Вторник, 29 сентября 2020

Самое главное об африканской чуме свиней в интервью с заместителем главного ветврача района

612

Апошнім часам у сродках масавай інфармацыі ўсё часцей сустракаюцца матэрыялы пра распаўсюджанне такога небяспечнага захворвання свіней, як афрыканская чума. Што неабходна ведаць уладальнікам асабістых падсобных гаспадарак, каб не дапусціць заносу віруса гэтай хваробы на ўласныя падворкі? Аб гэтым гутарка карэспандэнта з намеснікам галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна Т.С.Карэтка.
— Таццяна Сяргееўна, наколькі небяспечнай з’яўляецца афрыканская чума свіней для ўладальнікаў асабістых падсобных гаспадарак?
— Афрыканская чума свіней — вірусная хвароба свойскіх і дзікіх свіней, якая характарызуецца высокай лятальнасцю, блізкай да 100 працэнтаў. Крыніцай узбуджальніка хваробы з’яўляюцца хворыя і перахварэлыя дзікія і свойскія свінні, а таксама аргасавыя кляшчы. Фактарамі перадачы ўзбуджальніка афрыканскай чумы свіней з’яўляюцца інфіцыраваныя аб’екты знешняга асяроддзя (кармы, вада, прадметы догляду, гной і іншыя), тушы загінуўшых і прадукты забою інфіцыраваных жывёл.
Вірус афрыканскай чумы свіней не гіне пры смерці жывёлы і захоўвае сваю актыўнасць ад 60 да 100 дзён, а ў глебе — да 4 месяцаў. У салёным сале і замарожаных тушах можа захоўвацца да 15 гадоў.
Лекавыя сродкі для прафілактыкі і лячэння афрыканскай чумы адсутнічаюць. Чалавек на гэтую чуму не хварэе.
— А ці захоўваецца ў нашым раёне пагроза распаўсюджання афрыканскай чумы свіней?
— У суседніх краінах пастаянна выяўляюцца ачагі захворвання свіней на афрыканскую чуму.
Таму ў нашым раёне свінагадоўчыя комплексы працуюць у закрытым рэжыме. Вакол іх захоўваюцца двухкіламетровыя буферныя зоны. У такіх населеных пунктах, як Бузуны, Казлы, Клепачы, Ліхачы, Пасталова, Краснае, Несцяркі, Бор-Ліпы, Калазубы, Вітараж, забараняецца трымаць свіней. Маніторынгі па выяўленні свіней у буферных зонах вакол свінакомплексаў праводзяцца рэгулярна.
Грамадзянам, якія трымаюць свіней, неабходна ўстрымацца ад наведвання лясоў без асаблівай неабходнасці. А пасля наведвання лесу, дзе могуць жыць дзікі, патрэбна праводзіць дэзынфекцыю абутку, вопраткі і рук. Камбікармы для свіней неабходна набываць толькі праз дзяржаўныя сеткі, каб пазбегнуць прадукцыі няпэўнага паходжання. Забараняецца карміць жывёл харчовымі адходамі, рэшткамі свініны, даваць ваду, у якой мылі мяса, мясарубкі, выкарыстоўваць без тэрмічнай апрацоўкі кукурузныя пачаткі, пасляўборачныя рэшткі буракоў і бульбы.
— Таццяна Сяргееўна, а калі здарылася так, што жывёла загінула?
— Гаспадарам ні ў якім разе нельга вывозіць тушы мёртвых жывёл у лес або на сметнік. Патрэбна неадкладна выклікаць прадстаўні-ка ветэрынарнай службы, які падкажа, як дзейнічаць далей.
— А што трэба ведаць вяскоўцам, якія жадаюць прадаць свініну на рынку?
— Неабходна памятаць, што забой свіней з мэтай продажу мяса і прадуктаў забою робіцца толькі ў спецыялізаваных месцах. У нашым раёне гэта забойны пункт філіяла райспажыўтаварыства «Прадтавары». Усе жывёлы перад забоем павінны прайсці ветэрынарны агляд, а мяса і мясныя прадукты, атрыманыя пасля забою, падлягаюць абавязковай ветэрынарна-санітарнай экспертызе і кляйменню.
Прадукцыя (у тым ліку і сала) ад свіней, забітых у хатніх умовах, можа выкарыстоўвацца толькі для асабістага ўжывання.
Для продажу парасят грамадзяніну неабходна мець пры сабе даведку аб наяўнасці падсобнай гаспадаркі і даведку ветэрынарнага ўрача з указаннем нумара дазволу раённай ветэрынарнай службы.
— Таццяна Сяргееўна, якія дакументы неабходна мець грамадзянам для перавозкі свіней і прадукцыі свінагадоўлі па тэрыторыі раёна, вобласці і рэспублікі?
— Для перамяшчэння жывых свіней і прадукцыі свінагадоўлі па тэрыторыі Пружанскага раёна грамадзяніну неабходна мець пры сабе даведку аб наяўнасці асабістай падсобнай гаспадаркі і даведку ветэрынарнага ўрача з указаннем нумара дазволу раённай ветэрынарнай службы. Для перамяшчэння па тэрыторыі Брэсцкай вобласці і Рэспублікі Беларусь неабходна звяртацца ў раённую ветэрынарную станцыю або ў Шарашоўскую, Сухопальскую, Ліноўскую, Ружанскую ўчастковыя ветэрынарныя лячэбніцы з вышэйназванымі дакументамі для атрымання ветэрынарнага пасведчання.
Гутарыў Мікола Архуцік.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *