Четверг, 1 октября 2020

Как прожить 70 лет вместе и ни разу не поссориться? Ответ знают Лидия Семеновна и Михаил Васильевич из Сосновки

566

70 гадоў таму Лідзія Сямёнаўна і Міхаіл Васільевіч Цынгелі з вёскі Сасноўка стварылі сям’ю. І на працягу ўсяго сямейнага жыцця, як удакладняюць самі, нават не пасварыліся па-сапраўднаму. Можа, гэта таму, што пазнаёміліся яны ля царквы на вялікае свята — Вялікдзень, а можа, таму, што шчыра пакахалі і з першага дня ставіліся адзін да аднаго з павагай.
На момант знаёмства Лідзія Сямёнаўна яшчэ заканчвала школу: атрыманне адукацыі перарвала вайна. А вось далей вучыцца яна не стала. Адразу пайшла на работу ў калгас, дзе шмат гадоў адпрацавала паляводам. Ды і каля хаты было чым заняцца: сям’я заўсёды трымала вялікую гаспадарку. Міхаіл Васільевіч школу скончыў яшчэ да вайны, а пасля паступіў у Аршанскі чыгуначны тэхнікум і ўсё жыццё адпрацаваў дзяжурным па станцыі. Абодва, дарэчы, з’яўляюцца ветэранамі працы. Цынгелі выгадавалі двух годных сыноў, якія ў сваю чаргу падарылі бацькам чацвярых унукаў, ёсць ужо і двое праўнукаў. На пытанне, што было самым складаным у жыцці, у адзін голас адказваюць — вайна. Усе цяжкасці, што зрэдку і ўзнікалі ў мірны час, Цынгелі лёгка пераадольвалі разам.
Па чарзе сыны з нявесткамі, а таксама ўнукі з сем’ямі прыязджаюць з Мінска на выхадныя і дапамагаюць бабулі з дзядулем. Але, нягледзячы на 90-гадовы ўзрост, Міхаіл Васільевіч сам выдатна ўпраўляецца каля хаты. Трэба — і двор скосіць, і дроў насячэ, а схочацца — дык і ў магазін у Гарадзечна на веласіпедзе заедзе. Больш за 50 гадоў дзядуля займаецца пчалярствам і сёння даглядае чатыры вуллі, з якіх тры разы на год выкачвае мёд. Не такая спрытная ў свае 90 Лідзія Сямёнаўна, але, як і 70 гадоў таму, не толькі ўсю працу робяць, а і ўсе сямейныя рашэнні прымаюць разам. У гэтым Цынгелі і бачаць сакрэт свайго сямейнага шчасця. А вось сакрэтам доўгажыхарства лічаць любоў да працы. І не толькі фізічнай! Міхаіл Васільевіч з нецярпеннем чакае прыезду дзяцей і ўнукаў яшчэ і таму, што кожны раз яны прывозяць новыя крыжаванкі і судоку!
Кацярына Пашкевіч, фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *