Вторник, 29 сентября 2020

Ружанская мастерица Жанна Верховец создает картины из … пластилина

581

Пластылінаграфія — далёка не самая вядомая і распаўсюджаная тэхніка малявання, але ні дзеці, ні дарослыя не могуць прайсці міма, калі на вочы ім трапляюць творы так званага пластылінавага жывапісу. Больш за тое, многія здзіўляюцца, калі даведваюцца, што з пластыліну можна не толькі ляпіць, але і маляваць.
Навошта маляваць пластылінам, калі ёсць фарбы? Той, хто паспрабуе стварыць карціну з пластыліну, больш не будзе задаваць такое пытанне. Так лічыць і Жанна Верхавец з г.п.Ружаны.
Вось ужо амаль трыццаць гадоў мінула з таго часу, як Жанна Мікалаеўна захапілася пластылінавым жывапісам. Яе першыя карціны ў незвычайнай тэхніцы з’явіліся, калі яна працавала ў дзіцячым садку. Як чалавек творчы, жанчына асвоіла розныя віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці, але пластылінаграфіі не здрадзіла.
— Асноўны матэрыял — пластылін, а ў якасці пэндзля выступаюць рукі, — расказвае майстачка. — Работа ў гэтай тэхніцы цудоўна здымае напружанне, дапамагае расслабіцца, развівае мысленне і мастацкі густ.
Вось ужо паўтара года як многія карціны Жанны Мікалаеўны «вандруюць» па Беларусі. Аўтарскія выставы ўжо прайшлі ў шэрагу раёнаў Брэстчыны, цяпер ладзяцца на Гродзеншчыне. Сама Жанна Верхавец прызнаецца, што ёй падабаецца прымаць удзел у разнастайных праектах, даваць майстар-класы, знаёміць аматараў мастацтва з пластылінаграфіяй.
Варта заўважыць, пластылінавыя карціны знаходзяць сваіх прыхільнікаў і знаўцаў, пра што сведчаць пакінутыя водгукі і попыт на работы мастачкі. І гэта адзін са стымулаў для Жанны Мікалаеўны, каб прыдумваць нешта новае, працягваць здзіўляць. Да слова, сёння яна асвойвае тэхніку малявання пластылінам з 3D эфектам — больш высокі ўзровень складанасці.
Летась у санаторыі «Ружанскі» пад кіраўніцтвам Жанны Верхавец пачаў працаваць гурток, на занятках якога яна дзеліцца сваімі ведамі і навыкамі па пластылінаграфіі як з дзецьмі, так і з дарослымі. Як тлумачыць майстачка, яна загадзя рыхтуе шаблоны, па якіх затым і «малююць» карціны яе рознаўзроставыя вучні.
Істотную маральную падтрымку Жанна Мікалаеўна атрымлівае ад дачкі, якая і стымулюе жанчыну на далейшае творчае развіццё. Менавіта яна нядаўна падштурхнула маці прыняць удзел у конкурсе карцін, пра які аб’явіла адна са сталічных галерэй.
Варта адзначыць, Жанна Верхавец не збіраецца спыняцца на дасягнутым. Яна зноў у пошуках ідэй для стварэння новых работ.

Вікторыя Шахно, студэнтка БДУ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *