Вторник, 23 октября 2018

В Заречье торжественно открыли мемориальный сквер в память о 28 земляках, которые не вернулись с войны

1 028

— Вы гэта таксама бачыце? Яны плачуць, як жывыя…
Сваякі салдат, адлюстраваных на партрэтах, усё спрабавалі працерці застылыя ў камені дарагія твары, але ўпарты касы дождж настойліва прасочваўся скрозь рамы і засцілаў выявы вільготнай заслонай… Здавалася, што ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнага сквера ў в. Зарэчча ў той дзень ужо не адбудзецца. Аднак, на шчасце, дождж супакоіўся, загучала вядомая мілагучная песня з кінафільма “Афіцэры” — і гранітныя твары герояў зноў прасвятлелі…
Вечная памяць
Ушанаваць разам з вяскоўцамі памяць аб 28 абаронцах, якія не вярнуліся дадому з вайны, з розных куткоў Беларусі і блізкага замежжа з’ехаліся шматлікія сваякі загінулых. У суботнім памятным мерапрыемстве прынялі ўдзел і прадстаўнікі абласных, раённых органаў улады, ваеннага камісарыята, служачыя Брэсцкага гарнізона, царкоўнаслужыцелі Свята-Мікалаеўскага храма г.п. Шарашэва, моладзь і проста неабыякавая грамадскасць. Адным з першых слова ўзяў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама А.І.Вялічка, наш зямляк.
— Лёс бязлітасна раскідвае людзей па ўсёй зямлі. Але глыбока ў сваіх сэрцах мы захоўваем тыя месцы, дзе з’явіліся на свет. Уся Пружаншчына — гэта мая малая радзіма. Таму мне асабліва прыемна выказаць словы шчырай падзякі тым выхадцам з в. Зарэчча, дзякуючы ініцыятыве і намаганням якіх і з’явіўся гэты сквер. Яны ўклалі грошы ў “асаблівы”, самы на-дзейны банк — у душы людзей, у іх памяць. Гэта варта павагі. Дай Бог, каб у нас было больш такіх ініцыятыў, каб кожны куточак нашай зямлі не быў закінуты. Калі будзем так беражліва адносіцца да кожнай пядзі зямлі, то і ўся краіна будзе квітнець, — падкрэсліў Алег Іванавіч і абвясціў мітынг адкрытым.
Пра тое, што наша Пружаншчына не раз станавілася арэнай вялікіх бітваў, якія прыносілі людзям пакуты і разбурэнні, і пра мясцовых людзей, якія змаглі падняць з руін нашы гарады, вёскі і выхавалі годнае пакаленне людзей, для якіх вайна — вар’яцтва, казаў у сваім выступленні старшыня райвыканкама М.М. Крэйдзіч.
Выступілі перад шматлікімі ўдзельнікамі мерапрыемства і галоўныя ініцыятары стварэння ў Зарэччы памятнага сквера, ураджэнцы гэтай вёскі: жыхар Пружан Г.Я.Швед, які ў свой час выратаваў ад забыцця і рэстаўраваў фотаархіў з партрэтамі герояў, і брэсцкі прадпрымальнік М.М.Куц, які і прафінансаваў праект.
— Скверык па плошчы маленькі, але калі мераць людской падзякай, то ён вельмі вялікі, — трапна заўважыў Міхаіл Міхайлавіч. — Хто б сюды ні прыязджаў, не праходзьце міма. Зазірніце ў гэтыя высакародныя твары: нібы ў страі стаяць і гатовыя выратаваць родны куток ад любой пошасці. Ушануйце іх памяць, — заклікаў аднавяскоўцаў прадпрымальнік.
— Спыніцеся, прачытайце малітву за супакой іх светлых душ, — у сваім звароце падтрымаў сябра і Георгій Яраслававіч (бацька якога, дарэчы, таксама не вярнуўся з вайны і ўвекавечаны на адным з «зарэчанскіх» партрэтаў).
Нібы пачуўшы заклік, настаяцель шарашэўскага Свята-Мікалаеўскага храма протаіерэй Мікалай Пашкевіч адслужыў падзячны малебен за ўсіх жыхароў вёскі, акрапіў святой вадой партрэты герояў і асвяціў вялікі драўляны крыж, які будзе ўзвышацца над мемарыялам як сімвал веры, з якой салдаты ішлі ў бой. Светлую памяць гэтых герояў удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі мінутай маўчання, пасля якой прагучаў трохразовы салют ад вайскоўцаў Брэсцкага гарнізона і былі ўскладзеныя вянкі і кветкі да помніка салдатам, што не вярнуліся з вайны.

…і смутак
Так, перамога дасталася жыхарам Зарэчча вельмі дарагой цаной. Смутак яе жыхароў не выказаць словамі. Таму, калі памятны мітынг прадоўжыўся шумным святам вёскі, многія вяскоўцы і сваякі яшчэ доўга стаялі каля дарагіх партрэтаў.
— Грыга Аляксандр Бенадзіктавіч. Гэта мой дзядзька. Памёр мала-дзенькім, не дажыўшы да Перамогі адзін месяц, — ціха апавядае Вольга Шэлявіля. — Мама расказвала, што калі бабуля даведалася аб тым, што ён прапаў без вестак, то сама хацела развітацца з жыццём… Шмат гадоў мы шукалі звесткі пра дзядзьку, праз Чырвоны Крыж пасылалі запыт у архіў. І вось нядаўна даведаліся: пахаваны ў Гданьску, у брацкай магіле. Хочам з’ездзіць да яго.
— І я хачу даведацца праўду… Напісанае на помніку адрозніваецца ад таго, што паведамлялася ў пахаванцы, — расказвае Зоя Мікалаеўна Казак, пляменніца Міхаіла Аляксеевіча Старуна. — У пахаванцы значылася, што дзядзька па-геройску загінуў і быў пахаваны ў брацкай магіле г.Будапешта. А на помніку напісана, што загінуў у Чэхіі (так у ваенкамаце сказалі). Мая бабуля, яго мама, яшчэ ў Першую сусветную ў эвакуацыі пахавала мужа і дваіх дзяцей. Яны памерлі з голаду. Вярнулася дадому з маленькім сынам і дачкой, тулілася ў каморцы… Не пашкадавала матчына сэрца і другая вайна: забрала сына. Вядома, што дзядзька ваяваў разам з бацькам Георгія Яраслававіча Шведа. Трапіўшы ў акружэнне, менавіта Міхаіл Старун падняў усіх у атаку. Атрад прарваў акружэнне, але дзядзька загінуў, трапіўшы пад прыцэльны агонь. Вось такі ён, маленькі подзвіг простага чалавека… Сардэчны дзякуй усім ініцыятарам стварэння гэтай мемарыяльнай алеі за такі шчодры падарунак. Дай Бог ім сіл і здароўя завяршыць пачатае.
Як аказалася, аўтары ідэі М.М.Куц і Г.Я.Швед на дасягнутым спыняцца, сапраўды, не маюць намеру.
— У бліжэйшых нашых планах — увекавечыць памяць тых трыццаці воінаў, якія вярнуліся з вайны і ўздымалі родную вёску. Вось іх партрэты вынесены на асобны стэнд. Затым выб’ем на стэле імёны ўсіх жыхароў Зарэчча, якія тут нарадзіліся, жылі і працавалі, і здымем для нашчадкаў дакументальны фільм пра іх, каб бралі прыклад з лепшых, — паведаміў вяскоўцам Міхаіл Міхайлавіч.
Жывая памяць і шчасце
— Калі гэтую зямлю ва ўсёй красе ўбачыш хоць раз — яе не забудзеш. Калі з чыстых яе крыніц вып’еш глыток вады — прыбавіцца сіл і радасці. Калі пройдзеш па гэтай зямлі — палюбіш яе. А калі ты нарадзіўся тут, то дзе б ні апынуўся, сэрца будзе пастаянна клікаць да родных і блізкіх сэрцу мясцін, — такімі прыгожымі словамі вітала ўсіх гасцей мерапрыемства старшыня Велікасельскага сельвыканкама Т.М. Навіцкая, якая адкрывала другую частку праграмы — свята вёскі. Нарэшце на тварах людзей высахлі слёзы і расцвілі радасныя ўсмешкі: жыццё працягваецца.
Шмат таямніц захоўвае зарэчанская зямля, многае пабачыла яна на сваім вяку. Але ўпартай працай жыхароў вёскі яна адбудоўвалася і адраджалася. Таму, у першую чаргу, ушаноўвалі на свяце пятнаццаць пажылых жыхароў Зарэчча на чале з 95-гадовай Ганнай Паўлаўнай Кабрынец. Таксама віталі гучнымі апладысментамі і сям’ю Міхаіла Міхайлавіча і Веры Канстанцінаўны Карнелюкоў. Ім абаім споўнілася па 90 гадоў, з іх 62 гады пражылі ў шлюбе.
Свой музычны падарунак ад лепшых артыстаў Старавольскага СДК і Пружанскага ГПК атрымалі і 85-гадовыя юбіляры — Вера Мікалаеўна Кабрынец і Васіль Міхайлавіч Субота. Цёплымі словамі і выдатным музычным нумарам павіншавалі і Лідзію Васільеўну Кабрынец, якая ў гэтым годзе адзначыла сваё 75-годдзе. Увогуле ў гэты дзень пажаданні міру і дабрабыту прагучалі ў адрас усіх жыхароў вёскі Зарэчча, якія арганізавалі прыезджым вельмі цёплы прыём.
— Сёння радасць не толькі на зямлі, але і на небе, — дзяліліся ўражаннямі ад выдатнага канцэрта шматлікія госці. — Сёння разам з намі радуюцца душы тых, хто жыў, хто працаваў на гэтай зямлі, хто любаваўся яе прыгажосцю і паліваў сваім потам… Такое ўражанне, што загінуўшыя героі таксама знаходзяцца побач з намі. Мы ж іх не хавалі… Вам так не здаецца?
Здаецца…
Алена Зялевіч, фота аўтара.

Один комментарий

  • Александр

    Слова благодарности основателям мемориала за сохранение ЧЕЛОВЕЧНОСТИ в душе!!!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *