Пятница, 19 апреля 2024

Делегация из Польши оценила туристический потенциал Пружанского района

1 225

У мінулы аўторак на пункце пропуску “Перароў” адбылася значная для нашага раёна падзея: тут сустракалі чатырнаццаць гасцей з Гайнаўкі, сярод якіх былі прадстаўнікі адміністрацыі, культурных і спартыўных устаноў горада, а таксама работнікі польскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. На чале з намеснікам бурмістра Гайнаўкі Анджэем Скепкам яны завіталі да нас, каб азнаёміцца з турыстычным патэнцыялам Пружаншчыны і атрымаць патрэбную інфармацыю пра “бязвізавы рэжым”, які пачаў дзейнічаць у некаторых беларускіх рэгіёнах з пачатку гэтага года.
Польскіх гасцей сустракала не менш прадстаўнічая пружанская дэлегацыя на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудраўцом і намеснікам старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновічам. У сваім прывітальным слове Мікалай Пятровіч звярнуў увагу гасцей на гасцінны дух, якім славіцца наша зямля, і на моманты яе слаўнай гісторыі.
Пасля музычнага прывітання ад членаў аматарскага аб’яднання “Смаляначка” Навасёлкаўскага СДК удзельнікі рэкламнага тура адправіліся на аглядную экскурсію ў турыстычны комплекс “Дзікое” ў в. Клятное, дзе, дарэчы, адбылося зарыбленне штучнага вадаёма экзатычнымі японскімі карпамі, а ў хуткім часе адкрыецца спа-салон. Трэба адзначыць, што польскія госці высока ацанілі турыстычную інфраструктуру комплексу, у якім ёсць усё неабходнае для паўнавартаснага адпачынку.
Далей членаў дэлегацыі чакала экскурсія па грамадска-культурным комплексе ў в.Мокрае, які ўключае ў сябе гасцініцу, рэстаран, банкетныя залы, саўну і більярдную і карыстаецца вялікай папулярнасцю як у беларускіх, так і ў замежных турыстаў.
Задавальненне атрымалі польскія госці і ад сузірання архітэктурных “жамчужын” Ружан. У суправаджэнні навуковага супрацоўніка ружанскага музея Антона Арцюха яны наведалі знакамітую Петрапаўлаўскую царкву, помнік архітэктуры барока XVIII стагоддзя аўтарства Іагана Бекера, і пакланіліся цудатворнай іконе Божай Маці “Адзігітрыя”, напісанай яшчэ ў XIX ст. Таксама шмат цікавага палякі даведаліся ў Свята-Троіцкім касцёле. Экскурсію па адным з найстарэйшых у краіне культавых помнікаў для іх правёў ксёндз Януш Пуліт. Храм уразіў гасцей сваім унутраным убраннем у стылі ракако.
Пасля насычанай культурнай праграмы ў пасёлку дэлегацыя нарэшце накіравалася ў галоўную здраўніцу раёна — санаторый “Ружанскі”, які сёння па выніках атэстацыі мае вышэйшую санаторна-курортную катэгорыю. Па даўняй беларускай традыцыі тут ганаровых гасцей сустракалі з хлебам-соллю і музычнымі нумарамі ад таленавітых супрацоўнікаў установы — Кацярыны Ярмолік, Марыі Бурак, Наталлі Шэлег і Алы Сакута, а таксама танцавальнага калектыву Ружанскай ДШМ.Пасля цудоўнай музычнай праграмы члены дэлегацыі агледзелі ўсе санаторныя “славутасці” (у тым ліку аквапарк з воднымі атракцыёнамі, басейн, трэнажорныя залы, більярдную) і азнаёміліся з магчымасцямі медыцынскіх профіляў санаторыя. “Ружанская” частка праграмы рэкламнага тура скончылася тэатралізаванай пастаноўкай і экскурсіяй па Ружанскім палацавым комплексе Сапегаў.
Далей гасцей запрашалі Пружаны. У горадзе польская дэлегацыя азнаёмілася з галоўнымі раённымі спартыўна-аздараўленчымі комплексамі – Лядовым і Водным палацамі, якія вылучаюцца сваёй моцнай матэрыяльна-тэхнічнай базай. Дарэчы, як высветлілася, Водны палац у Гайнаўцы значна меншы за пружанскі, а лядовай арэны ў гэтым польскім горадзе, дзе жыхароў на чатыры тысячы больш, чым у Пружанах, увогуле няма. Як і няма такога калектыву, як наша славутая народная студыя моды і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Папараць-кветка”, члены якой віталі гасцей у наступнай кропцы рэкламнага маршруту — у музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”. Тут аглядную экскурсію па вялікіх залах правёў дырэктар установы Юрый Зялевіч. Увазе гасцей ён прадставіў адноўленыя інтэр’еры гарадской сядзібы, этнаграфічныя і мастацкія экспазіцыі, а таксама азнаёміў палякаў з калекцыяй работ народнага майстра РБ Мікалая Тарасюка, імя якога ведаюць далёка за межамі Беларусі.
Пасля экскурсіі па горадзе з наведваннем Свята-Аляксандра-Неўскага сабора гасцей чакалі “Беларускія вячоркі” ў пружанскім рэстаране — з нацыянальнымі стравамі і тэатралізаванай праграмай з удзелам гурта “Крыніцы”.
Атрымаўшы ад арганізатараў тура разнастайную рэкламную прадукцыю (яна будзе распаўсюджвацца праз розныя польскія сродкі масавай інфармацыі, праз інфацэнтры і турфірмы), польскія госці развіталіся з гасціннай пружанскай зямлёй.
Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *