Среда, 19 сентября 2018

Легко ли быть лидером? На этот и другие вопросы журналиста ответил директор ОАО «Агро-Колядичи» Петр Якимовец

239

Дырэктар ААТ «Агра-Калядзічы» П.С.Якімавец — чалавек вядомы ў нашым раёне. Аграрый па прызванні, ён на працягу многіх гадоў узначальваў агранамічную службу гаспадаркі, а з пачатку 2007 года заняў пасаду яе кіраўніка. За гэты перыяд зроблена нямала добрых спраў.
Сёлетні год асаблівы ў жыцці Пятра Сямёнавіча: ён адсвяткаваў 60-гадовы юбілей і атрымаў ганаровае званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь».
Акрамя гэтага, па выніках работы за мінулы год П.С.Якімавец стаў прызёрам конкурсу «Лепшы кіраўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства Брэсцкай вобласці», які праводзіць абласны аграпрамысловы саюз. Аб асноўных этапах сваёй працоўнай біяграфіі і асабістым жыцці Пётр Сямёнавіч расказаў нашаму карэспандэнту.
— Пётр Сямёнавіч, сельскай гаспадарцы Вы аддалі шмат гадоў. А што садзейнічала таму, што ў далёкім юнацтве зрабілі менавіта такі выбар?
— Чалавек я вясковы: нарадзіўся ў вёсцы Чабахі. З дзіцячых гадоў быў знаёмы з сялянскай працай, паколькі дапамагаў бацькам па гаспадарцы. Так склалася, што дарога прывяла мяне ў тагачасны Пружанскі саўгас-тэхнікум. Пасля служыў у войску, а калі дэмабілізаваўся, то некаторы час працаваў вадзіцелем. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. У цяперашняй сваёй гаспадарцы прайшоў шлях ад брыгадзіра да дырэктара.
— Ці можаце Вы ўявіць сябе ў іншай сферы прафесійнай дзейнасці? Калі б не сельская гаспадарка, то што тады?
— Ведаеце, я цяпер ужо і не ўяўляю свайго жыцця без сельскай гаспадаркі. Калі б усё ж давялося вярнуцца ў маладосць і зноў выбіраць прафесію, то, магчыма, аддаў бы перавагу тэхніцы і стаў бы інжынерам-механікам.
— Пётр Сямёнавіч, ААТ «Агра-Калядзічы» на працягу многіх гадоў з’яўляецца адной з лепшых гаспадарак раёна і вобласці. Цяжка быць лідарам?
— Гаспадарка працуе стабільна нават у даволі няпростых умовах. Нашы сельскія працаўнікі атрымліваюць заработную плату, якая па выніках работы за восем месяцаў набліжаецца да 500 долараў ЗША.
Акрамя таго, мы маем магчымасць будаваць жыллё для сем’яў, якія прыязджаюць да нас на працу.
Ну, а лідарам, вядома, быць няпроста. Мяркую, са мной пагадзяцца ў гэтым работнікі іншых гаспадарак раёна, якія таксама не стаяць на месцы, а інтэнсіўна развіваюцца.
— За кошт чаго, у першую чаргу, удаецца атрымліваць высокія ўраджаі і надоі?
— Што датычыцца жывёлагадоўлі, то тут існуюць тры фактары, якія вызначаюць прадукцыйнасць дойнага статка: кармы, каровы і кадры. Дарэчы, цяпер у разліку на карову мы атрымліваем за суткі па 22 кілаграмы малака.
У раслінаводстве галоўная задача — падтрымліваць урадлівасць зямлі. Для гэтага апошнім часам штогод уносім 120-130 тысяч тон арганікі. Вядома, у галіне раслінаводства ці не першачарговае значэнне мае і дыктатура тэхналогій. За кошт гэтага мы атрымліваем годныя ўраджаі збожжавых, цукровых буракоў і рапсу.
— Пётр Сямёнавіч, якімі Вам бачацца перспектывы развіцця таварыства?
— У нас склаўся працаздольны калектыў спецыялістаў, механізатараў і жывёлаводаў, з якімі ў далейшым будзем ісці па шляху нарошчвання аб’ёмаў прадукцыі і зніжэння яе сабекошту. Такім чынам мы павінны забяспечыць дабрабыт сваіх працаўнікоў.
Плануем таксама будаваць жыллё з мэтай прыцягнення маладых працаўнікоў. Дарэчы, сёлета ў Калядзічах мы павінны пабудаваць чатыры домікі прысядзібнага тыпу.
— Каго Вы лічыце сваім настаўнікам у жыцці?
— Я вельмі ўдзячны лёсу, што мне давялося працаваць з такімі вядомымі ў раёне людзьмі, як Я.І.Кудзінаў, П.М. Білецкі, Л.І. Валадзько. На працягу дваццаці гадоў займаў пасаду галоўнага агранома пад кіраўніцтвам Я.І.Кудзінава. Вядома, што я шмат чаго пераняў ад гэтага чалавека. Самае важнае, што ўсвядоміў, — гэта тое, што ў нашай справе галоўнае любіць сваю прафесію.
— Пётр Сямёнавіч, Вам часта даводзіцца караць сваіх падначаленых? Вы жорсткі кіраўнік ці ліберальны?
— Любому кіраўніку даводзіцца караць падначаленых. Ад гэтага нікуды не дзенешся. Але, лічу, што чалавеку неабходна даваць шанец выправіцца. Таму да кожнага стараюся падыходзіць індывідуальна. Так што ў некаторай ступені кіраўніку даводзіцца быць і псіхолагам.
А ўвогуле за той час, што я ўзначальваю гаспадарку, нас пакінуў толькі адзін спецыяліст — па прычыне змены месца жыхарства.
Лічу, што кіраўнік павінен быць патрабавальным і прынцыповым у зносінах са сваімі падначаленымі, тады ўсё ў калектыве будзе ладзіцца.
— Напэўна, званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь» да многага абавязвае…
— У тым, што я атрымаў такое высокае званне, — заслуга ўсяго нашага працоўнага калектыву. А гэта значыць, што мы павінны рухацца далей і дабівацца больш высокіх вынікаў у працы.
— Пётр Сямёнавіч, праца займае шмат часу, але ёсць і асабістае жыццё. Наколькі надзейным з’яўляецца Ваш тыл?
— Галоўная мая падтрымка — жонка, Галіна Міхайлаўна, якая цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Дарэчы, на асабістым падворку трымаем курэй, гусей і свіней.
Два нашы сыны і дачка жывуць у Брэсце. Маем двух унукаў.
Гутарыў Мікола Архуцік. Фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *