Вторник, 11 декабря 2018

Родители и дети семьи Кунда: «Вместе мы — сила»

645

Гледзячы на прыгожы, акуратны домік па вуліцы Кобрынскай, без лішніх слоў зразумела: у гэтым доме жывуць такія ж людзі. А калі ў брамцы мяне сустрэлі ўсмешлівыя гаспадары, якіх імгненна акружыла гарэзлівая дзятва, пераканалася, што не памылілася ў сваёй здагадцы.
Як высветлілася падчас знаёмства з гэтай сям’ёй, зусім нядаўна Наталля і Андрэй Кунды адзначылі 15-годдзе сумеснага жыцця — дату, на першы погляд, не надта ўжо і вялікую, але ўсё роўна сур’ёзную: згадзіцеся, не кожная сямейная пара дажывае ў міры і згодзе да хрустальнага вяселля.
Сёння Андрэй і Наталля працуюць у Пружанскіх электрасетках: ён — інжынер сродкаў дыспетчарска-тэхналагічнага кіравання, яна — апаратчык на міні-ЦЭЦ. Але задоўга да гэтага абодва пачыналі свой працоўны шлях у абласной праектна-вышукальнай станцыі хімізацыі. Малады інжынер са Сланімцоў адразу звярнуў увагу на прыгожую, вясёлую Наташу, якая працавала глебазнаўцай.
— Каля года бегаў да яе ў кабінет, — усміхаецца Андрэй Віктаравіч. — Яна ж на мяне не адразу звярнула ўвагу.
— Чаму ж не адразу?! — прызнаецца жанчына. — Проста думала, што ты з-за дзяўчыны, якая са мной разам працавала, прыходзіў.
Як толькі ўсё стала на свае месцы і ў маладых людзей пачаліся адносіны, Андрэй вырашыў не губляць час дарэмна, каб не ўпусціць каханую.
— Літаральна месяц прайшоў, як мы пачалі сустракацца, — успамінае Наталля. — Андрэй на выхадныя завёз мяне ў Клепачы, дзе ўпершыню пазнаёміўся з маімі бацькамі, а на наступны дзень, калі прыехаў мяне забіраць, прапанаваў, як кажуць, руку і сэрца.
Варта адзначыць, Наташыным бацькам жаніх адразу спадабаўся, таму яны ніколькі не турбаваліся, што любімая дачушка так паспешліва выходзіць замуж. Ніхто не шкадуе, што лёс так распарадзіўся, і сёння. За 15 гадоў, што мінула пасля вяселля, сям’я Кундаў вырасла больш чым удвая: старэйшая Ульянка ўжо пойдзе ў сёмы клас, Палінка сёлета закончыла пачатковую школу, а Марк —другакласнік.
Дружныя Кунды ўмеюць плённа працаваць. Чаго толькі каштуе рэканструкцыя дома, у якім яны сёння жывуць?! Наталля Уладзіміраўна каментуе:
— Без перабольшання, Андрэй — гаспадар з вялікай літары. Ён, бадай, уклаў у будоўлю найбольш працы. Той старэнькі дом, які мы купілі, цяпер не пазнаюць. Хаця муж і цяпер не сядзіць без справы: крыху абжыліся, добраўпарадкавалі двор, пабудавалі хлеў, гараж. А зараз ён ужо ўзяўся за ўладкаванне даху — робіць мансардны паверх для дзяўчат. Адным словам, у дома ёсць сапраўдны гаспадар. І, не паверыце, без яго дом пачынае «плакаць». З таго часу, як пеарсяліліся сюды, Андрэй двойчы ездзіў у камандзіроўкі: у адзін яго ад’езд парвала трубу, у другі — кран пацёк.
Сам гаспадар заўважае, што за ўсе справы ў гэтай сям’і бяруцца разам (а да працы далучаюць і дзяцей): разам прыбіраюць хату, разам будуюць, разам наводзяць парадак на прысядзібнай тэрыторыі. У тым ліку і адпачываюць разам. Збірацца на святы ўсёй сваёй вялікай дружнай раднёй — гэта ўжо традыцыя.
— Мама заўсёды мяне вучыла, што бліжэй, чым брат, ніколі нікога не будзе, — расказвае Наталля пра сямейныя ўзаемаадносіны. — Сёння гэтай ісціне ўжо я вучу сваіх дзяцей, у тым ліку ўласным прыкладам.
І дзеці добра ўсведамляюць гэтую навуку: не сварацца з-за цацак, разам прыбіраюць хату. Пры тым, што ўсе дзеткі з рознабаковымі інтарэсамі. Напрыклад, Ульяна вучыцца ў ДШМ на харавым аддзяленні, іграе на фартэпіяна, а Паліну цікавіць веласпорт і радыётэхніка, Марк сёлета вырашыў, што пачне хадзіць у футбольную секцыю.
… Як удаецца Кундам у руціне паўсядзённых клопатаў заставацца дружнымі, пазітыўнымі? Сакрэт просты: паважаць інтарэсы іншага, лічыцца са звычкамі, давяраць і паважаць адзін другога, умець знаходзіць кампрамісы.
— Таму што толькі разам мы — сіла, — кажуць шчаслівыя бацькі і дзеці сям‘і Кунда.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *