Пятница, 29 марта 2024

Как вести машину во время дождя?

804

Засушлівае надвор’е рэзка змянілася дажджамі. Пры гэтым настолькі моцнымі, што нярэдка пасля навальніцы гарадскія вуліцы ператвараюцца ў рэкі, а аўтамабілі — у караблі. Дзякуй Богу, пакуль не было ніводнага факта падтаплення машын, але ж як кіраваць ёй у такой сітуацыі?
Першыя 10 мінут пасля дажджу — самыя небяспечныя
Гэтак сцвярджаюць спецыялісты. Самае простае, што можна зрабіць, калі ўбачылі, як набліжаецца навальніца, — гэта адмовіцца ад паездкі. Зберажыце нервы і аўтамабіль. Але ж дождж можа заспець і ў дарозе. Таму варта падрыхтавацца да таго, што давядзецца рухацца па вадзе.
А гэта значыць, што можна сутыкнуцца з дзвюма небяспекамі. Асабліва ў першыя моманты, калі з асфальту яшчэ не змыліся бруд і пыл, з дапамогай якіх на пакрыцці ўтворыцца вельмі коўзкая каляя. Таму першыя 5–10 мінут дажджу асабліва небяспечныя. Счэпныя ўласцівасці колаў рэзка зніжаюцца. На гэта трэба рабіць папраўку, павялічваючы дыстанцыю ці бакавы інтэрвал.
І вадзіцель можа стаць пасажырам
Асабліва, калі пачалося аквапланіраванне. Калі хуткасць аўтамабіля больш за 60 кіламетраў у гадзіну, то пры пераадольванні нават неглыбокіх лужын ёсць рызыка, што колы ўсплывуць на вадзяной паверхні. Аквапланіраванне — гэта поўная страта счаплення аднаго або ўсіх колаў аўтамабіля з паверхняй. І няма такога вадзіцеля, які здолеў бы ўправіцца з машынай, якую нясе пад дзеяннем сіл інерцыі. Як зазначыў вядомы гоншчык Міхаэль Шумахер, калі аўтамабіль патрапіў у такую сітуацыю, то ўсе, уключаючы кіроўцу, ператвараюцца ў пасажыраў.
Першай прыкметай таго, што колы ўсплываюць, з’яўляецца кароткачасовае скачкападобнае павелічэнне абаротаў рухавіка. Хуткасць тая ж, а матор раптам пачынае раўсці. Што ў гэтым выпадку трэба рабіць? Не кідаць газ, не тармазіць, не рабіць манеўры. Руль павінен стаяць прама, хуткасць не дабаўляць і паступова адпускаць педаль газу. А лепш за ўсё не ехаць хутка ў навальніцу і адразу пасля яе.
Максімальная глыбіня —20 сантыметраў
Самае галоўнае, што трэба ведаць пры руху па лужынах, — наколькі яны глыбокія. Рэдкія легкавыя аўтамабілі здольныя пераадольваць глыбіню больш за 50 см і маюць для гэтага адпаведную падрыхтоўку. Большасць жа легкавікоў не зможа пераадолець лужыну, калі яна глыбей за 20 см. І асобна эксперты папярэджваюць тых, хто любіць праехаць па вадзе так, каб пырскі дасталі да сцен суседніх дамоў. Некаторыя аўтамабілі маюць пад аркамі паветразабор. Таму калі ўжо палез у ваду, то акуратна, не падымаючы хвалі вышэй капота. Трэба ведаць, што рухавік, які выштурхвае ваду з выпускной сістэмы, працуе з дадатковай нагрузкай. І калі яна перавысіць яго магчымасці, то сілавая ўстаноўка проста заглухне з-за моцнага гідраўдару.
Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *