Среда, 19 сентября 2018

Аб чым маўчаць помнікі: доктар Таццяна Алефірэнка

269

Рыхтуючы ў 2015-2016 гадах цыкл матэрыялаў пад агульнай назвай “Там, дзе няма ні болю, ні смутку, ні плачу”, прысвечаны мінуламу гарадскіх праваслаўных могілак, з фотаапаратам у руках я не адзін дзень пратоптвала сцежкі паміж помнікамі. У першую чаргу, зразумела, цікавілі старажытныя пахаванні XIX стагоддзя (ранейшыя, на жаль, знайсці не атрымліваецца, самае старое надмагілле, што захавалася тут, датавана 1847 годам), дарэвалюцыйныя і даваенныя помнікі.
Але паступова прыходзіла асэнсаванне, што другая палова XX стагоддзя, якая здаецца нашаму пакаленню сучаснасцю, — далёкае мінулае для тых, хто нарадзіўся пасля “міленіума”. І жыцці людзей, што стваралі пасляваенную гісторыю нашага рэгіёна, рызыкуюць застацца толькі рысачкамі паміж датамі нараджэння і смерці на помніках.
Так што зноў давялося ўзброіцца фотаапаратам і блакнотам і крочыць па могілках. І зноў знайсці для сябе шмат раней невядомага. Напрыклад, міма гэтага вялікага гранітнага помніка праходзіла шмат разоў, пазнавала яго здалёк, але толькі зараз заўважыла выяву змяі, якая абвіла чашу, — сімвал медыцыны. Сціплы надпіс абвяшчае: “Алефірэнка Таццяна Міхайлаўна, 27.11.1919-31.03.1977”.
Кім яна была? Хто раскажа пра гэту жанчыну? Варта было толькі пацягнуць за кончык нітачкі, і клубок успамінаў пачаў размотвацца нібы сам сабой.
Яе бацька паходзіў з беднай шматдзетнай сялянскай сям‘і, працаваў рамізнікам у пана. Яе маці рана асірацела. Але дзяцінства Таццяны Алефірэнка прыпала ўжо на часы Савецкай улады, якая дала магчымасць тым, “хто быў нікім, стаць усім”. Гэты лозунг сапраўды працаваў: дзяўчына з украінскай вёскі Карапышы, што за сто кіламетраў ад Кіева, пасля заканчэння дзесяцігодкі паступіла ў 2-гі Ленінградскі медыцынскі інстытут.
Невядома, як склаўся б далейшы лёс студэнткі-выдатніцы: перспектывы здаваліся цудоўнымі. Ды толькі ўсе мары перакрэсліла вайна.
Ужо напрыканцы чэрвеня 1941 года студэнты-медыкі разам з іншымі ленінградцамі выйшлі на будаўніцтва абарончых збудаванняў у горадзе і вакол яго. Працавалі штодзень пасля заняткаў. Неслі дзяжурствы ў службе мясцовай супрацьпаветранай абароны. А 8 верасня фашысцкія войскі замкнулі блакаднае кола. Стала зусім цяжка. Пяты курс Алефірэнка скончыла па паскоранай праграме і пачала працаваць у бальніцы імя Мечнікава. Сцюдзёная і галодная зіма 1942 года выпрабоўвала маладога ўрача не толькі на прафесіяналізм, але і на жыццёвую трываласць.
У жніўні 1942 года яе па стане здароўя вывезлі з Ленінграда ў Краснаярскі край, дзе знаходзіліся ў эвакуацыі бацькі з малодшымі братамі і сястрой, і прызначылі працаваць начальнікам міжраённай санэпідстанцыі ў горадзе Паўночна-Енісейску. Але Таццяну не задавальняла праца ў тыле: на фронце загінуў яе жаніх, у дзеючай арміі ваяваў брат-пагодак (старшага лейтэнанта Цімафея Алефірэнку за-б‘юць у баях за вызваленне роднай Украіны). У чэрвені 1943-га малады ўрач добраахвотна апранула вайсковы мундзір, з войскамі Другога Беларускага фронту ў якасці начальніка лазарэта в/ч 64211 (663-і батальён аэрадромнага забеспячэння) прайшла шлях ад Вязьмы да Кё-нігсберга.
Пры ўладкаванні на працу ў пасляваенны час яна адказвала на пытанне анкеты: “Ці былі за мяжой?” — “Так. Студзень-жнівень 1945 года, Усходняя Прусія, Аленштайн, Прэйсіш-Эйлаў, у складзе дзеючай арміі”… Пасля гэтага “падарожжа за мяжу” Таццяна Міхайлаўна была ўзнагароджана медалём “За ўзяцце Кёнігсберга”.

У жніўні 1945-га вайсковая часць была перайменавана (в/ч 29690) і пераведзена ў Пружаны. Лазарэт размясціўся ў доме па вуліцы Чырвонаармейскай. Магчыма, нехта не паверыць у сімвалічнасць, перасячэнне лёсаў, але менавіта ў адным з іх — драўляным доме на рагу вуліц Чырвонаармейскай і Кастрычніцкай наша сям‘я атрымала кватэру ў 1966 годзе. Стары калодзеж у двары аказаўся напаўзасыпаным, яго хацелі расчысціць і знайшлі пабітыя шкляныя шпрыцы, рэшткі перавязачных матэрыялаў. Баючыся якой-небудзь заразы, проста затрамбавалі бетонныя кольцы зямлёй даверху, каб дзеці не лазілі, і бабуля высадзіла там гладыёлусы.
Таццяна Алефірэнка заставалася начальнікам лазарэта да дэмабілізацыі ў маі 1946 года. Цяжка цяпер дакладна сцвярджаць, чаму яна вырашыла звязаць з Пружанамі свой лёс. Нежаданне новых пераездаў? Нараджэнне сына? Патрэба мясцовай бальніцы, дзе адзіным урачом застаўся В.І.Гарустовіч, у спецыялістах? Са службовых дакументаў, якія захоўваюцца ў архіве цэнтральнай раённай бальніцы, дакладна вядома адно: Алефірэнка з 1 ліпеня 1946 года прыступіла да выканання абавязкаў загадчыцы хірургічнага кабінета Пружанскай гарадской паліклінікі. У гэты час да яе пераязджаюць бацькі з малодшымі дзецьмі. Дарэчы, да сённяшняга дня яе сястра Галіна Міхайлаўна Чухланцава, якая жыве ў Пружанах, перажывае, што з-за неабходнасці клапаціцца аб вялікай сям‘і Таццяна так і не ўладкавала асабістае жыццё. Але такой яна была заўсёды: спачатку — клопат аб іншых, і толькі потым — аб сабе.

Таццяна Алефірэнка з сынам, красавік 1946 года.

Праз паўгода кіраўніцтва раённага аддзела аховы здароўя вырашыла, што хірург з вопытам франтавых аперацый павінна перакваліфікавацца на самую мірную ўрачэбную спецыяльнасць — акушэра-гінеколага. Так Таццяна Алефірэнка ўзначаліла адпаведнае аддзяленне бальніцы, якое размяшчалася ў правым крыле ўзведзенага “за польскім часам” будынка, і жаночую кансультацыю, што цяснілася разам з паліклінікай у будынку былой “чырвонай” турмы. Новыя абавязкі даваліся цяжка. У службовых характарыстыках першапачаткова гаворыцца пра недастатковае валоданне тэхнікай складаных гінекала-гічных аперацый, іншыя нездавальняючыя моманты работы. У той жа час адзначаецца працавітасць і нястомнасць урача, яе адданасць выбранай справе.
Алефірэнка была накіравана на курсы павышэння кваліфікацыі, у дастаткова кароткі тэрмін асвоіла правядзенне патрэбных аперацый. Мне расказвалі, што яна першай у Пружанах пачала рабіць парадзіхам “кесарава сячэнне” (зараз цяжка ў такое паверыць, думаю, меліся на ўвазе планавыя аперацыі ці больш сучасныя методыкі, але дакументальна па-цвердзіць ці абвергнуць падобнае ўжо, напэўна, немагчыма). Чамусьці ў 1953 годзе яе ўсё ж адхілілі ад загадвання аддзяленнем: кіраўніцтва знайшло нейкія хібы. Але жанчына ўспрыняла канструктыўную крытыку як штуршок да працы над сабой. Самаўдасканаленне дало плён, а галоўнае, аказалася, што ў былой франтавічкі немалыя арганізатарскія здольнасці. Праз тры гады Таццяна Алефірэнка была прызначана галоўным урачом райбальніцы, а напрыканцы 1958 года, калі былі скасаваны райздраўаддзелы і створаны новыя структуры – цэнтральныя раённыя бальніцы, заняла пост намесніка галоўнага ўрача па лячэбнай частцы ЦРБ. Пры гэтым увесь час працягвала працаваць акушэрам-гінеколагам, шмат аперыравала.
Жанчыны давяралі свайму доктару. Жыхарка Пружан Ангеліна Іванаўна Самусь памятае радзільнае аддзяленне пачатку 1950-х гадоў (яе першынец нарадзіўся ў 1952-м) і адзначае, які тут панаваў парадак. Працаздольнасці доктара здзіўляліся калегі. “Як рана ні ідзеш на працу і калі ні вяртаешся дадому — у кабінеце Алефірэнкі на другім паверсе паліклінікі гарыць святло”, — расказвае былая загадчыца клінічнай лабараторыі Любоў Іванаўна Каўганка. Гэта ўжо гутарка пра новы будынак па вуліцы Міцкевіча. У лістападзе 1970 года Таццяна Міхайлаўна Алефірэнка атрымала званне “Заслужаны ўрач БССР”.

Першая палова 1970-х.

Яна не шкадавала сябе, у любы дзень, любы час сутак па першым выкліку бегла на дапамогу. Вялікія нагрузкі адмоўным чынам адбіваліся на здароўі. Некалькі разоў урач пісала заявы з просьбай вызваліць яе ад адміністрацыйнай пасады, але рэзалюцыі на іх былі падобнымі: немагчыма, не хапае кадраў. Толькі ў лютым 1976 года на пасту намесніка па лячэбнай рабоце яе змяніў В.Ф.Трускоў.
А потым здарылася непапраўнае: падчас тэрміновай дапамогі парадзісе Таццяна Міхайлаўна заразілася інфекцыйным гепатытам. Урачы павінны страхавацца ад падобных выпадкаў, але тут супала адразу некалькі выпадковасцей: немагчымасць своечасова апытаць пацыентку аб перанесеных хваробах, паранены напярэдадні палец, парваная медыцынская пальчатка. Для прафілактыкі захворвання ўсёй брыгадзе зрабілі ін‘екцыі дэфіцытнага (што ў тыя гады не было дэфіцытам?) гама-глабуліну.

Пахавальная працэсія на вуліцы Чырвонаармейскай, перад катафалкам неслі 50 вянкоў.

Пра сябе Алефірэнка, як заўсёды, падумала ў апошнюю чаргу…
Жаўтуха дала ўскладненні, і 1 красавіка 1977 года ў асабістай справе ўрача з‘явіўся апошні загад: вызваліць ад займаемай пасады ў сувязі са смерцю…
Ірына СЯДОВА.

Фота аўтара і з асабістых архіваў Г.М.Чухланцавай і Л.І.Каўганка.

Один комментарий

  • Юрий

    Помним,скорбим!Спасибо,Ирина, за статью.
    Семья Кухтиных.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *