Среда, 19 сентября 2018

День поселка в Шерешево отметили с размахом!

787

Якія ж яны ўсё ж такі розныя, нашы гарадскія пасёлкі! Асабліва гэта было бачна па святах, якія нядаўна ў іх адгрымелі. Калі паўночныя “сапегаўскія” Ружаны святкавалі з належным ім па праве адценнем шляхетнасці, то паўднёвае Шарашэва разгулялася ва ўсю з асаблівым “вясельным” тэмпераментам. Сталы на маленькай плошчы пасёлка былі шчодра застаўленны хатнімі прысмакамі для ўсіх гасцей, сцэна літаральна патанала ў кветках, з любоўю вырашчаных у мясцовых палісадніках, а велізарны пан каравай з’явіўся перад пасялкоўцамі з такім гонарам і веліччу, з якімі, здавалася, не ўязджаў у Шарашэва ніхто з часоў яго колішняй уладарніцы, каралевы Боны Сфорца…
Увогуле да свята пасёлак перамяніўся і сустракаў гасцей добраўпарадкаванымі вуліцамі і сядзібамі: свежаафарбаванымі фасадамі, адрамантаванымі платамі, дагледжанымі агародамі і кветнікамі. Але галоўным атрыбутам свята сталі шматлікія віншаванні, узнагароджанні і добрыя пажаданні галоўным віноўнікам урачыстасці — жыхарам пасёлка.
Традыцыйна першым на сцэну падняўся старшыня Шарашэўскага сельвыканкама Д.У. Чайкоўскі. Кіраўнік распавёў пра тое, што ў пасёлку сваімі сіламі робіцца ўсё магчымае, каб маладое пакаленне расло моцным, здаровым і без шкодных звычак. У гэтым годзе на дзіцячай пляцоўцы быў усталяваны баскетбольны шчыт для развіцця стрытбола (баскетбола ў адно кальцо), з’явіліся і новыя дзіцячыя футбольныя вароты.
— Прыемна было бачыць, як дзеці з агеньчыкам у вачах дапамагалі нам устанаўліваць вароты. Мы ўдзячныя нашым людзям, якія працуюць над добраўпарадкаваннем нашага пасёлка. Кожная сям’я, кожны гаспадар імкнецца, каб у хаце і на двары панавалі парадак і ўтульнасць, — адзначыў Дзмітрый Уладзіміравіч і, пажадаўшы ўсім прысутным міру, дабра, любові і сонечнага настрою, абвясціў пераможцаў агляду-конкурсу “На лепшы дом і дваровую тэрыторыю”.
Каштоўныя падарункі за сваё жаданне і ўменне рабіць свет больш прыгожым прымалі Мікалай Іосіфавіч і Людміла Сцяпанаўна Русінчукі, Анатоль Іванавіч і Ірына Аляксандраўна Касюкі, Аляксандр Віктаравіч і Святлана Васільеўна Траццякі, Віктар Пятровіч і Алена Мікалаеўна Рабчукі, Анатоль Міхайлавіч і Жанна Іванаўна Амяльянцы, Віктар Іванавіч і Наталля Іванаўна Міклашэвічы, а таксама Алена Міхайлаўна Тарасевіч і Руслана Мікалаеўна Гвай.
Услед за імі на сцэне віталі дзевятнаццаць маладых сем’яў з наймалодшымі жыхарамі пасёлка.
— Народная мудрасць гаворыць: “Калі хочаш пражыць у якім-небудзь месцы адзін год — пасей проса, калі будзеш выбіраць сабе месца на дзясяткі гадоў — пасадзі дрэва, калі хочаш пасяліцца назаўжды — выхавай дзіця”, — вітала шчаслівых бацькоў і іх малых вядучы спецыяліст сельсавета В.М.Радзькова, якая пад гучныя апладысменты публікі ўручыла ім падарункі.
А як было не адзначыць на галоўным свяце і будучых першакласнікаў? Маленькія джэнтльмены ў элегантных касцюмах з бабачкамі і юныя прыгажуні ў строгіх сукенках замілавалі прысутных цудоўным выкананнем вершаў, за што атрымалі гучныя апладысменты.
Віталі на свяце і сем’і, у якіх на працягу многіх гадоў пануюць сапраўднае каханне, шчырая павага і паразуменне. Аляксей Якаўлевіч і Марыя Іванаўна Качаны 60 гадоў захоўваюць гэтыя светлыя пачуцці і разам перамагаюць усе жыццёвыя нягоды і выпрабаванні. Трое дзяцей і трое ўнукаў ганарацца сваімі “брыльянтавымі” юбілярамі, якія застаюцца маладымі сэрцам і душой. Услед за Качанамі ў кнізе рэгістрацыі юбілейных урачыстасцей свае подпісы таксама паставілі Сяргей Мікалаевіч і Людміла Мікалаеўна Карпавы, якія пражылі разам 25 гадоў і таксама з’яўляюцца прыкладам моцнай сям’і.

…У гісторыі Пружанскага раёна ёсць адна значная падзея, самае непасрэднае дачыненне да якой маюць жыхары Шарашэва. Справа ў тым, што першымі жыхарамі раёна XXI стагоддзя аказаліся менавіта шарашэўцы — Дзяніс Драздоў і Анастасія Саўчук. Сёння гэтыя дзеці робяць першыя крокі ў дарослае самастойнае жыццё.
— І мы спадзяёмся, што яны зробяць правільны выбар, будуць з гонарам несці званне першых жыхароў Пружаншчыны трэцяга тысячагоддзя і пакінуць свой значны след на пружанскай зямлі. Яны — наша будучыня. І хацелася б, каб гэта будучыня была шчаслівай, — адзначыў у сваім віншавальным слове старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудравец і ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”, якую ён узначальвае, уручыў дзецям каштоўныя падарункі.
Сардэчна віталі на свяце і тых людзей, хто нарадзіўся “разам з пасёлкам” — 4 жніўня, акурат у дзень святкавання. Пажаданні шчасця, дабра і светлага жыцця прымалі Ядзвіга Францаўна Пернач, Сцяпан Сцяпанавіч Ляшчынскі, Вольга Мікалаеўна Мурыновіч, Вольга Васільеўна Дземідовіч, Ганна Аляксандраўна Пракопчык і Ірына Аляксандраўна Касюк.

Ці не самым яркім момантам мерапрыемства стала ўрачыстае падвядзенне вынікаў конкурсу творчых работ, які ўпершыню праводзіўся сярод дэпутатаў і прадстаўнікоў васьмі выбарчых акруг Шарашэўскага сельсавета. У намінацыі “Дзіцячы малюнак” перамагла дружба: усе дзеці, якія наладзілі на свяце цудоўную выставу, атрымалі салодкія падарункі і прызнанне гледачоў. У самай прыгожай намінацыі “Кветкавая кампазіцыя” перамагла Зарэцкая выбарчая акруга на чале з Наталляй Сяргееўнай Мартысевіч, менавіта яе казачнымі гладыёлусамі “квітнела” галоўная сцэна. Самымі прыгожымі былі прызнаны сувеніры Юбілейнай акругі, якую ўзначальвае Наталля Мікалаеўна Аляхновіч. Ну, а самымі смачнымі “святочнымі пачастункамі” гледачы справядліва назвалі стравы ад Пружанскай выбарчай акругі, гонар якой абараняла Наталля Леанідаўна Данько. Духмяныя дамашнія пірагі, пячэнне і пірожныя з яе стала разышліся ўмомант сярод удзячнай публікі.
Асабліва ўзнёслым і шчырым было віншаванне і ад дырэктара ААТ “Пружанскі райаграсэрвіс” С.А.Бруя, які падняўся на сцэну не з пустымі рукамі. Ён падарыў сельвыканкаму газонакасілку, каб яшчэ хутчэй вырашаць пытанні па добраўпарадкаванні пасёлка. Таксама з каштоўнымі падарункамі і цёплымі словамі падзякі за працу сустракаў кіраўнік таварыства Яніну Вітольдаўну Таргонскую і Віктара Эдвардавіча Дульчэўскага, якія шмат гадоў працавалі ў мясцовай гаспадарцы і сёлета знаходзяцца на заслужаным адпачынку.
— Няма нічога больш годнага, чым працаваць на гэтай зямлі, аддаваць ёй усю сваю любоў, верыць у яе і расці разам з ёй. Згадзіцеся, Шарашэва — гэта адно вялікае шматфункцыянальнае прадпрыемства. Дзе лепшыя працаўнікі сельскай гаспадаркі? Вядома, у нас. Дзе лепшыя работнікі медыцыны, сувязі, электразабеспячэння? У пасёлку! Дзе лепшыя леснікі? У пушчы! Гэта ўсё вы, паважаныя сябры! І менавіта для вас са збожжа з новага ўраджаю быў спечаны святочны каравай. Сустракайце! — узнёсла заклікаў гасцей Сяргей Аляксандравіч.
І госці імпрэзы сустракалі гэтае духмянае хараство працяглымі апладысментамі. Зрэшты, так, як сустракалі на працягу ўсяго свята таленавітых артыстаў мясцовага цэнтра вольнага часу і культуры: Зою Гармашову, Наталлю Салякіну, Кацярыну Манцэвіч, Людмілу Абрубка, Дар’ю Марыніч, Веру Андрэйчыкаву, Таццяну Кацко, а таксама салістаў музыкальнай студыі “Меладзін” Пружанскага Палаца культуры, якія падаравалі публіцы цудоўныя музычныя нумары.
Госці з замілаваннем слухалі спевакоў, упляталі за абедзве шчакі каравай і не спяшаліся разыходзіцца: увечары іх чакала дыскатэка і святочны феерверк.
Алена Зялевіч, фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *