Вторник, 23 октября 2018

Команда интеллектуалов «мини-Глобус» стала призером международного турнира и не собирается сбавлять обороты

469

Па выніках II Міжнароднага асінхроннага турніру «Ластаўка», у якім прынялі ўдзел 423 каманды з Беларусі, Украіны і Расіі, каманда інтэлектуалаў «міні-Глобус» з СШ №5 заняла трэцяе месца ў сваёй узроставай катэгорыі.
Шэсць шасцікласнікаў (цяпер ужо сямікласнікаў) адказалі на пытанні чатырох тураў і саступілі толькі дзвюм беларускім камандам з Барысава і Гарадка. Нягледзячы на свой юны ўзрост і на тое, што яны робяць толькі першыя крокі, пружанскія інтэлектуалы ўжо вядомы за межамі раёна і з’яўляюцца жаданымі гасцямі на разнастайных турнірах. Тлумачыцца гэта не толькі іх прагай да ведаў, а і тым, што іх настаўнік падрыхтаваў не адно пакаленне пераможцаў прадметных алімпіяд і ўдзельнікаў разнастайных віктарын. Так, «міні-Глобус» — гэта самая малодшая каманда настаўніка геаграфіі Ю.У. Леўчука.
— З гэтымі дзецьмі я займаюся з пятага класа, — расказвае Юрый Уладзіміравіч. — Што мне асабліва падабаецца ў іх, дык гэта жаданне атрымліваць новыя веды. Хлопчыкі больш смелыя, а дзяўчынкі больш старанныя, а ўсе разам – даволі моцная каманда для свайго ўзросту. Вельмі прыемна, што і іх бацькі заўсёды ідуць насустрач і дапамагаюць нам выязджаць на розныя турніры. Пакуль мы не маем ашаламляльных вынікаў, але гэта не засмучае: чым больш спаборніцтваў, тым больш ведаў! Удзел у інтэлектуальных гульнях, між іншым, выдатна развівае здольнасці вучняў. І ўжо ў гэтую сераду я планую правесці «баявое хрышчэнне»: некалькі хлапчукоў з каманды «Бліцкрыг-юні» згуляе на «Гульнях розуму» ў дарослай камандзе, а сямікласнікі
зоймуюць іх месцы ў камандзе юнакоў.
Як вядома, шырокі кругагляд і ўменне выдзеліць галоўнае дапамагаюць у вучобе. На занятках у Юрыя Уладзіміравіча і падчас спаборніцтваў дзеці вучацца разважаць і думаць лагічна, развіваюць памяць і, зразумела, даведваюцца шмат цікавага пра свет вакол нас.
Кацярына ПАШКЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *