Вторник, 29 сентября 2020

На ООО «БеловежХимПром» планирует выпускать 12 видов жидких микроудобрений

700

На тэрыторыі Навазасімавіцкага сельсавета пасля вываду вайскоўцаў засталіся незапатрабаваныя будынкі і збудаванні. Некаторыя з іх ужо знайшлі сваіх новых гаспадароў. З сакавіка бягучага года, напрыклад, тут пачало выпускаць прадукцыю таварыства з абмежаванай адказнасцю «БелавежХімПрам». Узначальвае яго Аляксандр Мечыслававіч Козел. Дагэтуль ён працаваў дырэктарам сумеснага беларуска-польскага прадпрыемства «Адоб-Агра», якое размяшчаецца ў Аранчыцах і спецыялізуецца на выпуску вадкіх мінеральных угнаенняў.
— Заключылі дагавор з установай па ахове былых ваенных гарадкоў «Тополь» на выкарыстанне будынкаў на бязвыплатнай аснове тэрмінам на дзесяць гадоў, — гаворыць Аляксандр Мечыслававіч.
На прадпрыемстве, якое спецыялізуецца на вырабе вадкіх мінеральных мікраўгнаенняў, за параўнальна кароткі перыяд зроблена нямала. Пачаў працаваць цэх, дзе ўстаноўлена сучаснае абсталяванне і пачаўся выпуск борутрымліваючага ўгнаення «МікрастымБор».
Гэтае ўгнаенне мае шырокі спектр прымянення. Гаспадаркі бяруць яго пад сяўбу азімага рапсу і выкарыстоўваюць пры доглядзе цукровых буракоў. Так, напрыклад, пры дэфіцыце бору цукровыя караняплоды паражаюцца такой хваробай, як гніль сэрцайка, што вядзе да іх дуплаватасці.
— На перспектыву мы плануем выпускаць 12 відаў вадкіх мікраўгнаенняў, якія распрацаваны навукоўцамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, — тлумачыць Аляксандр Мечыслававіч.
Прадпрыемства закупляе сыравіну для выпуску ўгнаенняў не толькі ў нашай краіне, а нават і ў Расійскай Федэрацыі, Турцыі і Кітаі. Пастаўкі гатовай прадукцыі абмяжоўваюцца пакуль толькі Беларуссю. Прадпрыемства, да слова, выйграла тэндар на пастаўку ўгнаенняў цукровым заводам краіны. Бяруць іх і сельгаспрадпрыемствы, у тым ліку і нашага раёна. Іншая справа, што своечасова разлічваюцца за пастаўленую прадукцыю далёка не ўсе. Таму прадпрыемства аддае перавагу плацежаздольным гаспадаркам.
Калектыў ТАА «БелавежХімПрам» налічвае 13 чалавек. Тэхналагічны працэс практычна цалкам механізаваны.
Як кіраўнік Аляксандр Мечыслававіч клапоціцца не толькі аб эканамічнай стабільнасці прадпрыемства, але і аб дабрабыце яго работнікаў, атмасферы ў калектыве. Дырэктар лічыць, што нават самае сучаснае абсталяванне без чалавечага фактара нічога не значыць. Нягледзячы на тое, што штат невялікі, для работнікаў створаны вельмі камфортныя ўмовы. Каб было цёпла ў зімовы час, тут абсталявана ўласная кацельня на мясцовых відах паліва. Ужо добраўпарадкаваны адміністрацыйны корпус, зроблены душавыя, створана бытоўка, ёсць пакой для прыёму ежы, які абсталяваны халадзільнікам, мікрахвалевай печкай і іншымі патрэбнымі на кухні прадметамі.
— Усю грашовую выручку ўкладваем у развіццё вытворчасці і накіроўваем на выплату заработнай платы, — гаворыць Аляксандр Мечыслававіч.
Кіраўнік прадпрыемства адзначае, што перспектыва развіцця ёсць. Плануецца, напрыклад, пабудаваць яшчэ адзін вытворчы цэх з мэтай нарошчвання выпуску прадукцыі. Ёсць намер ужо ў наступным годзе выйсці на неабсяжны рынак Расійскай Федэрацыі. Будзем спадзявацца, што ў працоўнага калектыву ТАА «БелавежХімПрам» усё атрымаецца!

На здымках: дырэктар ТАА «БелавежХімПрам» А.М.Козел; інжынер-электрык прадпрыемства І.П.Ярмашук; кладаўшчык В.В. Клімчук; вадзіль пагрузчыка А.М. Раманюк і вадзіцель А.В. Вайцяхоўскі.
Мікола Архуцік, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *