Понедельник, 22 января 2018

19 января – День спасателя

1 286

Па словах начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях С.Ф.Войціка, нягледзячы на тое, што мінулы год быў багаты на анамальныя з’явы, не здарылася нічога такога, з чым не змагла б справіцца айчынная сістэма папярэджання надзвычайных сітуацый. Таму ўвогуле калектыву аддзела па выніках мінулагодняй работы можна ставіць адзнаку «добра».— На жаль, нам не ўдалося актывізаваць работу па прадухіленні гібелі людзей на пажарах: для нашага раёна восем чалавек — вельмі высокая цана. І самае сумнае, што летась у агні загінулі двое дзяцей, чаго не рэгістравалася пяць апошніх гадоў,— гаворыць Сяргей Фёдаравіч.— Мінулы год, трэба прызнаць, быў даволі складаным — і па колькасці пажараў, і з-за прыродных катаклізмаў. Толькі з-за шквалістых вятроў арганізацыі раёна страцілі звыш паўмільярда рублёў. Нямала сродкаў было выдаткавана на ліквідацыю наступстваў разгулу стыхіі. Частку фінансавання ўзяла на сябе камісія па надзвычайных сітуацыях пры Брэсцкім аблвыканкаме.

— Мы знаходзімся ў падобных кліматычных умовах з Расійскай Федэрацыяй, і моцная летняя спёка летась назіралася і на тэрыторыі нашай краіне. Аднак нам удалося пазбегнуць маштабных лясных пажараў.

— Так, у мінулым годзе ў нашым раёне зарэгістраваны тры ўзгаранні ў лясах і на тарфяніках, якія былі ліквідаваны на пачатковых этапах. На маю думку, у нас наладжана больш цеснае ўзаемадзеянне паміж рознымі адказнымі службамі — райаддзелам па надзвычайных сітуацыях, лясгасам і гаспадаркамі, на тэрыторыі якіх ёсць лясныя масівы.

— Між тым, наступныя летнія перыяды таксама прагназуюцца з анамальнай спёкай. Ці падрыхтавана наша сістэма МНС да такіх выпрабаванняў?

— Падыход да папярэджання надзвычайных сітуацый у нашай краіне значна адроз-ніваецца ад расійскай практыкі. Напрыклад, мы яшчэ ў сакавіку абвяшчаем пажаранебяспечны перыяд, падчас якога абмежаваны паходы ў лес, а аўтамабілям увогуле забараняецца заязджаць у масівы або на тарфянікі. За кожным участкам замацаваны работнік лясгаса, спецыяльныя абавязкі ўскладваюцца і на работнікаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях. У выніку абстаноўка строга кантралюецца практычна штодзённа. Акрамя таго, свой уклад у папярэджанне лясных пажараў робяць і работнікі дзяржаўтаінспекцыі, спынялі машыны, якія збочваюць на лясныя дарогі.

Такім чынам, відавочна, што наш маніторынг адрозніваецца ад расійскага, у выніку чаго мы не дапускаем таго, што агонь так хутка ахоплівае вялікія тэрыторыі, нават знішчае населеныя пункты.

— Акрамя гэтага, летам пажарным даводзіцца дзяжурыць і на палях раёна.

— Сапраўды, з часткай гаспадарак былі заключаны дамоўленасці на ахову працуючай на палях збожжаўборачнай тэхнікі і вырашчанага ўраджаю. Мы распрацоўвалі ўмовы ўзаемадапамогі, некаторым рабілі па хадайніцтвах скідкі. У выніку практычна ўсе камбайны працавалі пад нашым прыкрыццём. Важнасць гэтага пачынаюць разумець кіраўнікі аграпрамысловых акцыянерных таварыстваў, бо цяперашнія камбайны каштуюць вялікіх грошай.

— З якімі праблемамі давялося сутыкацца ў вырашэнні службовых пытанняў?

— Як я ўжо казаў, асноўную ўвагу мы цяпер удзяляем менавіта прафілактыцы пажараў. Аднак практычна слаба ўздзейнічаем на асоб, якія злоўжываюць спіртным. Пра гэта сведчыць і сумная статыстыка: з васьмі загінуўшых у 2010 годзе шасцёра ў нецвярозым стане заснулі з запаленымі цыгарэтамі… Спрабуем розныя падыходы, але сітуацыю пакуль не ўдаецца ўзяць пад поўны кантроль.

Падчас аналізу прынятых мер вызначылі, што найбольш эфектыўна ў плане прафілактыкі дзейнічаюць менавіта сельскія сходы. Пасля правядзення мерапрыемства ў якой-небудзь вёсцы там працяглы час не рэгіструюцца вогненныя здарэнні. Гэты спосаб будзем і далей актыўна выкарыстоўваць. На кожны месяц бягучага года запланаваны па тры такія зборы людзей у розных населеных пунктах. Акрамя таго, будуць праводзіцца і экстранныя сельскія сходы па тых сельсаветах, дзе будзе рэгістравацца найбольшая колькасць пажараў.

— Апошнія гады на Пружаншчыне вядзецца маштабнае будаўніцтва грамадскіх аб’ектаў з масавым знаходжаннем лю-дзей. Рызыка ўзнікнення надзвычайных сітуацый там самая вялікая. Якія меры ў гэтым плане прымаюць супрацоўнікі МНС?

— Такія аб’екты трымаюцца на асаблівым кантролі, правяраем іх рэгулярна комплексна: звяртаецца ўвага на наяўнасць тэхнічных сродкаў пажаратушэння і супрацьпажарных сістэм. На аб’ектах з масавым знаходжаннем людзей праводзяцца вучэнні па ліквідацыі надзвычайных здарэнняў. Мяркую, у бягучым годзе працягнем такім чынам на практыцы вучыць і абслугоўваючы персанал устаноў, і трэніраваць сваіх супрацоўнікаў.

— Сяргей Фёдаравіч, з нагоды прафесійнага свята скажыце, калі ласка, некалькі віншавальных слоў.

— Работу супрацоўнікаў райаддзела за мінулы год я б ацаніў адзнакай «добра», бо мы выканалі ўсе пастаўленыя перад намі задачы. Напрыклад, дасягнута агульнае зніжэнне колькасці пажараў дзякуючы якаснай прафілактычнай рабоце ў прыватным жыллёвым сектары.

Супрацоўнікі нашага ад-дзела прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў тэхнагеннай аварыі на газаправодзе ў Камянецкім раёне, дзе справіліся са сваімі абавязкамі выдатна і нават былі адзначаны абласным кіраўніцтвам.

За добрасумленную і выдатную службу з нагоды прафесійнага свята асаблівую падзяку хачу выказаць камандзіру аддзялення М.І.Кун- дзе, начальніку каравула В.В.Хільковічу, начальнікам пастоў А.А. Лапуку і І.І.Навумчыку, намеснікам начальніка А.А.Ганчарову і А.А.Яроцкаму. Віншую з прафесійным святам увесь асабовы састаў райаддзела, жадаю толькі прыемных навін і спакойных выхадных у сем’ях.

Гутарыў Алег Сідарэнка.

На здымку: Перад выездам па трывожным выкліку на дарожна-транспартнае здарэнне абсталяванне рыхтуе каравульная змена: старшыя пажарныя С.В.Гуц, І.Б.Сапагоў, вадзіцелі Ю.М.Бойчанка і С.В.Кучаравы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *