Понедельник, 15 октября 2018

Многодетные родители Охримуки: «Нужно воспитывать себя, а не детей»

684

Іх сямёра. Маладых і вельмі прыгожых людзей, якія былі ахрышчаны ў царкве евангельскіх хрысціян-баптыстаў і назаўжды прынялі Хрыста ў сваё сэрца. Яны жывуць паводле запаведзяў Божых і дзякуюць Творцу за кожны пражыты на зямлі дзень. Яны чытаюць Біблію як настольную кнігу і з’яўляюцца ўзорам сапраўднай хрысціянскай сям’і, дзе пануюць вера, надзея і любоў. І гэта — сям’я Ахрымукоў.
Сумненні і вера
— Усё пачалося з таго, што я не павінен быў жыць, — пачынае свой аповед шматдзетны тата Валерый Васільевіч Ахрымук. — Нарадзіўся я шасцімесячным, урачы рабілі ўсё магчымае. Пазней прызналіся маме, што нават не спадзяваліся на лепшае. Мама малілася — і я выжыў.
Да веры ў Бога галава сям’і прыйшоў яшчэ падчас вучобы ў школе. І хоць храмы закрываліся, і ў школе на ўсю моц квітнела атэістычная прапаганда, у душы вучня яна так і не дала парасткаў.
— У школе вучылі аб паходжанні чалавека ад малпы. А бацькі, якія ніколі не навязвалі мне з братам сваю веру, проста казалі, што стварэнне чалавека — найвышэйшая задумка Бога. Пра тое, што ў кожнага з нас сваё прызначэнне, я зразумеў, калі пачаў цікавіцца навуковай хрысціянскай літаратурай. Стаў разважаць: калі нават такі складаны прадмет, як фотаапарат, не мог з’явіцца сам па сабе, то тым больш чалавек, у якога нават адно вока значна складаней за нежывую тэхніку, не мог з’явіцца ў выніку нейкага натуральнага адбору…
Застала час ганенняў на вернікаў і Лідзія Ахрымук, якая нарадзілася на Валыні ў вялікай сям’і баптысцкага пастара, дзе гадавалася сем дзяцей.
— Неаднаразова нейкія сур’ёзныя людзі прыходзілі да бацькі і запрашалі да супрацоўніцтва, — успамінае Лідзія Іванаўна. —Але тата адмаўляў ім: “Толькі я і Бог павінны ведаць, хто прыходзіць у царкву і што кажа на споведзі”, — адказваў ён.
Дзякуючы бацькам, жанчына з ранняга дзяцінства ведала, што ёсць чорнае, а што — белае, ніколі не пярэчыла бацькам і ніколі не бунтавала. Калі нешта і рабіла не так, то сумленне даймала, і Ліда адразу бегла прасіць прабачэння… У такім паслухмянстве і вырасла. А з часам яе стала хваляваць пытанне вечнага жыцця…
«Эфект Мюнхгаўзена» і надзея
Падобнае пытанне: як пражыць, каб атрымаць прабачэнне ў Бога, хвалявала і юнака Валеру.
— Я адчуваў сваю нікчэмнасць перад Ім, усведамляў сваю душэўную галечу і няздольнасць сваімі сіламі выканаць усе запаведзі і не грашыць, — аб сваім далейшым пошуку ісціны працягвае гаварыць Валерый Васільевіч. — У пакутах сумлення я звяртаўся да Бога з адной малітвай: аб дапамозе разабрацца ва ўсім!
І Ён дапамог. Па блаславенні свайго духоўнага айца, цяпер епіскапа Саюза цэркваў ЕХБ у Беларусі Мікалая Сінкаўца, Валерый Ахрымук паступіў у Мінскую семінарыю, дзе атрымаў вычарпальныя адказы на ўсе свае пытанні.
— У семінарыі нам патлумачылі: усе мы грэшныя і аб’ектыўна заслугоўваем пакарання. Таму Гасподзь і прыйшоў на зямлю, каб выратаваць нас нямоглых. Я раней спадзяваўся толькі на сябе: цэлы скрутак добрых спраў напісаў, так бы мовіць, прэйскурант “цаны” таго, каб трапіць у рай. Саманадзейна разлічваў, што, як барон Мюнхгаўзен, вазьму сябе за валасы і выцягну з балота.
Сёння Валерый Васільевіч спадзяецца толькі на Хрыста. Услед за ім такой надзеяй жывуць і яго дамачадцы.
Любоў і ўзаемадапамога
Юнак Валера і дзяўчына Ліда сустрэліся ў 1993 годзе ў кобрынскім храме, дзе ў тыя складаныя гады прымалі ўсіх: і вернікаў, і тых, хто сумняваўся. Там ніхто не адчуваў сябе разгубленым і адзінокім. Маладыя людзі збіраліся пасля набажэнства на чаяванне. Па вечарах пад гітару спявалі песні ля вогнішча, гулялі ў валейбол і, вядома ж, усёй суполкай займаліся дабрачыннасцю. Добрыя справы аб’ядноўвалі людзей, але нават у гэтай аднадушнасці Валера змог разгледзець асаблівую душэўную прыгажосць Ліды.
— Паглядзеў ёй у вочы і ўбачыў чысціню, — успамінае тую першую сустрэчу Валерый Васільевіч. — А пазней, калі ўбачыў, як Ліда строга спыніла спробу аднаго з хлопцаў фліртаваць з ёй, зразумеў, што не хачу губляць гэтую дзяўчыну і хачу бачыць яе сваёй жонкай і маці сваіх дзяцей. А неўзабаве яшчэ зразумеў, што гэтая дзяўчына будзе і добрым памочнікам у жыцці.
— Памочнікам, але не рабыняй: прынясі-падай, — працягвае суразмоўца. — У сучаснага чалавека гэта паняцце цалкам зменена. У Бібліі сам Бог названы хуткім памочнікам у бедах. І ён дэлегаваў частку сваіх паўнамоцтваў, сілы і магутнасці жанчыне, каб яна дапамагала мужчыне выконваць сваё прызначэнне як кіраўніка сямейнай царквы. Без добрай жонкі мужчына нічога не даб’ецца… Памятаю, як прыехаў да Ліды на спатканне на машыне, і па дарозе здарылася паломка. Мне так стала няёмка: якое можа быць спатканне, калі трэба машыну рамантаваць? А Лідачка выйшла да мяне і стала дапамагаць. Дождж, вецер, холад, а яна ўсё трымала нада мной парасон і ліхтарыкам свяціла, пакуль я рабіў рамонт. І я зразумеў, што яна гатовая мяне прыняць з усімі «паломкамі»…
Сям’я і бяспека
Але перш чым прыняць канчатковае рашэнне, маладыя людзі яшчэ два гады перапісваліся і ездзілі адзін да аднаго ў госці. Бацькі і жаніха, і нявесты заклікалі маладых хутчэй вызначыцца з рашэннем. Сваё настаўленне даў і пастар.
— Ён правёў аналогію з зялёным яблыкам, якое хочацца заўчасна надкусіць. Адкусіў — і выкінуў: нясмачна. Так і з адносінамі. Шмат хто кажа, маўляў, спачатку пажывём, «надкусім», праверым сябе на сумяшчальнасць, а потым пажэнімся. А мы захавалі адзін аднаго ў чысціні, таму што выдатна разумелі, што каханне па-сапраўднаму квітнее толькі «на бяспечнай тэрыторыі» — у законнай сям’і, — аднадушна прызнаюцца Валера і Ліда, якія пражылі адзін з адным без малога чвэрць стагоддзя.
Ці здараліся ў іх канфлікты? Вядома, як ва ўсіх людзей. Сустрэча дзвюх асоб з рознымі характарамі і поглядамі на некаторыя рэчы прадугледжвала магчымае ўзнікненне спрэчных сітуацый, але Ахрымукі заўсёды вельмі мудра наладжвалі дыялог і хутка знаходзілі рашэнне.
— У кожнага з нас ёсць грахі, недахопы, слабасці, але я рады, што мне не трэба паказваць перад сваёй жонкай і сваімі дзецьмі супермена: я магу адкрыта прызнаць сваю памылку і папрасіць прабачэння. І дзяцей гэтаму вучу: ты можаш спатыкнуцца, але галоўнае — вярнуцца на шлях ісціны…
Сем «Я»
І такіх шчырых дзяцей у Валеры і Ліды — «выдатная пяцёрка».
— Калі з’явіцца яшчэ нехта, мы будзем вельмі рады, — з дзіцячай непасрэднасцю падтрымлівае нашу гутарку ўсмешлівая старэйшая дачка, 22-гадовая Марына.
— Калі ў нас на вяселлі спыталі: колькі вы збіраецеся мець дзяцей? — парыруе ёй шчаслівы бацька, — мы адказалі: колькі Бог дасць, а Ён аказаўся вельмі шчодрым. Мы з Лідай маліліся, каб Бог паслаў нам спачатку нянечку, а потым лялечку. І Ён пачуў нас. Айцу Нябеснаму падабаецца выконваць нашы просьбы і дзяліцца з намі сваёй любоўю.
А бацькі, у сваю чаргу, перадалі гэтую любоў сваім дзецям і навучылі іх не баяцца цяжкасцей і ва ўсім спадзявацца на волю Бога.
— Мы не стамляліся ім паўтараць: Бог пашле выпрабаванне — пашле і выйсце з яго. Толькі даверцеся яму, — раскрывае сакрэты хрысціянскага выхавання шматдзетная мама, якая ў атмасферы міру і згоды выгадавала пяць дзяцей і кожнага ўзнагародзіла тытулам «самага любімага» дзіцяці.
— Наша старэйшая дачка Марышка сёння вучыцца ў Брэсцкім універсітэце імя А.С. Пушкіна. Па нядзелях спявае ў царкоўным хоры і актыўна прымае ўдзел ва ўсіх маладзёжных праграмах, што рэалізуюцца нашым прыходам. Яна заўсёды была вельмі блізкая да нас. Самая валявая і незалежная ў нас — Юля (18 гадоў), працуе цырульнікам і паступае ў Палескі ўніверсітэт. Старэйшы сын Віталік (14 гадоў) адрозніваецца асаблівай паслухмянасцю і пяшчотай душы. Ён галоўны наш памочнік па гаспадарцы.
Дзесяцігадовага Максімку родныя празвалі «фіксікам» за яго здольнасць наладзіць, здавалася б, канчаткова паламаныя рэчы. То мышку бесправадную “ажывіць”, то сябрам адрамантуе тэлефон, ад якога нават дарослыя майстры адмовіліся. А вось малодшы сын Паўлік адрозніваецца асаблівымі музычнымі здольнасцямі. Калі быў зусім маленькім, ён любіў гуляць толькі з “пяючымі” цацкамі — маленькім піяніна і гітаркай. А сёння, услед за старэйшымі братамі і сёстрамі, Павел вырашыў асвоіць гульню на сапраўдным музычным інструменце. Выбраў фартэпіяна, каб заняць сваё пачэснае месца ў “хатнім аркестры”, які ўзначальвае кіраўнік сямейства. Аказваецца, у свой час Валерый Васільевіч Ахрымук самастойна асвоіў нотную грамату і стаў спяваць у хоры, пазней, не маючы спецыяльнай музычнай адукацыі, іграў у духавым і струнна-сімфанічным аркестры ў храме.
— Я каля года хадзіў на спеўкі, але нічога не разумеў у гэтых кружочках і кручках. І ўвесь час прасіў Бога дапамагчы разабрацца ў сальфеджыа. Раптам у нейкі момант усё зразумеў, — распавядае пра відавочны цуд Валерый. — Менавіта так, з Божай дапамогай, з музыкай “пасябравалі” ўсе мае дзеці. Яны вельмі дружныя ў нас. Вядома, могуць пагарэзаваць — не без таго! — сутыкнуцца, як мячыкі, і разбегчыся. Але доўга адзін без аднаго не могуць.
На пытанне, па якім галоўным прынцыпе яны выхоўваюць сваіх дзяцей, Валера з Лідай адказваюць: «Трэба выхоўваць сябе, а не дзяцей, гутарыць з імі, а не з гаджэтамі. І тады яны будуць слухацца з першага разу».
— Нас усіх сямёра. І мы нават не ўяўляем сабе, калі б каго-небудзь з нас не было… Мы сапраўдная «СемьЯ». А лічба сем — гэта лік Божай дасканаласці.
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *