Вторник, 29 сентября 2020

Пружанский лесхоз ввел в эксплуатацию новый цех деревообработки

653

Новы цэх дрэваапрацоўкі ўвяла ў эксплуатацыю ДЛГУ «Пружанскі лясгас».
Вытворчую пляцоўку ў Слабудцы, дзе ў свой час выраблялі драўняную шчапу пасля даручэння Міністэрства лясной гаспадаркі, былі вымушаны рэарганізаваць: вытворчасць шчапы перанеслі на тэрыторыю Бярозаўскага лясніцтва, а тут напрыканцы 2017 года разгарнулі будаўніцтва новага аб’екта.
«Падрадчыкам будаўнічых работ выступала ПМК-22. На ўзвядзенне цэха дрэваапрацоўкі было выдаткавана каля 1 мільёна 520 тысяч беларускіх рублёў. Акрамя таго, у 830 тысяч рублёў абышлася ўстаноўка літоўскай лініі па вытворчасці піламатэрыялаў, — расказвае дырэктар лясгаса Уладзімір Жалнерчык. — Каб увасобіць праект у жыццё, прадпрыемству давялося ўзяць крэдыт у замежным банку».
У чэрвені тут была перапрацавана першая партыя драўніны. Як зазначае Уладзімір Уладзіміравіч, асноўны накірунак узяты на экспарт: каля 70% піламатэрыялаў будзе адпраўляцца за мяжу. Пакуль дзелавымі партнёрамі лясгаса з’яўляюцца літоўскія кампаніі. Тым не менш, тут працуюць і на ўнутраны рынак: прымаюць заказы і ад арганізацый, і ад насельніцтва.
На сённяшні дзень цэх дрэваапрацоўкі ў Слабудцы працуе ў дзве змены, у кожную з якіх выпускаецца да 35 кубоў піламатэрыялаў.
Варта заўважыць, акрамя вытворчых пляцовак, навесаў для складавання гатовай прадукцыі, тут прадугледжаны неабходныя ўмовы для работнікаў, ёсць бытоўка. Да слова, калектыў цэха дрэваапрацоўкі сёння налічвае 20 чалавек. І хутчэй за ўсё, у бліжэйшы час гэтая лічба павялічыцца: кіраўніцтва плануе пераходзіць на вытворчасць піламатэрыялаў у тры змены. А гэта значыць, дасць жыхарам Пружаншчыны новыя рабочыя месцы.
Марына Вакульская. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *