Среда, 19 сентября 2018

На районном этапе «Властелина села» победила семья Ярошуков из Сухополя

616

Рэспубліканскі сямейны сельскагаспадарчы праект «Уладар сяла», аднымі з арганізатараў якога традыцыйна выступаюць ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, ладзіцца ўжо не першы год. Такім чынам ініцыятары конкурсу прыкладаюць намаганні, каб замацаваць маладыя сем’і на сяле, падтрымаць іх і, вядома, разнастаіць нялёгкія працоўныя будні тых, хто штодзень жыве справамі аграрнымі.Адкрыў мерапрыемства старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец. Конкурс «Уладар сяла», які праводзіцца ўжо больш за дзесяць гадоў, кожны раз не падобны на папярэдні. Адметна, што ўдзельнікі ад Пружаншчыны, якія славяць сельскую працу, цэняць сямейныя каштоўнасці, здаровы лад жыцця, апошнія гады ўваходзяць у лік лепшых «Уладароў сяла» Брэстчыны, прадстаўляюць рэгіён на рэспубліканскім этапе.
Забаўляльныя сельскагаспадарчыя і творчыя конкурсы — гэта ўсяго толькі апошні этап на шляху да звання «Уладар сяла». Каб атрымаць допуск да ўдзелу ў ім, прэтэндэнты на званне традыцыйна павінны не проста адносіцца да катэгорыі маладой сям’і і пражываць у сельскай мясцовасці, але і працаваць у сельскай гаспадарцы, весці прысядзібную гаспадарку, трымаць падворак у належным санітарным стане. Сёлета такіх герояў, якія змаглі прыняць удзел у раённым этапе праекта, было не так шмат. Па аб’ектыўных прычынах у Клепачах сабралося толькі сем маладых сем’яў: Леаніда Бабко і Кацярыны Ляўчук (аг.Белавусаўшчына, Пружанскі сельсавет), Дзяніса і Ірыны Сінькевічаў (аг.Кабылаўка, Хараўскі сельсавет), Віктара і Веранікі Зарэцкіх (аг.Шані, Шаняўскі сельсавет), Алега і Таццяны Максімовічаў (аг. Клепачы, Мокраўскі сельсавет), Аляксандра і Юліі Ярашукоў (аг.Сухопаль, Сухопальскі сельсавет), Андрэя і Ірыны Гарусаў (г.п.Ружаны, Ружанскі сельсавет), Аляксея і Анастасіі Самасюкоў (аг.Вялікае Сяло, Велікасельскі сельсавет).
Барацьба за прызавыя месцы праекта была напружанай на працягу ўсіх трох гадзін, што ішлі конкурсы. Яшчэ падводзячы вынікі першага конкурсу, журы сутыкнулася з нялёгкай задачай — вылучыць самую хлебасольную сям’ю, калі практычна кожная з іх накрывала стол быццам з абруса-самабранкі, дзе вочы разбягаліся ад разнастайнасці традыцыйных беларускіх страў і не толькі: і калдуны, і караваі, і фаршыраваная рыба, і пальцам піханая каўбаса… А чаго было варта афармленне некаторых страў! Сапраўдныя шэдэўры кулінарнага майстэрства! У выніку ў конкурсе «Смачна есці» месцы былі падзелены толькі на першыя і другія.
Сям’я Гарусаў з Ружан, да слова, сваю лідарскую пазіцыю, якую паказала яшчэ падчас першага конкурсу, не здавала і падчас двух наступных: Ірына і Андрэй лепш за іншых справіліся спачатку з «сенакосам», а затым — і з нарыхтоўкай дроў. Самасюкі крыху саступілі ім у конкурсе «дрывасекаў».
Трэба адзначыць, што далёка не ўсім лёгка даўся конкурс «Па дровы». Маючы хату з газавым ацяпленнем ці кватэру, якія сёння выдзяляюць сваім работнікам у гаспадарках, вяскоўцы могуць хутка згубіць такія навыкі. Але гэта толькі не пра Аляксандра Ярашука: яму пакалоць дровы аказалася як босаму разуцца. «А ўсё таму, што ў нас у доме няма газавага катла», — усміхнуўся гаспадар, які за лічаныя секунды разабраўся з трыма калодкамі.
Істотныя карэктывы ў зводны пратакол з баламі ўнёс забаўляльны конкурс, які патрабаваў спрыту: канкурсантам патрабавалася на хуткасць і якасць падрыхтаваць бульбу да гатоўкі. Найлепшы вынік паказалі сем’і Бабко, Ярашукоў і Максімовічаў.
Калі ў асноўных конкурсах за перамогу змагаліся мамы з татамі, а дзеткі перажывалі за сваіх бацькоў, то падчас «Візітнай карткі» на імправізаваную сцэну канкурсанты выходзілі ўсёй сваёй сям’ёй. У форме арыгінальнай музычнай казкі расказала пра сябе сям’я Максімовічаў. Складны аповед у вершах пра сваю сям’ю атрымаўся і ў Зарэцкіх.

Шматдзетныя Сінькевічы атрымалі сваю порцыю апладысментаў за выступленне, падчас якога замілавала «імправізацыя» самага малодшага гарэзлівага члена сям’і. З дапамогай слайд-шоу расказалі пра сябе Бабко-Ляўчук. Арыгінальна падзялілася гісторыяй свайго кахання і сямейная пара Самасюкоў. Відавочна, сваімі жыццярадаснасцю, адкрытасцю, а таксама вакалам заслужыла сімпатыю журы сям’я Ярашукоў, якая ўдзельнічала ў конкурсе не ўсім саставам: самы маленькі член сям’і застаўся дома. Актыўная група падтрымкі дадавала імпэту Гарусам, калі тыя расказвалі пра сваю шмат-дзетную сям’ю.
Пасля правядзення ўсіх конкурсаў, пакуль журы займалася няхітрымі матэматычнымі вылічэннямі, гледачоў забаўлялі сваімі выступленнямі таленавітыя артысты мясцовага Дома культуры.
Па суме балаў, атрыманых удзельнікамі за ўсе конкурсы, на трэцім месцы аказаліся Аляксей і Анастасія Самасюкі з Вялікага Сяла. Зусім крыху не хапіла да перамогі Гарусам, якія сталі дыпламантамі ІІ ступені. Ну, а абсалютнымі пераможцамі раённага этапу праекта сельскагаспадарчага конкурсу «Уладар сяла-2018» стала сям’я Ярашукоў, якая і прадставіць наш раён на наступным этапе, які пройдзе ў Высокім падчас абласных «Дажынак».
…Павышэнне прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій і ўмацаванне сямейных традыцый, папулярызацыя традыцый беларускай вёскі і фарміраванне здаровага ладу жыцця ў маладзёжным асяроддзі даўно сталі неад’емнай часткай маладзёжнай палітыкі краіны. Правядзенне «Уладара сяла» — адна з выдатнейшых формаў яе рэалізацыі. Як паказвае жыццё, у каторы раз конкурс з’яўляецца не проста спаборніцтвам сярод актыўных маладых сем’яў. Нават дождж, як на гэты раз, не змог сапсаваць уражанне ад свята і нікому не азмрочыў настрой.
Марына Вакульская, фота аўтара.

Один комментарий

  • Асталавіста

    Властелін сала — прочіталось!))))

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *