Понедельник, 28 сентября 2020

Залог продуктивности дойного стада — кормовая база. Опытом делится ОАО «Великосельское Агро»

574

Жывёлаводы ААТ «Велікасельскае Агра» па выніках работы за мінулы год у разліку на карову атрымалі 7 тысяч кілаграмаў малака. Не здаюць заваяваных пазіцый яны і сёлета. За першае паўгоддзе бягучага года прадукцыйнасць дойнага статка ў гаспадарцы склала 3797 кілаграмаў малака, што з’яўляецца лепшым паказчыкам у раёне. За кошт чаго дасягаецца такі поспех? Вядома, дзякуючы трывалай кармавой базе: выказванне «малако ў каровы на языку» па-ранейшаму застаецца актуальным. Улічваючы колькасць пагалоўя (а гэта амаль 7 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 2950 кароў), кармоў патрэбна нямала.
Трымаючы на кантролі гэтае пытанне, у гаспадарцы зроблена ўсё, каб паспяхова справіцца з уборкай траў другога ўкосу, што і ўдалося ажыццявіць на плошчы 1650 гектараў.
— Згодна з планам, мы павінны нарыхтаваць на працягу корманарыхтоўчага сезона 2 тысячы тон сена, 33 тысячы тон сенажу і 29 тысяч тон сіласу, — гаворыць аграном па кормавытворчасці А.І.Давідзюк. — На сённяшні дзень маем крыху больш за тысячу тон сена, каля 21 тысячы тон сенажу і 2 тысячы тон сіласу. Акрамя гэтага, нарыхтавалі 450 тон зернесенажу.
У разліку на адну ўмоўную галаву жывёлы на пазаўчарашні дзень у гаспадарцы было нарыхтавана 12,9 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў, што амаль на 3 цэнтнеры менш, чым на гэты перыяд летась. Увогуле па гэтым паказчыку ААТ «Велікасельскае Агра» саступае толькі ААТ «Жураўлінае», дзе нарыхтавана на ўмоўную галаву жывёлы 14,6 цэнтнера кармавых адзінак (у сярэднім па раёне — 9,9 цэнтнера). Дарэчы, яшчэ з мінулага года ў гаспадарцы засталося каля 15 тысяч тон сіласу і каля 10 тысяч тон сенажу.
Зразумела, што запасы кармоў у сельгаспрадпрыемстве сёлета яшчэ будуць папаўняцца. Вось і ў гэтыя дні паралельна вядзецца закладка сенажу і кукурузнага сіласу.
— Вельмі важна не забываць і пра якасць нарыхтаваных кармоў, — зазначае падчас гутаркі Аляксандр Іванавіч. — У гаспадарцы гэтаму надаецца належная ўвага.
І гэта сапраўды так. Звыш 800 тон сенажу нарыхтавана ў рулонах у палімернай плёнцы. У асноўным гэта багатыя на бялок бабова-злакавыя сумесі. Увесь сянаж і сілас закладваецца толькі ў траншэі і старанна трамбуецца. Побач з МТК «Вялікае Сяло-1» сіламі работнікаў ДУВП «Пружанскае ПМС» пабудавана 5 новых сянажных траншэй змяшчальнасцю 1100 тон кожная. Плануецца тут жа пабудаваць яшчэ тры.
Пры закладцы сенажу і сіласу важна забяспечыць герметычнасць нарыхтаваных кармоў. У ААТ «Велікасельскае Агра» плёнка прыкладваецца старымі шынамі і мяшкамі, напоўненымі галькай. Прычым мяшкі з галькай можна выкарыстоўваць не адзін раз.
У гэтыя жнівеньскія дні ў гаспадарцы пачалася ўборка кукурузы на сілас.
— Пад кукурузай у нас занята тысяча гектараў пасяўных плошчаў, — кажа Аляксандр Давідзюк. — На сілас плануем убраць 850 гектараў, а астатнія 150 — на зерне.
Пакуль у гаспадарцы ўбіраюцца не самыя высокаўраджайныя ўчасткі кукурузы, а асобныя з іх нават падгарэлі. З аднаго гектара атрымліваецца каля 300 цэнтнераў зялёнай масы.
Як бачна, гаспадарка будзе з кармамі і сёлета ў няпростых умовах надвор’я. А гэта значыць, што прадукцыйнасць дойнага статка павінна яшчэ вырасці.

На здымках: не першы год працуе на ўборцы кукурузы механізатар А.В.Сямашка; новая траншэя, пабудаваная паблізу МТК «Вялікае Сяло-1».

Мікола Архуцік, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *