Вторник, 24 ноября 2020

Пособие на ребенка-инвалида: есть нюансы

406

Нядаўна мы з мужам сталі бацькамі. На жаль, дзіцяці ўстанавілі інваліднасць. Ці адрозніваецца дапамога па доглядзе за дзіцём, якую я буду атрымліваць, ад звычайнай?
Са званка ў рэдакцыю.
Дапамога па доглядзе за дзіцём назначаецца да дасягнення ім трохгадовага ўзросту ў любым выпадку — бацькам і здаровых дзетак, і дзяцей-інвалідаў. Для апошніх прадугледжаны пэўныя сацыяльныя гарантыі, як зазначыў начальнік раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Сяргей Літвіновіч. Ён пракаментаваў асноўныя нюансы выплаты дапамогі на дзяцей-інвалідаў.

Умовы занятасці
З мэтай узмацнення сацыяльнай падтрымкі сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды, з 1 ліпеня 2017 года бацькам даецца права адначасова і даглядаць дзіця-інваліда з атрыманнем адпаведнай дапамогі, пакуль дзіцяці не споўніцца 18 гадоў, і працаваць на 0,5 стаўкі або выконваць работу на даму (але пры ўмове, што толькі ў аднаго наймальніка). Разлічваць на гэтую дапамогу могуць і бацькі, якія атрымліваюць пенсію незалежна ад яе віду ці штомесячныя страхавыя выплаты ад Белдзяржстраху.
Бацькі, якія з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, натарыусамі, адвакатамі, рамеснікамі ці заняты ў сферы аграэкатурызму і спынілі сваю дзейнасць, таксама маюць права на дапамогу па доглядзе за дзіцём-інвалідам. Прычым рэалізаваць гэтае права могуць і ІП, якія знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі. Да ведама, на тых жа ўмовах, што і бацькам, дапамога можа быць назначана мачасе, айчыму, усынавіцелю, апекуну дзіцяці-інваліда.
Староннім людзям, якія фактычна даглядаюць дзіця, дапамога можа быць назначана толькі ў выпадку, калі бацькі не маюць права на атрыманне дапамогі: працуюць альбо маюць інваліднасць І групы.

Дадатковае права
Акрамя таго, сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, маюць права яшчэ на адзін від дапамогі: на дзяцей, якія старэйшыя за тры гады з асобных катэгорый сем’яў. Дапамога назначаецца на ўсіх дзяцей, якiя выхоўваюцца, без уліку даходаў, але ў залежнасці ад катэгорыі сям’і (поўная або няпоўная), занятасці бацькоў на дату звароту па дапамогу, а таксама не менш як шасцімесячнай занятасці ў папярэднім годзе на момант звароту.
Калі дзіцяці ўжо ёсць тры гады, сям’і, якая мае права на дапамогу, яна будзе назначацца з дня ўзнікнення гэтага права, але зварот павінен паступіць не пазней як праз шэсць месяцаў з гэтага моманту.
Як скарыстацца сваім правам?
Назначэнне дзяржаўных дапамог на дзяцей, якім споўнілася тры гады, з асобных катэгорый сем’яў і па доглядзе за дзіцём-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў —адміністрацыйная працэдура. Гэта значыць, што заяўнік у абавязковым парадку павінен напісаць заяву і прад’явіць неабходныя дакументы. Некаторыя дакументы і звесткі, неабходныя для назначэння і выплаты дзяржаўных дапамог, запытваюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі альбо могуць быць прадстаўлены грамадзянамі самастойна.
Дапамога па доглядзе за дзіцём-інвалідам, якому няма трох гадоў, назначаецца ў павышаным памеры — 45% сярэднямесячнай заработнай платы на падставе пасведчання дзіцяці-інваліда ці заключэння медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі, прад’яўленых атрымальнікам.
Падрыхтавала Марына Вакульская.
Даведка «РБ»:
Для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, прадугледжана паслуга «сацыяльная перадышка» з захаваннем права на атрыманне дзяржаўных дапамог. Яна прадугледжана для вызвалення бацькоў ад догляду на пэўны перыяд для аднаўлення сіл, вырашэння сямейна-бытавых пытанняў. Паслуга аказваецца спецыяльнымі дамамі-інтэрнатамі на платнай аснове: бацькі павінны аплаціць толькі харчаванне і лекавыя сродкі. Тэрмін аказання паслугі — не больш за 28 сутак у каляндарным годзе.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *