Воскресенье, 20 января 2019

Будет ли третий отличник в семье Волосевичей? Первоклассник Игнат настроен решительно!

2 452

«Калі настаўніца скажа, што я кепска пішу, я адкажу ёй, што буду доктарам», — так псіхалагічна рыхтуецца да першага ў сваім жыцці навучальнага года першакласнік СШ №3 Ігнат Валасевіч. Нарэшце ён дачакаўся таго дня, калі разам з іншымі членамі сям’і сеў раніцай у татаву машыну і паехаў на школьную лінейку ўжо не як госць, а як ганаровы яе ўдзельнік. Строгі касцюм, белая кашуля і, вядома ж, гальштук — усё для таго, каб першага верасня выглядаць асабліва ўрачыста, паважна: гэта ж сапраўднае свята ведаў! Яно, няма сумненняў, і сёлета выклікала прыемныя хваляванні ў вучняў, іх бацькоў і, безумоўна ж, настаўнікаў.
Ісці ў першы клас Ігнат не баіцца: ён ужо добра ведае, што такое школа, па аповедах старэйшай сястры Аляксандры і брата Арсенія, якія таксама вучацца ў СШ №3. Першакласнік не сумняваецца: калі што-небудзь пойдзе не так, яму будзе да каго звярнуцца па дапамогу. Вось і сёння родныя брат і сястра побач з ім: трымаючыся за рукі, усе трое крочаць у свае класы — першы, пяты і дзясяты.
— У школу трэба хадзіць для таго, каб вучыцца, быць разумным і ведаць усё, — лічыць Ігнат.
— Навошта гэты клопат? — правакую першакласніка.
— А таму што я не магу спакойна жыць!
Сапраўды, нецікавае жыццё гэты школьнік не прымае. Рабіць тое, што падымае настрой, — гэта ў першую чаргу. Нездарма сам хлопчык праявіў жаданне займацца танцамі, і цяпер з непадробным энтузіязмам наведвае заняткі ўзорнага ансамбля эстраднага танца «Рубікон». Па душы гэтаму весельчаку і спевы, ды толькі музычныя творы з так званага дзіцячага рэпертуару асаблівай сімпатыі ў яго не выклікаюць — куды бліжэй «дарослыя» песні папулярных сёння артыстаў.
Хлопчык праяўляе цікавасць і да больш сур’ёзнага захаплення тэхнікай, якое, дарэчы, з’яўляецца агульным для абодвух братоў. Арсеній і Ігнат вельмі любяць бавіць час за рамонтам аўтамабіля, зразумела, разам з татам.
— А я з задавальненнем збіраю канструктары LEGO! А пакуль яшчэ на вуліцы цёпла, ледзь не кожны вечар гойсаю ці то на веласіпедзе, ці то на роліках, — так бавіць вольны час Арсеній, які на пачатку новага навучальнага года паставіў перад сабой мэту — быць выдатнікам, як і ў папярэдніх класах.
Дабіцца мэты хлопчык проста абавязаны: грунтоўная база ў яго ёсць, здольнасці таксама, што пацвердзілася і падчас раённага конкурсу «Пазнайка», у якім хлопчык заняў трэцяе месца. Дарэчы, у школе Арсеній быў удастоены і тытула «Вучань года — 2018».
Імкнецца быць лідарам і старэйшая сястра Саша, у якой ёсць агульнае з Арсеніем хобі: абое захапіліся вывучэннем англійскай мовы. Аляксандра, між іншым, апошнім часам узялася за вывучэнне яшчэ і кітайскай мовы, якую асвойвае пакуль што толькі сваімі сіламі па відэаўроках у інтэрнэце. Дзяўчына робіць гэта мэтанакіравана: яна разглядае магчымасць стаць у будучым усходазнаўцам-міжнароднікам. Дасягненне высокай мэты патрабуе немалых намаганняў, таму Аляксандра ставіцца да вучобы асабліва адказна, а сёлета, скончыўшы 9 клас, атрымала пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай. — Прызнацца, акрамя замежнай мовы, мне падабаецца вывучаць у школе біялогію, хімію. А апошнім часам я асабліва палюбіла ўрокі фізкультуры, — расказвае выдатніца, якая свой вольны час даволі часта прысвячае чытанню кніг. — Вельмі ўражваюць мяне творы Стывена Кінга. А нядаўна я пачала чытаць «Чарадол. Чарадольскі бранзалет» сучаснай пісьменніцы Наталлі Шчэрба, якая стварае кнігі ў жанры фантастыкі.
Між іншым, Саша стараецца чытаць кнігі і на англійскай мове, якіх у яе на паліцы таксама нямала.
— Такім чынам я развіваю сваю англійскую мову, і гэта сапраўды спрацоўвае, — зазначае дзеся-цікласніца, якая мае некалькі сяброў з Расіі і Карэі і перапісваецца з імі таксама па-англійску. — Толькі не падумайце, што замежная мова — маё адзінае захапленне!
Так, Саша мае неблагія вакальныя даныя і любіць спяваць. З задавальненнем Аляксандра наведвае і заняткі аб’яднання па інтарэсах «Юны журналіст» у ЦТДМ, дзе таксама ўжо мае свае поспехі. Акрамя таго, з нядаўняга часу сур’ёзна захапілася кулінарнай справай і цяпер амаль што нароўні з мамай гатуе для сваёй вялікай сям’і.
Да слова, першага верасня — асаблівы дзень не толькі для дзяцей сям’і Валасевічаў. Тата Эдуард Паўлавіч і мама Наталля Васільеўна адзначаюць гэтае свята амаль што як сямейнае, таму што яны педагогі. Эдуард Паўлавіч — вопытны настаўнік вышэйшай катэгорыі, які выкладае ў той жа СШ №3, дзе вучацца дзеці, чарчэнне і працоўнае навучанне. Наталля Васільеўна — вядомы лагапед, настаўніца пачатковых класаў — займаецца педагагічнай дзейнасцю на прыватных умовах.
Педагогам Валасевічам, дзеці якіх паказваюць прыклад адказнага стаўлення да вучобы, задаю пытанне:
— Ад чаго залежыць поспех вучня ў школе?
— Ад настрою бацькоў! — адказваюць яны і спяшаюцца патлумачыць думку:
— Задача бацькоў — падтрымліваць дома цікавасць дзіцяці да вучобы. Як бы ні старалася дзіця ў школе, дома яно павінна замацоўваць атрыманыя веды, а бацькі — строга кантраляваць гэты працэс. Калі і тата, і мама ў роўнай ступені будуць добрасумленна ўдзяляць час свайму дзіцяці, займацца з ім не дзеля галачкі, то добра вучыцца будзе абсалютна любое дзіця, нават тое, якое, здавалася б, да вучобы зусім не здатнае. Паспяхова вучыцца могуць усе, паверце вопыту!
На думку бацькоў Валасевічаў, спрыяе добрай вучобе дзяцей і Божая падтрымка.
— Вадзіце сваіх дзетак у царкву, выхоўвайце ў іх духоўнасць — тады ўсё атрымаецца!
Вольга Басак, Сяргей талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *