Воскресенье, 18 ноября 2018

В ОАО «Отечество» планируют собрать 2000 тонн яблок

260

Людзі пажылога ўзросту яшчэ памятаюць той перыяд, калі практычна ў кожнай гаспадарцы раёна былі свае пладовыя сады. Вядома, што з цягам часу яны састарэлі і практычна не прыносілі ніякай карысці сваім уладальнікам.
Цяпер пад садамі інтэнсіўнага тыпу на Пружаншчыне занята каля 800 гектараў зямель. Адной з першых у раёне пачалася закладка прамысловага яблыневага саду з сістэмай кропельнага арашэння ў ААТ «Айчына». Было гэта ў далёкім цяпер ужо 2005 годзе.
— Агульная плошча саду ў нас складае 171 гектар, з якіх на 150 гектарах высаджаны яблыні, — гаворыць начальнік цэха садаводства сельгаспрадпрыемства Я.Я.Паулік.
Садаводы займаюцца вырошчваннем не толькі яблыкаў, але і чорнай парэчкі і буякоў. Сёлета, дарэчы, было сабрана каля 1,5 тоны ягад чорнай парэчкі і 700 кілаграмаў буякоў.
Цяпер у садаводаў ААТ «Айчына» самы гарачы час: пачалася масавая ўборка яблыкаў.
— Першы ўраджай яблыкаў такіх ранніх сартоў, як «белы наліў» і «каваленкаўскае», мы ўжо сабралі, — гаворыць Яўген Яўгенавіч. — Цяпер убіраем познія сарты: «імрус», «беларускае салодкае», «шампіён», «айдарэд», «джонаголд».Неабходна адзначыць, што ў садзе гаспадаркі прадстаўлены сарты яблыкаў як айчыннай, так і замежнай селекцыі. Свае, як правіла, лепш пераносяць халады, менш хварэюць.
У пладовым садзе склаўся пастаянны калектыў садаводаў, які налічвае 20 чалавек. На перыяд масавага збору яблыкаў ён істона пашыраецца. У гэтыя дні, напрыклад, тут працуе брыгада работнікаў са Столінскага раёна.
У першыя гады, калі сад быў малады, збіралі па 300-400 тон пладоў. Пазалетась сабралі 1500 тон яблыкаў, а ў мінулым годзе — 1333 тоны. Сёлетні ўраджай яблыкаў радуе вока: усе дрэўцы ўсыпаны пладамі. Па папярэдніх разліках Яўгена Яўгенавіча, ураджай яблыкаў павінен скласці каля 2000 тон.
Адметна, што вітамінная прадукцыя ААТ «Айчына», у параўнанні з замежнай, экалагічна чыстая. Так, калі ў польскіх садах праводзіцца за сезон каля 17 хімапрацовак, то ў садзе таварыства ў бягучым годзе іх зроблена ўсяго толькі 7.
«Айчынныя» яблыкі, як і іншая вітамінная прадукцыя таварыства, карыстаюцца попытам у спажыўцоў і па таварным выглядзе не саступаюць замежным. У бягучым годзе ўжо адгружана партыя яблыкаў у Расійскую Федэрацыю і Казахстан. А ўвогуле, адразу з саду яблыкі накіроўваюцца ў сховішча, дзе могуць праляжаць да вясны. Сховішча разлічана на 3 тысячы тон прадукцыі і падзелена на 16 камер. Восем з іх забяспечана натуральнай вентыляцыяй, рэжым астатніх падтрымліваецца газавым асяроддзем.
Вядома, паўстае лагічнае пытанне: наколькі выгадна сёння займацца садаводствам? Па словах Яўгена Яўгенавіча, калі падыходзіць да гэтай справы ўсур’ёз, то можна атрымаць адпаведную аддачу і, вядома ж, прыбытак. Але, зразумела, каб дасягнуць гэтага, кожнаму садаводу неабходна прыкладаць шмат намаганняў на працягу ўсяго каляндарнага года.
На здымках: задаволена вырашчаным ураджаем яблыкаў садавод С.А.Здановіч; начальнік цэха садаводства ААТ «Айчына» Я.Я.Паулік; на ўборцы яблыкаў працуюць садаводы С.І.Кабрынец і А.А.Ціханенка.
Мікола Архуцік. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *