Среда, 25 ноября 2020

В районных соревнованиях среди охотников победил опыт Виктора Рачко. Лучшим охотничьим коллективом признан Пружанский

747

Раённыя спаборніцтвы паляўнічых раённай структуры «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў», якія адкладваліся некалькі разоў з-за пажаранебяспечнага перыяду, нарэшце прайшлі ў мінулую суботу. На гэты раз мерапрыемства было не менш масавым: удзел у экзамене на трапнасць, як і летась, прынялі 15 паляўнічых з розных населеных пунктаў раёна. Па ўмовах спаборніцтва ўдзельнікі былі падзелены на пяць каманд, кожная з якіх абараняла гонар вызначанага паляўнічага калектыву — Пружанскага, Ружанскага, Мокраўскага, Ліноўскага і Зеляневіцкага. Магчымасць выпадковай перамогі поўнасцю выключалася, бо набраць большасць ачкоў неабходна было па выніках некалькіх этапаў: трапіць у мішэнь «спыненая казуля» і з дзвюх розных кропак — па «лятаючых талерках».
Перад пачаткам стрэльбаў галоўны паляўніцтвазнаўца структурнага падраздзялення таварыства Д.В.Пракопчык правёў інструктаж па тэхніцы бяспекі, асаблівую ўвагу звярнуў на дакладнае выкананне каманд, наяўнасць ліцэнзій на стрэльбу. Пасля пачаліся асноўныя выпрабаванні.
Трэба сказаць, што з адлегласці ў 35 метраў па «спыненай казулі» трапілі практычна ўсе, але гэта неабходна было зрабіць з трох выстралаў. У выніку па суме набраных балаў першым у гэтым выпрабаванні быў прызнаны В.М.Рачко, які з вялікім адрывам абышоў А.А.Чучкевіча і У.П.Саскевіча, якія занялі адпаведна другое і трэцяе месцы. Дарэчы, апошні на гэтым этапе летась паказаў самы высокі вынік.
У стральбе па талерках неабходна было пяць разоў трапіць у іх з адной кропкі і столькі ж — з іншай, але размешчанай у баку ад асноўнага вектара палёту лятаючых мішэняў. Гэтае, апошняе, выпрабаванне было прызнана самым складаным, і прайшлі яго не ўсе. На гэты раз найбольшую трапнасць паказаў Д.К.Навумчык, якому саступіў нават «мэтр стральбы» В.М.Рачко, які з набранымі баламі заняў другое месца. Гарачая барацьба, з шумам выстралаў і пахам спаленага пораху, разгарэлася за трэцяе месца. За яго змагаліся Д.А.Кудзелька (пераможца спаборніцтваў 2017 года), В.Я.Грышкевіч і навічок спаборніцтваў А.А.Дзядзюн. Магчыма, у якасці заахвочвання лёсам было наканавана перамогу падчас перастрэлкі аддаць Дзядзюну.
Выніковая табліца размеркавала прызёраў спаборніцтваў інакш. Найбольшую колькасць балаў набраў В.М.Рачко (59), які і быў прызнаны пераможцам 2018 года, а ў якасці падарунка атрымаў мангал. Д.К.Навумчыку арганізатары спаборніцтваў уручылі патранташ за другое месца, а Д.А.Кудзельку за трэцяе месца — набор для чысткі стрэльбы. У дадатак усім прызёрам быў уручаны практычны дапаможнік па падрыхтоўцы да спецыяльнага паляўнічага іспыту.
У некалькіх этапах спаборніцтваў найбольш балаў (153) набраў Пружанскі паляўнічы калектыў, за што яму быў уручаны дыплом пераможцы, а кожнаму члену каманды — бясплатная паляўнічая пуцёўка. Акрамя таго, пазней гэтыя трапныя паляўнічыя будуць абараняць гонар раёна на абласных спаборніцтвах грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў».
Алег СІДАРЭНКА, фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *