Яе любяць сябры і паважаюць аднакласнікі. На яе ўскладаюць вялікія надзеі настаўнікі і бацькі. Вучаніца 5 «Г» класа СШ № 5 Насця Дацук не проста выдатніца. У гэтай мілай дзяўчынкі нестандартнае для яе ўзросту мысленне, выдатныя аналітычныя здольнасці і рэдкія ў наш час адкрытасць і дабрыня.
— Яшчэ ў пачатковай школе яна даказала ўсім, што здольная на многае, —сцвярджае настаўніца пачатковых класаў Ірына Васільеўна Дудко. — Насця з першага класа старанна ставілася да вучобы, паколькі лічыла і працягвае лічыць, што ідэал можа і павінен быць дасягнуты.
Будучы яшчэ вучаніцай 4 класа, дзяўчынка прыняла актыўны ўдзел у раённых конкурсах і алімпіядах, дзе паказала сябе з найлепшага боку. Насця заняла першае месца ў інтэлектуальным марафоне, стала лепшай і ў алімпіядзе па матэматыцы, прычым са значным адрывам ад іншых прызёраў. Акрамя таго, на раённым конкурсе даследчых работ дзяўчынка ў пары з Максімам Аноцкім годна абараніла сваю працу на тэму “Дзіцячы забаўляльны цэнтр у Пружанах” і заняла 1 месца. Пазней на ўзроўні вобласці першую навуковую працу Насці адзначылі дыпломам III ступені.
— Пасля заканчэння пачатковай школы Анастасія Дацук выказала пажаданне перайсці ў гімназію, але потым перадумала. За гэта мы ёй вельмі ўдзячныя, — прызнаецца намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Іванаўна Макаед.
— Я ўзважыла ўсе за і супраць — і вырашыла застацца ў СШ № 5, якая за чатыры гады стала мне роднай, — распавядае пяцікласніца. — Тут створаны ўсе ўмовы для таго, каб і далей я магла развіваць свае здольнасці. Мне вельмі падабаюцца нашы новыя настаўнікі, і ўсе яны імкнуцца нас падтрымаць. Вельмі люблю матэматыку — калі ласка, сказалі, будзем дапамагаць. Апошнім часам захапілася беларускай мовай і літаратурай — калі ласка, атрымаеш больш складаныя заданні. Я стараюся загружаць сябе па поўнай праграме! У вольны, калі можна так сказаць, час наведваю розныя секцыі, а па нядзелях хаджу ў нядзельную школу пры Свята-Мікалаеўскім храме г. Пружаны, дзе мы спяваем і спазнаём цікавую біблейскую гісторыю.
На просьбу падзяліцца з юнымі чытачамі сакрэтам паспяховай вучобы дзяўчынка шчыра адказвае:
— Самае галоўнае — захацець самому стаць больш разумным. Без старання нічога не дасягнеш. Хлопчыкі і дзяўчынкі, не лянуйцеся развівацца. Давярайце настаўнікам. Старайцеся быць больш актыўнымі на ўроках, падымайце руку. Не бойцеся памыліцца. Не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць.
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча