Воскресенье, 18 ноября 2018

Как пружанец кресло знатока «занял»

1 555

Упэўнена, што многія нашы чытачы з’яўляюцца аматарамі інтэлектуальнай тэлегульні «Што? Дзе? Калі?». Пацверджаннем гэтаму будзе і той факт, што час ад часу ў тэлеперадачы гучаць пытанні ад пружанцаў, больш за тое, пружанскія тэлегледачы нават выйграюць у знаўцаў. Але вось такога, каб пружанец апынуўся па той бок экрана, асабіста я не памятаю. Галоўны спецыяліст аддзела аўтаматызацыі ААТ “Беларусбанк” Сяргей Лапука атрымаў запрашэнне ў Мінск на здымкі адной з гульняў восеньскай серыі ў якасці гледача. Мы папрасілі Сяргея расказаць пра свае ўражанні ад здымак.
— Сяргей, напэўна, ты вялікі аматар гульні “Што? Дзе? Калі?”?
— “Што? Дзе? Калі?” гляджу са школьных гадоў, недзе з пачатку 90-х. Не тое каб кожную перадачу, але па магчымасці, стараўся іх не прапускаць. Наогул, мне з дзяцінства падабаліся падобнага роду віктарыны: “Брэйн-рынг”, “Свая гульня”, “Хто хоча стаць мільянерам?”.
Але новая «хваля» цікавасці пачалася з прыходам у горад квіза «Гульні розуму». Выпускі перадачы “Што? Дзе? Калі?” сталі нечым накшталт своеасаблівай трэніроўкі. Гляджу гульню (часта ў кампаніі жонкі і старэйшага сына), спрабую адказваць на пытанні. Часам атрымліваецца зрабіць гэта нават у тых выпадках, калі пасуюць знаўцы. Як, напрыклад, і на гульні, на якой я пабываў.
Але я заўсёды быў на баку знаўцаў. Са старой гвардыі гульцоў падабаліся Фёдар Дзвіняцін, Максім Паташоў. Пазней вельмі моцным гульцом быў Ілья Новікаў, шкада, што яму давялося пакінуць “Што? Дзе? Калі?”. З цяперашняга складу знаўцаў падабаецца назіраць за гульнёй каманд Балаша Касумава і Барыса Белазёрава. З беларускіх вылучаю каманды Барады і Супрановіча.
— Мне падаецца, што ты і пытанні дасылаў на гульню…
— Так, школьнікам я адпраўляў нейкія пытанні на гульню ў Маскву, але цяпер разумею, што яны былі даволі наіўныя, таму, вядома, не прайшлі рэдактуру. Пазней неаднаразова ўзнікалі задумкі цікавых пытанняў. З дзясятак нарыхтовак ляжыць у мяне ў камп’ютары, але ніяк не збяруся давесці іх да ладу і адправіць на гульню. Але трэба пераадолець ляноту і заняцца гэтым…
— Калі ласка, раскажы нашым чытачам, як у цябе атрымалася стаць удзельнікам здымак?
— Даволі проста, але нечакана. З’яўляюся падпісчыкам афіцыйнай групы гульні. Зараз ідзе 10-ы,
юбілейны, сезон гульняў, і ў групе разыгрывалі запрашэнні на здымку сярод падпісчыкаў. Вырашыў паўдзельнічаць. Столькі гадоў глядзеў на гульню па гэты бок экрана — было цікава паглядзець ужывую. І, да свайго здзіўлення, апынуўся адным з пяці шчасліўчыкаў, што выйгралі запрашэнне. Не тое каб гэта было марай, але гэта цікавіла. Марай было б апынуцца сярод знаўцаў.
— А што наогул уяўляе сабой гульня, калі бачыш яе ўжывую?
— Як вядома, гульні ў Маскве здымаюцца ў прамым эфіры. Я чамусьці думаў, што і ў Мінску гэтак жа. Аказваецца, не. Блок восеньскіх гульняў здымаецца загадзя за два дні выхадных — тры гульні ў суботу і тры ў нядзелю (з 12 да 20 гадзін з перапынкамі). Арганізатары раяць быць у зручным абутку, бо падчас здымкі даводзіцца шмат стаяць без магчымасці размяць ногі. Ну, і, вядома, дрэс-код абавязковы для ўсіх: чорны касцюм або смокінг, белая кашуля і гальштук або бабачка для мужчын і чорная сукенка для жанчын. Так што даволі смешна было назіраць падчас перапынку за гульцамі ў смокінгах і красоўках.
Здымкі праходзяць на ўскрайку Мінска ў старым савецкім будынку. Былая кіназала пераабсталявана пад здымачную пляцоўку, у цэнтры якой — пакой для гульні. Унутры змяшчаецца даволі шмат людзей. Акрамя членаў каманды, якія сядзелі за сталом, яшчэ чалавек 40-50 стаяла за крэсламі. Гэта і гульцы іншых каманд, і гледачы. Са слоў арганізатараў, менавіта гульня каманды Супрановіча (на якую трапіў і я, бо мне гэта было зручна па часе) выклікае найбольшую цікавасць, і ім з цяжкасцю ўдалося расставіць усіх жадаючых за крэсламі. Месца мне дасталася вельмі нядрэннае: выдатна ўсё было відаць і чуваць.
— А як паводзяць сябе знаўцы? Магчыма, ты з кімсьці пазнаёміўся?
— Многія знаўцы — вопытныя гульцы, якія прысвяцілі “Што? Дзе? Калі?” шмат гадоў, таму для іх запіс гульні, хутчэй, звычайнасць. Зразумела, што ўсе стараюцца настроіцца на перамогу, але ніхто не дрыжыць і не ходзіць з бледным тварам.
Наогул я досыць сціплы чалавек, знаёмстваў не завёў, але ўсё ж сфатаграфаваўся з Аленай Повышавай і Сяргеем Дубялевічам, а таксама пасядзеў у крэсле.
— Дык калі пружанцы змогуць паглядзець гульню, вынік якой ты ўжо ведаеш?
— Гульню каманды Андрэя Супрановіча пакажуць на канале АНТ вечарам 5 кастрычніка.
Гутарыла Кацярына Пашкевіч.
Фота з сямейнага архіва Сяргея Лапукі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *