Среда, 19 сентября 2018

Начальник мехотряда ОАО «Мурава» Владимир Карунас: «Любовь к технике во мне с детства»

189

У ААТ «Мурава» працоўныя дынастыі не рэдкасць. Людзі прыкіпелі да родных мясцін і з’язджаць адсюль не збіраюцца. І ці варта гэта рабіць, калі задавальняюць любімая работа і ўмовы пражывання? Так разважае і начальнік механізаванага атрада ААТ «Мурава» Уладзімір Уладзіміравіч Карунас.
Нарадзіўся Уладзімір Уладзіміравіч у 1972 годзе ў вёсцы Мурава. У шматдзетнай сям’і Карунасаў выхоўваліся тады тры хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Бацька працаваў ў тагачасным калгасе імя Калініна механізатарам, а маці — паляводам.
— Як і ўсе вясковыя сем’і, трымалі асабістую падсобную гаспадарку, — успамінае Уладзімір Уладзіміравіч. — Мае браты і сёстры, у тым ліку і я, дапамагалі бацькам даглядаць карову, свіней і птушак.
Па-рознаму склаўся лёс дзяцей з гэтай шматдзетнай сям’і. Сястра Святлана і брат Іван працуюць у ААТ «Мурава» касірам і механізатарам. Яшчэ адна сястра і брат пакінулі родныя мясціны і аселі ў горадзе. Уладзімір пасля заканчэння васьмі класаў мясцовай школы паступіў у Пружанскі саўгас-тэхнікум і набыў прафесію механіка.
— Цяга да сельгастэхнікі жыве ва мне з дзіцячых гадоў, — гаворыць Уладзімір Уладзіміравіч. — Да гэтага часу памятаю, як школьнікам дапамагаў бацьку церабіць лён.
Пасля атрымання дыплома маладога спецыяліста практычна адразу прызвалі ў войска. Служыць давялося далёка ад родных мясцін: у горадзе Бійску Алтайскага краю. Яшчэ падчас службы Уладзімір быў перакананы, што пасля дэмабілізацыі абавязкова вернецца ў родную гаспадарку. Пасля горнага Алтая мураўскія краявіды сталі яшчэ больш прывабнымі.
Вярнуўшыся з войска, Уладзімір Карунас працяглы час працаваў механізатарам на магутным трактары «К-700». Потым яму прапанавалі пасаду загадчыка рамонтных майстэрняў. Апошнія два гады Уладзімір Уладзіміравіч — начальнік механізаванага атрада гаспадаркі.
Разам з жонкай Таццянай Мікалаеўнай, якая працуе заатэхнікам-селекцыянерам на МТК «Мурава», выгадавалі двух сыноў. Старэйшы Аляксандр з’яўляецца загадчыкам машыннага двара ў таварыстве, а малодшы Дзмітрый працуе вадзіцелем. Працоўная дынастыя Карунасаў працягваецца.
Хутка бяжыць час. Уладзімір Уладзіміравіч і Таццяна Мікалаеўна маюць дзвюх унучак. Кім яны стануць, калі вырастуць — пакажа час. Пакуль жа Уладзімір Уладзіміравіч штодзень спяшаецца на машынны двор таварыства. Падтрыманне тэхнікі ў спраўным стане і забеспячэнне тэхналагічных працэсаў лічыць сваёй галоўнай задачай. І з гэтым ён паспяхова спраўляецца. Аб гэтым, дарэчы, сведчаць і вынікі жніва, якое нядаўна завяршылася ў гаспадарцы.
Бліц-апытанне
— Пра што марыў у дзяцінстве?
— Хацеў працаваць на зямлі, як і мой бацька.
— Самыя яркія ўспаміны дзяцінства?
— Праца з бацькам на трактары ў полі.
— Самае галоўнае, чаму ў дзяцінстве навучылі бацькі?
— Паважаць дарослых і цаніць людскую працу.
— Любімая мясціна на зямлі?
— Гэта аграгарадок Мурава.
— Самы памятны дзень у жыцці?
— Нараджэнне сыноў і ўнучак.
— На што не шкада патраціць грошы?
— На дзяцей і ўнучак.
— Як праводзіце выхадныя дні?
— Захапляюся рыбалкай, як летняй, так і зімовай.
— Што больш падабаецца, зіма ці лета?
— Лета.
— Самая любімая сельгаскультура?
— Пшаніца.
— Сава ці жаўрук?
— Жаўрук, таму што прачынаюся вельмі рана.
— Кніга ці кіно?
— Кіно.
— Любімы пісьменнік або паэт?
— Янка Купала.
— Любімы від спорту?
— Хакей з шайбай.
— Чорны ці белы?
— Белы.
— Дарыць ці атрымліваць падарункі?
— Дарыць.
— Задавальненне ад працы ці памер зарплаты?
— 50 на 50.
— Калі б усё давялося пачаць з самага пачатку?
— Паўтарыў бы свой жыццёвы шлях.
Мікола Архуцік, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *