Понедельник, 10 декабря 2018

Проверьте свой «электролимит». Продолжается уточнение способов использования электроэнергии

374

Працягваецца ўдакладненне спосабаў выкарыстання некаторых лімітаў на спажыванне электраэнергіі. Як тлумачаць энергетыкі, выклікана гэта тым, што падчас увядзення абмежаванняў з сацыяльнымі і поўнымі коштамі для спажыўцоў электраэнергіі не былі ўлічаны некаторыя акалічнасці, якія трапілі ў поле зроку пазней. Напрыклад, як устанаўліваць ліміты для тых, хто карыстаецца прыродным газам толькі для абагрэву свайго жылля? Ці для тых, хто рабіў гэта раней, а цяпер вырашыў пераабсталяваць сваю кватэру або дом з падключэннем усіх асноўных прыбораў да энергазабеспячэння? Аб гэтым чытайце ў актуальным інтэрв’ю з начальнікам аддзела збыту Пружанскіх электрасетак А.А.Грышкевічам.
— Андрэй Аляксандравіч, нядаўна энергетычная служба нашай краіны праз розныя крыніцы распаўсюджвала інфармацыю аб змяненнях лімітавання тарыфаў для ўласнікаў жылля, у якіх пры наяўнасці цэнтралізаванага газазабеспячэння (прыродным або звадкаваным блакітным палівам) няма газавых калонак і для гарачага водазабеспячэння выкарыстоўваюцца электрычныя воданагравальнікі. Патлумачце, калі ласка, гэтае новаўвядзенне больш падрабязна.
— Раней гэта катэгорыя ўласнікаў была аднесена да той групы, для якой ліміт быў устаноўлены да 150 кВт/гадзін у месяц, а спажытае звыш нормы аплачвалася па павышаным кошце. Пагадзіцеся, што склалася несправядлівая сітуацыя, калі чалавек вымушаны быў спажываць больш электраэнергіі з-за таго, што падаграваў ваду электранагравальнымі прыборамі. Таму было вырашана выправіць гэта, і для адпаведных уласнікаў устаноўлены новы ліміт — да 250 кВт/гадзін у месяц па сацыяльным тарыфе.
Згодна з новаўвядзеннямі, мы пачалі работу па пераводзе нашых абанентаў, якія займелі такое права, у іншую катэгорыю спажыўцоў. Для гэтага ў плане абмену інфармацыяй супрацоўнічаем з газавай службай. Пэўная работа намі вядзецца, але хацелася б і паскорыць гэты працэс, і даць больш гарантый, што ніхто не будзе «забыты». Менавіта з гэтай мэтай нядаўна ў раённай газеце змясцілі аб’яву з заклікам да грамадзян таксама кантраляваць сітуацыю. Для гэтага неабходна звярнуцца ў разлікова-касавы цэнтр Пружанскіх электрасетак, каб даведацца, да якой лімітавай катэгорыі адносіцца канкрэтны абанент, ці быў ён пераведзены з улікам новых патрабаванняў у групу з павышанымі льготамі па тарыфах. Калі ж гэтага не адбылося, то варта звярнуцца ў газавую службу раёна па даведку аб тым, што газазабеспячэнне (цэнтралізаванае прыроднае або звадкаванае) выкарыстоўваецца толькі на прыгатаванне ежы і (або) ацяпленне жылля. Гэтую даведку трэба прад‘явіць у РКЦ.
— А як зараз быць тым, хто раней карыстаўся блакітным палівам і для прыгатавання ежы, і для ацяплення, і нават для гарачага водазабеспячэння, але потым вырашыў замяніць адпаведныя бытавыя прыборы і ўстройствы на электраспажываючыя варыянты, напрыклад, замест газавай пліты паставіў электрычную?
— Дагэтуль адносна такіх спажыўцоў дзейнічаў наступны алгарытм: грамадзянін павінен быў вырабіць праект правядзення такіх работ, а потым атрымаць даведку ад газавай службы аб тым, што цэнтралізаваная падача газу да газавай пліты заглушана. Дык вось апошняе патрабаванне зараз адменена, і нам дастаткова толькі падаць распрацаваны на аснове тэхнічных умоў, выдадзеных энергазабяспечваючай арганізацыяй, праект, а разам з ім допуск электрычных установак у карыстанне ад Энерганагляду. Сапраўды, можа стварыцца такая сітуацыя, калі чалавек праз некаторы час перадумае карыстацца толькі электраэнергіяй і вырашыць зноў вярнуць газазабеспячэнне, якое было раней адрэзана. Тады давядзецца зноў выдаткоўваць сур’ёзныя грошы, абыходзіць розныя ўстановы для атрымання адпаведных дазволаў і г.д. Са змяненнямі патрабаванняў такія нязручнасці знікаюць. А пасля, да прыкладу, замены газавай пліты на электрычную для абанента ўводзіцца новы ліміт з тарыфам для электрапліт да 250 кВт/гадзін у месяц замест 150 кВт/гадзін па сацыяльным.
Гутарыў Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *