Понедельник, 15 октября 2018

За шаг от беды, или Почему беспечность взрослых приводит к трагедиям

575

Нядзеля 22 ліпеня выдалася надзвычай спякотнай, і на пляжы гарадскога возера, як успамінае матрос-выратавальнік С.А.Казлоўскі, яблыку не было дзе ўпасці. Адзінаццацігадовая Аліна (імя зменена — ад рэд.) са сваёй цёткай таксама выбралася пакупацца і прыхапіла з сабой мячык. Падчас гульняў у вадзе непаслухмяны мяч раптоўна адскочыў туды, дзе было ўжо глыбока, і дзяўчынка вырашыла самастойна дастаць цацку. Цётка была занятая нечым сваім, страціўшы кантроль за дзіцём…
Відавочцы, якія ў той момант таксама адпачывалі на возеры, — і Ірына Краўчук, выхавальніца Ліноўскага дзіцячага садка, і Сяргей Нічыпаровіч, жыхар горада, — расказалі, што за дзіцячым гоманам не было чуваць крыкаў аб дапамозе. Але нешта ўвагу гэтых дарослых людзей усё-такі прыцягнула. І яны заўважылі, як дзяўчынка раз-пораз хаваецца пад вадой і ў паніцы б’е па ёй рукамі. Першай на дапамогу кінулася Ірына, выцягнуць дзіця з глыбіні дапамог Сяргей. На гэты раз абышлося без трагедыі, да якой заставаўся толькі адзін крок…
Са слоў выратавальнікаў, якія пастаянна падчас купальнага сезона дзяжураць на пасту таварыства выратавання на водах на гарадскім возеры, такія выпадкі здараюцца ледзь не штодзённа.
За дзень да вышэйзгаданай гісторыі адпачыць на возера прыйшла маці з чатырма дзецьмі, якія прынеслі з сабой надзіманы матрац. Маці вырашыла пазагараць, а яе выхаванцы самастойна наладзілі гульню ў вадзе. І настолькі разышліся, што не заўважылі, як матрац накрыў дзяўчынку, якая купалася побач, і малая не магла з-пад яго выбрацца. Трывогу пачала біць спалоханая маці, якая заклікала на дапамогу матросаў. У.А.Каваленка выцягнуў і матрац, і пацярпелую, і малых хуліганаў. Вось толькі маці апошніх на гоман з’явілася праз пяць мінут і адразу пачала абурацца паводзінамі выратавальніка: маўляў, чаму забараняе купацца? Хаця нічога супрацьзаконнага ў яго паводзінах не было, бо дзеючымі правіламі забараняецца выкарыстоўваць для купання надзіманыя матрацы. А звязана гэта з тым, што практычна штогод рэгіструюцца выпадкі гібелі людзей, якія спадзяваліся, што гэта прыстасаванне абароніць іх жыццё.
— Мы ўвогуле не жадаем псаваць людзям адпачынак,— расказвае старшыня раённай арганізацыі выратавання на водах Ю.М.Амельянчук.— Але таксама ніхто не жадае, каб здарылася трагедыя. Таму і прыкладаем усе намаганні, каб спыніць чалавека за крок ад бяды.
Але ж мала хто разумее, навошта на возеры створаны выратавальны пост. Часцяком яго матросам, якія робяць адпачываючым абгрунтаваныя заўвагі, даводзіцца чуць у адказ прэтэнзіі: маўляў, мы будзем рабіць тое, што пажадаем, а ваша задача нас, калі будзе патрэба, выратаваць. Тут варта задумацца: ці зможа адзін чалавек аператыўна зрэагаваць, калі ў вадзе не дзясяткі, а сотні людзей? Калі крыкі аб дапамозе не чуваць за гоманам? І калі самі адпачываючыя іншы раз спецыяльна робяць так, каб ратавальнікі іх не бачылі, а значыць, і не рабілі заўваг? Як гэта атрымалася, напрыклад, у наступнай сітуацыі.
Бацька і чацвёра дзяцей выбраліся купацца і прыхапілі з сабой надзіманы матрац. Яшчэ на падыходзе да пляжа матрос зрабіў ім заўвагу і патлумачыў, што выкарыстоўваць такое прыстасаванне небяспечна, таму гэта забараняецца. Мужчына і дзеці «паслухалі» выратавальніка і пайшлі нібыта дадому, а самі абышлі пост па полі і апынуліся на беразе ў аддаленым месцы. Гэта не засталося па-за ўвагай выратавальніка, і ён зноў зрабіў заўвагу. Толькі ж хочацца спытаць у дарослага чалавека, які павінен адказваць за свае ўчынкі: каго ён абвінаваціць, калі, крый Божа, здарыцца бяда? Хутчэй за ўсё, усіх навокал, толькі не сябе…

Алег Сідарэнка, фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *