Четверг, 26 ноября 2020

45 номеров показали юные танцоры на региональном конкурсе хореографического мастерства «Магия танца»

786

У мінулую нядзелю сцэна Палаца культуры ў чарговы раз вітала аматараў танцавальнага майстэрства на рэгіянальным конкурсе “Магія танца”. Пружанская пляцоўка даўно палюбілася юным танцорам, таму з кожным годам геаграфія конкурсу толькі расце. Сёлета прадэманстраваць свой клас і пазмагацца за прызавыя месцы сабраліся калектывы з Камянецкага, Жабінкаўскага, Бярозаўскага, Драгічынскага, Ваўкавыскага, Свіслацкага, Кобрынскага, Брэсцкага раёнаў, а таксама госці з Польшчы.
Як і раней, танцоры спаборнічалі ў традыцыйных намінацыях: народны танец, эстрадны танец і сучасная харэаграфія. Акрамя таго, усе намінацыі былі падзелены на ўзроставыя катэгорыі.
Конкурсная праграма доўжылася некалькі гадзін, але, дзякуючы разнастайнасці талентаў, час прабег незаўважна. Упэўнена, многія нумары надоўга застануцца ў памяці гледачоў. Сапраўдныя цуды паказвалі ўдзельнікі цыркавой студыі “Сонейка” з Кобрына. Ансамбль народнага танца “Прыгажосць”, створаны на базе Драгічынскай харэаграфічнай школы, які выступіў з нумарам “Бездзежскі кірмаш”, пакарыў сэрцы гледачоў усіх узростаў. Шчырыя ўсмешкі сваёй непасрэднасцю выклікалі “Пінгвіны Мадагаскара” Кляпацкай дзіцячай школы мастацтваў. Нашы маленькія танцоры студыі эстраднага танца “Амелі” паказалі цікавы нумар “Дом з прывідамі”, які ўжо быў адзначаны нават на міжнародным конкурсе. Значна вылучаліся канкурсанты, якія выступалі ў намінацыі “Сучасная харэаграфія”. Асабліва ўразілі сольныя нумары Ірыны Самойлавай з Баранавіч і Маргарыты Страбковіч з Бярозы. Выдатна выглядаў і пружанскі творчы дуэт “Ліпень”. Добрыя словы можна выказаць у адрас усіх амаль 50 творчых калектываў. Аднак “Магія танца”, у першую чаргу, конкурс, абраць лепшых у якім было даручана прафесійнаму журы на чале з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі К.І. Панімашам. Амаль гадзіна спатрэбілася журы, каб вызначыць пераможцаў.
У малодшай узроставай катэгорыі намінацыі “Народны танец” першае і другое месцы засталіся за гаспадарамі: другім стаў узорны ансамбль народнага танца “Круцёлачкі” (кіраўнік А. Ільюшонак), першым – танцавальны калектыў “Тапатушкі” (кіраўнік В. Бортнік). У гэтай жа намінацыі сярод танцораў 11-17 гадоў “Тапатушкі” сталі трэцімі, а вось ансамбль ДШМ імя Р. Шырмы (кіраўнік Ю.Казак) атрымаў дыплом другой ступені. Дыплома за першае месца былі ўдастоены і танцоры Жабінкаўскай ДШМ. У старэйшай узроставай катэгорыі дуэту ансамбля “Ойра” (кіраўнік І.Фасевіч), які выканаў цудоўны танец “Кумушкі”, было вельмі складана канкурыраваць з “Кірмашом” ад калег з Драгічына (другое і першае месца адпаведна).
У эстрадным танцы пружанскія калектывы таксама паказалі высокі ўзровень майстэрства. Дыпломам трэцяй ступені адзначаны танцавальны калектыў “Пачуццё лёгкасці” Кляпацкага СДК (кіраўнік Л.Кунда). Дыпломы другой ступені – у калектыву Кляпацкай ДШМ (кіраўнік Н. Дзеранчук) і студыі эстраднага танца Пружанскага ГПК “Амелі” (кіраўнік А. Строк). Перамогу ў гэтай намінацыі святкавалі калектывы з Ваўкавыска і Камянца.
У сярэдняй узроставай катэгорыі трэцяе месца ў “Сюрпрызу” з Мураўскага СДК (кіраўнік І. Кузьміч). Першы раз на вялікай сцэне выступаў калектыў Ружанскай ДШМ (кіраўнік К. Свяцкая) — і адразу другое месца ў самай масавай намінацыі! Дыплом другой ступені і ў ансамбля «Рубікон». Дыплом першай ступені заваявалі ваўкавыскія “Непаседы”.
А вось у самай старэйшай узроставай катэгорыі дыплом за першае месца ў узорнага ансамбля эстраднага танца “Рубікон” (кіраўнік С. Салавей).
Не вельмі значным было прадстаўніцтва пружанацаў у сучасным танцы. Адзіныя ўдзельнікі ў гэтай намінацыі — калектыў ДШМ імя Р.Шырмы (кіраўнік Ю.Казак) і клуб “Ліпень” (кіраўнік М. Казакевіч) — удастоены дыпломаў трэцяй ступені. Роўных тут не было кобрынскай цыркавой студыі “Сонейка”. Тым не менш, дыпломы першай ступені атрымалі і камянецкі “Тандэм”, і ваўкавыскія “Непаседы”. Магчыма, ім дапамагла падтрымка гледачоў. Як не дзіўна, але самыя гучныя апладысменты суправаджалі ўсіх танцораў з гэтых гарадоў. Група падтрымкі пружанцаў была значна цішэйшай…
Вядучымі мерапрыемства Марыяна і Алег Строк. Чаканне вынікаў упрыгожылі спявачкі Паліна Жукоўская і Людміла Мардань.
Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).

Яшчэ больш фота па спасылцы: https://vk.com/album-23306785_256725236

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *