Среда, 19 сентября 2018

Наш опрос: что такое патриотизм?

303

Што такое патрыятызм? Спрэчнае пытанне. Гэтае слова грэчаскага паходжання: «patria» літаральна перакладаецца як «айчына», а само паняцце — маральная ўстаноўка на адданасць свайму гораду — узнікла якраз у эпоху грэчаскіх гарадоў-дзяржаў, якія ваявалі адзін з адным з нагоды і без… Цікава, як пружанцы разумеюць слова “патрыятызм” і ці лічаць яны сябе патрыётамі? Пра гэта журналісты “раёнкі” спыталі ў прахожых на вуліцах горада.
Арына:
— Мы не выбіраем, дзе нарадзіцца. А дзе нарадзіліся, там і павінны спатрэбіцца. Патрыётам можа лічыцца любы чалавек, які не проста маральна гатовы адстойваць незалежнасць радзімы, а які кожны дзень імкнецца зрабіць нешта добрае для роднага горада і людзей, якія ў ім жывуць: добрасумленна выконвае сваю работу, дапамагае іншым, не забруджвае навакольнае асяроддзе. А яшчэ шчырага патрыёта можна распазнаць па паважлівым стаўленні да іншых народаў і іх культур без пачуцця перавагі над імі.

Максім:
— Кажуць, дзе сям’я — там і родная зямля. Сам я родам з Казахстана, у Беларусі жыву менш за год. Краіна добрая, у параўнанні з іншымі, у якіх мне давялося пабываць. Тут вельмі шмат зроблена менавіта для людзей. Тут ніколі я не сустракаў ні нацыянальнага, ні рэлiгiйнага, ні моўнага прыгнёту. Дружалюбнасць і дабрыня беларусаў здзіўляе. Праўда, не магу сцвярджаць, што за год Беларусь стала мне другой радзімай. Але, калі раптам ёй будзе пагражаць небяспека, я гатовы стаць плячом да пляча з беларусамі і абараняць гэтую зямлю.

Елізавета:
— Любоў да радзімы — пачуццё такое ж натуральнае, як любоў да маці. На маю думку, сапраўдны патрыёт — гэта той чалавек, які працуе на карысць сваёй краіны, які ведае яе гісторыю, шануе памяць продкаў, беражэ помнікі культуры, мову і літаратуру. Сапраўдны патрыятызм — гэта высокае пачуццё, якое стварае, а не разбурае… А ў выпадку неабходнасці я гатовая ўзяць у рукі зброю і абараняць сваю зямлю нароўні з хлопцамі. Але спадзяюся, што ніколі не з’явіцца падстава для гэтага.

Аляксандр:
— Мы, беларусы, нікому не зрабілі зла і заўсёды імкнуліся жыць у згодзе з іншымі народамі. Таму хочацца верыць, што ў нас вайны не будзе. Праўда, як паказваюць падзеі апошніх гадоў, вайна можа пачацца там, дзе яе зусім не чакаюць. Калі раптам такая бяда здарыцца ў Беларусі, я пайду абараняць сваіх родных. Нас, беларусаў, хоць і параўнальна мала — усяго дзевяць з паловай мільёнаў, але змагацца за сваю Радзіму, калі спатрэбіцца, мы будзем.

Міхаіл Васільевіч:
— Сапраўдны патрыёт не крычыць аб сваёй гарачай любові да айчыны. Ён моўчкі, але добра робіць сваю справу: упарта вучыцца, здабывае веды, стварае паўнавартасную сям’ю, сумленна працуе. Я таксама штодня выконваю свае абавязкі як галава сям’і, як бацька, як законапаслухмяны грамадзянін. Мне здаецца, гэта і ёсць галоўны доказ любові да радзімы. Акрамя таго, патрыёт паважае культуру і мову іншых народаў і бачыць тую чалавечую існасць, якая аб’ядноўвае нас. Мы ўсе — людзі, і нам патрэбна жыць і ствараць. А ў выпадку вайны, упэўнены, Беларусь на мяне, як на адданага сына, можа разлічваць.

Карына:
— Сёння, на жаль, у людской свядомасці ўсе паняцці перамяшаліся да непазнавальнасці. Як так магло здарыцца, што эквівалентам патрыятызму, любові да сваёй краіны раптам стала нянавісць да іншых народаў? Я не нацыяналіст. Вырасла ў інтэрнацыянальнай сям’і: сярод маіх родных — беларусы, украінцы, літоўцы, грузіны. І заўсёды мы жылі ў міры і згодзе. Таму сапраўдны патрыятызм для мяне — гэта, перш за ўсё, павага да сваёй малой радзімы, да сваёй сям’і, дзе выхавалі нас і дзе мы гадуем сваіх дзетак. І наша задача — стварыць для іх камфортныя ўмовы жыцця, каб ім, калі вырастуць і вылецяць з роднага гнязда, заўсёды хацелася сюды вярнуцца.

Сяргей:
— Я патрыёт, але не да фанатызму. Няма нічога дрэннага ў тым, каб любіць свой край, але гэтае пачуццё не павінна ператварацца ў нянавісць да суседзяў. Тая з’ява, якую мы сёння назіраем у свеце і якую многія людзі называюць патрыятызмам, такім, на самай справе, не з’яўляецца. Называйце гэта як заўгодна: нацыяналізмам, фашызмам, шавінізмам, але толькі не патрыятызмам. Лічу, што бацькі правільна навучылі мяне ставіцца да радзімы, і гэтая любоў у мяне ў сэрцы. Калі ж уявіць, што да нас прыйдзе вораг, то ваяваць будзем. Мы, беларусы, хоць і мірныя людзі, але зубы аб нас абламалі многія.

Думкамі цікавілася Алена Зялевіч.
Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *