка нават у пяць кіламетраў можа стаць сапраўдным дасягненнем. Справа ў тым, што падарожнічаць па Кольскім паўвостраве можна толькі па рэчках і азёрах, якія прабілі ў каменні настолькі мудрагелістыя петлі, што можна адправіцца на поўнач і выйсці на ўсходзе.
Падарожжа сумеснай пружанска-бярозаўскай групы турыстаў доўжылася крыху больш за дзесяць дзён. Пад кіраўніцтвам вопытнага правадніка беларускія турысты без усялякіх непрыемнасцей дабраліся да Белага мора. Хаця ў той жа перыяд у айчынных СМІ прайшло паведамленне, што на Кольскім паўвостраве заблукала група турыстаў з Беларусі.
Чым адрозніваецца Беламорскае ўзбярэжжа ад вядомых марскіх курортаў? Адсутнасцю людскіх натоўпаў. Астатняга ўдосталь — ад марскіх ракавінак да пясчаных пляжаў і цёплых хваль, якія летам награваюцца да 22 градусаў. А яшчэ вельмі чыстай вадой, з празрыстасцю якой не параўнаюцца нават азёры Беларусі. З жалем развітваліся з карэльскімі краявідамі нашы турысты, на памяць якім засталіся толькі фотаздымкі. Хаця такімі ўспамінамі пахваліцца могуць нямногія.

Асаблівасці паходаў па Карэліі
Як вядома, у турыстычным рукзаку, нават у летні перыяд, трэба мець запас цёплага адзення. Надвор’е ў непасрэднай блізкасці ад палярнага круга мяняецца па некалькі разоў на дзень. Калі свеціць сонца, то тэмпература паветра ўздымаецца блізка да 30 градусаў. Але толькі хмарка заслоніць крыніцу прыроднага цяпла — і адразу хочацца апрануць асеннюю куртку. З-за пастаянных сутыкненняў цёплых і халодных франтоў на Кольскім паўвостраве летам частыя госці навальніцы і моцныя вятры. Таму падчас сплаву трэба трымацца непадалёк ад берага і пільна сачыць за небам, каб не быць перакінутым раптоўнай хваляй.
Таксама падарожнічаць там можна толькі пад наглядам вопытнага правадніка: ніякія навігатары і нават самыя дакладныя карты не дапамогуць навічкам знайсці правільны напрамак.
Дарэчы, не надта цікава ў Карэліі будзе тым, хто хацеў бы заняцца паляваннем. Нягледзячы на дзікасць і малалюднасць таго краю, чалавечая цывілізацыя адзначылася і там. Пружанскія турысты расказалі, што за тыдзень толькі адзін раз бачылі лася. А вось рыбалка ў Карэліі шыкоўная: за 15 мінут вельмі проста налавіць на юшку пяцілітровае вядро рыбы, кожная з якіх важыць ад 200 грамаў, а шчупакі — ад кілаграма.
Уважлівым трэба быць у лесе: ён можа заблытаць, калі не ведаць яго асаблівасці. Здаецца, убачылі прасвет, які звычайна бывае на месцы дарогі, як разважаем мы, аднак дарогі ў тым месцы не аказваецца. Так адбываецца з-за нераўнамернага росту дрэў: на камянях яны ніжэйшыя за «сваякоў», якім пашчасціла вырасці на кавалачку глебы. І карэльская елачка паўтараметровай вышыні, як сведчаць гадавыя кольцы, можа ўжо больш за дзесяць гадоў змагацца за сваё жыццё.

Што трэба ведаць «карэльскаму» турысту?
Сур’ёзных запасаў можна не браць з сабой, бо ўсё, што спатрэбіцца як у дарозе, так і ў самім паходзе, лёгка набыць па шляху руху ці непасрэдна на месцы. Дастаткова сабраць інвентар для падарожжа, адзенне (у тым ліку і цёплае) ды ўсё неабходнае для гатавання ежы і начовак. Харчавацца можна і па дарозе, бо цэны ў Расіі такія ж самыя і за 15 рублёў на чалавека ў любым прыдарожным кафэ можна наесціся вельмі сытна. Прадукты для гатавання ежы можна набыць, напрыклад, у горадзе паўночных атамшчыкаў Палярныя Зоры, які будзе апошняй кропкай «цывілізацыі» перад адпраўленнем на ўлонне дзікай прыроды. Дарэчы, нягледзячы на своеасаблівыя звычкі мясцовага насельніцтва, прадукты, якія выкарыстоўваюць там, амаль не адрозніваюцца ад беларускай гастраноміі. Таму можна не баяцца за сваё страваванне і поўнасцю пераходзіць на мясцовыя далікатэсы. Толькі з-за блізкасці да галоўных крыніц рыбных рэсурсаў Расійскай Федэрацыі большая частка меню розных сталовых складаецца з морапрадуктаў.
Таксама не спатрэбяцца і вялікія запасы каністраў з палівам, бо заправак у Расіі на трасах яшчэ больш, чым у нашай краіне. Вось толькі запраўляцца лепш на тых АЗС, што належаць буйным нафтаперапрацоўчым кампаніям: на дробных заправачных станцыях ёсць рызыка заліць у бак разбаўлены бензін або дызель. Што тычыцца цэн, то яны на АЗС прамысловых гігантаў часта меншыя за беларускія.
Словам, значных выдаткаў такая паездка не патрабуе. Але ж толькі ў тым выпадку, калі не вырашыце трапіць на святы востраў Валаам: адзін толькі білет на водны транспарт да яго абыдзецца ў 70 беларускіх рублёў. І там літаральна за кожны крок давядзецца плаціць немалыя сумы.
Ніякіх віз ці іншых дазволаў на беларуска-расійскай мяжы не запатрабуюць, пагранічнікі правераць толькі пашпарт, які павінен быць дзеючым па тэрміне выдачы. Галоўнае — мець шчырае жаданне пабываць там.
Алег Сідарэнка. Фота з архіва Сяргея Зелянеева.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *