Вторник, 14 мая 2024

«Я подаю идею, а муж воплощает ее в жизнь». О своей семье рассказали Юлия и Максим Куровские

1 554

Пра самыя трывалыя пары, якія могуць служыць для іншых узорам шчаслівага сямейнага жыцця, можна адназначна сказаць, што муж і жонка — палавінкі аднаго цэлага. Не раз даводзілася сустракацца з сем’ямі: і з невялікім «стажам», і з залатымі юбілярамі — і ўсе, як правіла, дзеляцца на два тыпы. У першым выпадку муж і жонка з’яўляюцца супрацьлегласцямі, якія, згодна з законам фізікі, прыцягваюцца адзін да другога. Але Юля і Максім Куроўскія прызнаюцца, што гэта не ў іх выпадку. Пра такіх кажуць: гэта родныя душы з аднолькавымі інтарэсамі, з падобнымі рысамі характару, гэта асобы, якія глядзяць у адным накірунку і добра дапаўняюць адзін другога…
Сваё знаёмства следчы раённага аддзела Следчага камітэта і настаўніца пачатковых класаў гімназіі лічаць шчаслівай выпадковасцю.
— Прыйшлі адпачыць у адну і тую ж установу, а паколькі месцаў не хапала, нашы кампаніі пасадзілі за адзін столік, — прызнаецца Максім. — Вось так усё банальна.
Чаго не скажаш пра іх сумеснае жыццё, адлік якога пачаўся шэсць гадоў таму. Замест будзённай бытавухі, у якой тоне мноства сямейных пар, Юлія і Максім Куроўскія вядуць насычанае, цікавае жыццё, пераўтвараюць банальнае ў незвычайнае, цікавае, арыгінальнае.
— Я люблю падкінуць ідэю, а Макс — яе ўвасобіць, — расказвае Юлія. — Нават у бытавым плане: напрыклад, я прапаноўваю паспрабаваць прыгатаваць штосьці, а муж з задавальненнем бярэ гэтую ініцыятыву ў свае рукі.
Так здарылася і напярэдадні парада калясак, які пазалетась праходзіў у Пружанах.
— Убачыла аб’яву, неяк няўпэўнена прапанавала Максіму паўдзельнічаць, а ён вазьмі і падтрымай ідэю.
Варта адзначыць, лёгкі на ўздым Максім (чаго нельга сказаць пра большасць мужчын, згадзіцеся) не проста прыдумаў агульную ідэю для вобраза сям’і Куроўскіх, але і ўзяў на сябе амаль усе клопаты па падрыхтоўцы. Ён пераабсталяваў каляску дачкі ў «карабель Элізабет», змайстраваў касцюмы для сябе і жонкі, якія, згодна з задумай, паўсталі ў вобразах піратаў Карыбскага мора. На той момант у сям’і падрастала толькі дачушка Ліза.
Са з’яўленнем Кацюшы, якой на сённяшні дзень усяго восем месяцаў, імпэту Куроўскія не згубілі. Максім і Юля прымаюць удзел у каманднай інтэлектуальна-забаўляльнай гульні «Гульні Розуму».
— Спачатку адправіла туды Макса, — усміхаецца Юля, — а затым у гэтую «секту» ён пацягнуў мяне.
Дарэчы, калі малодшую дачку бацькі пакідаюць на бабулю з дзядулем, то старэйшую бяруць з сабой.
— Больш за тое, Лізка наша дапамагла камандзе зарабіць бал, падказаўшы адказ на пытанне пра героя мультфільма, — хваліць дачушку тата. — Мы, відавочна, няўважлівыя гледачы, у адрозненне ад дачкі.
А два гады таму Юлія і Максім завялі яшчэ адну сямейную традыцыю — пераапранацца ў касцюмы Дзеда Мароза і Снягуркі і віншаваць родных і знаёмых з Новым годам. Кожны год напярэдадні свята яны безвынікова мітусіліся ў пошуках касцюмаў, пакуль аднойчы Максім не сказаў: «Няўжо я, чалавек з вышэйшай адукацыяй, не разбяруся, як робіцца выкрайка і з якога боку падыходзіць да швейнай машынкі?!» Так у шафе Куроўскіх з’явіліся касцюмы, якія яны апранаюць, чым дораць прыемныя эмоцыі як дзецям, так і дарослым.
Можа скласціся ўражанне, што ў сям’і Куроўскіх толькі тата, як у той прымаўцы, і швец, і жнец. Але, гледзячы на незвычайнай прыгажосці карціны, вышытыя гаспадыняй, ад якіх немагчыма адарваць позірк, разумееш, што і Юля рукадзельніца яшчэ тая.
— Гэты талент адкрыла ў сабе, калі першы раз пайшла ў дэкрэт. І дагэтуль час ад часу бяру ў рукі пяльцы і іголку з ніткай.
Сёння сям’я туліцца ва ўласнай аднапакаёвай кватэры, але марыць займець свой дом. І пакуль мама займаецца выхаваннем дачок, тата ўвасабляе мару ў жыццё.
Тым не менш ні работа, ні бытавыя клопаты не перашкаджаюць сям’і ў выхадныя выязджаць на ўлонне прыроды, ездзіць па гарадах Беларусі, дзе можна як пазнаёміцца з нацыянальнымі славутасцямі, так і незабыўна адпачыць, ды проста радавацца жыццю.

…На пытанне аб уласным сакрэце сямейнага шчасця Юліі і Максіму Куроўскім складана адказаць.
— Ды хто ж яго ведае?! Быццам бы і няма ў нас асаблівых сакрэтаў, — гаворыць Максім, кідаючы ласкавы погляд на жонку. — Усё элементарна: трэба вучыцца чуць адзін аднаго, умець саступаць, знаходзіць агульныя інтарэсы…
Юля працягвае пачатую мужам думку:
— Верагодна, у каханні. Як там было сказана ў вершы? «Любовь? Да нет. Откуда? Вряд ли это. А просто так: уйдёт — и я умру».
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *