Понедельник, 15 октября 2018

Полюбить Грузию. Раз и навсегда

514

Усё, што вы прачытаеце пра Грузію, — праўда. Прыкладна так пачынаўся артыкул, які
трапіў мне на вочы, калі дамова на паездку ўжо была заключана з тураператарам. Пасля амаль двухтыднёвага адпачынку ў гэтай краіне свой артыкул я пачынаю тымі ж словамі: усё, што вы прачытаеце пра Грузію, — праўда.
Цікава, але ў велізарнай колькасці інфармацыі ў інтэрнэце я ні разу не трапіла на адмоўны водгук. Больш за тое, аповеды пра гасціннасць грузінаў здаваліся фантастычнымі, а прыгажосць фотаздымкаў відавочна пацьмянела перад рэальнасцю.
Але адразу хачу папярэдзіць: калі для вас лепшы марскі адпачынак – 10 дзён ляжаць на пляжы, то не марнуйце сілы. Грузія – краіна, якую трэба пабачыць, таму будзьце гатовы да штодзённых экскурсій.

Як дабрацца?
Тут ёсць тры варыянты: калі вам дазваляюць грошы, зразумела, самалётам; калі жадаеце зэканоміць, рыхтуйцеся да двухдзённай паездкі аўтобусам; ёсць смельчакі, якія аддаюць перавагу ўласнаму транспарту, але я такі варыянт не раю.
З самалётам усё проста. Самастойна або праз турагенцтва заказваеце квіткі і праз тры гадзіны палёту вы ўжо на чарнаморскім узбярэжжы. Забраніраваць або знайсці жыллё таксама проста, а далей можна планаваць адпачынак на свой густ. Мы даверылі ўсё турагенцтву і ні разу не пашкадавалі аб гэтым.
Аўтобусны тур доўгі, але ў камфартабельным аўтобусе ды з добрай кампаніяй час бяжыць хутка, тым больш што на шляху вас чакаюць два начлегі ў атэлях (самы папулярны маршрут у беларускіх тураператараў). Пры ўсіх цяжкасцях тых, хто адважыцца на такое падарожжа, чакае адна перавага: вы на свае вочы ўбачыце Ваенна-Грузінскую дарогу і яе краявіды. Паверце, гэта незабыўна!
Але менавіта з-за гэтай дарогі я і не рэкамендую ехаць на ўласным аўто: шлях праз горы стане выпрабаваннем для непрызвычаенага да такога рэльефу вадзіцеля.
Па дарозе аўтобус рабіў некалькі прыпынкаў. Мы паспелі сфатаграфавацца ля Аркі дружбы народаў і паспрабаваць мінеральную ваду з крыніцы. Пералічваць славутасці, якія давялося пабачыць праз акно аўтобуса, не бачу сэнсу. Але, калі вам пашанцуе з гідам, праезд па Ваенна-Грузінскай дарозе стане адным з самых запамінальных момантаў вашага падарожжа.

Дакументы
Для паездкі ў Грузію не патрэбна віза, што робіць краіну ў вачах турыстаў яшчэ больш прывабнай. Усё, што вам спатрэбіцца, гэта пашпарт не старэйшы за 10 гадоў. Для выезду дзяцей у суправа-джэнні аднаго з бацькоў дазвол другога не патрабуецца пры праходжанні дзяржаўнай мяжы. але! Дазвол патрабавалі ў расійскіх гасцініцах і ў некаторых турыстаў пры праходжанні блокпастоў з Чачэнскай Рэспублікай Ічкерыя і Кабардзіна-Балкарскай Рэспублікай.
Настойліва рэкамендую перад падарожжам афармляць медыцынскую страхоўку.

Бяспека
Перад паездкай знайшла ў інтэрнэце і наступную інфармацыю: Грузія з’яўляецца адной з самых бяспечных краін у Еўропе. За кароткі час знаходжання ў краіне асабістыя высновы зрабіць складана. Але раскажу гісторыю, якая адбылася са мной.
Пасля начлегу ў тбіліскім атэлі я не знайшла частку сваіх грошай. Напярэдадні перад прагулкай па Тбілісі я вырашыла дастаць іх з кашалька і схаваць асобна. А вось куды іх паклала, проста вылецела з галавы. Была надзея, што грошы недзе ў вялізнай сумцы з рэчамі, а калі не… У думках з імі развіталася. Тым не менш, я звярнулася па дапамогу да нашага гіда. Ён папрасіў на прыпынку праверыць усе свае рэчы, каб дарма не турбаваць персанал гасцініцы, і запэўніў, што калі грошы ўсё ж засталіся ў нумары, то мне іх абавязкова вернуць. Грошы знайшліся ў аддзяленні з лекамі (як пасля жартаваў увесь аўтобус, разам з таблеткамі для памяці), але ўпэўненасць, з якой гучаў голас гіда, дае веру, што любая забытая ў атэлі рэч абавязкова знойдзе свайго гаспадара. Грузіны вельмі шануюць сваю рэпутацыю, а яшчэ яны шчыра вераць у Бога.
Што да дарожнага руху, то сказаць, дзе бяспечней: у нас або ў Грузіі – даволі няпроста. Мяркуйце самі.
Адразу па прыбыцці ў Тбілісі нас чакала экскурсія. Гід з нейкім сцяжком у руках павёў нас праз чатырохпалосную праезную частку, як мне падалося, нават не гледзячы па баках. Першае, што я падумала: напэўна, у краіне так паважаюць замежных турыстаў, што, каб спыніць рух у цэнтры сталіцы, дастаткова паказаць жоўты сцяг. На наша нямое пытанне гід адказаў, што зебра – гэта жывёла ў заапарку. З аднаго боку, відавочна, што правілы дарожнага руху тут не выконваюцца, а з іншага… вельмі прыкметна, што і вадзіцелі, і пешаходы больш ветлівыя адзін з адным. Калі вы пачняце пераходзіць дарогу (зразумела, што не трэба кідацца пад аўтамабіль , які рухаецца на вялікай хуткасці), вас абавязкова прапусцяць, і нават ніхто не будзе ціснуць на сігнал, каб прыспешыць вас. Гэтак жа цярпліва кіроўца бу-дзе чакаць, пакуль зрушыць на абочыну свіння, авечка ці нават карова (бадай, толькі ў цэнтры Тбілісі іх не было бачна). А вось у адносінах кіроўца-кіроўца дзейнічае іншае простае правіла: хто першы пасігналіў, той і мае права на праезд. Усё гэта, з аднаго боку, дзіка, а з іншага – цалкам вытлумачальна, бо тут усе ў першую чаргу ацэньваюць бяспеку.
Веласіпедыстаў, дарэчы, я бачыла толькі на веладарожках уздоўж узбярэжжа.

Узбярэжжа
У Кабулеці, дзе мы адпачывалі, пляжная лінія расцягнулася больш як на 10 кіламетраў. Увесь пляж галечны. З-за гэтага, безумоўна, мора больш чыстае, вось толькі заходзіць у яго нязручна. Але ёсць выйсце: паўсюль прадаецца танны, але досыць прыгожы гумавы абутак, у якім можна і гуляць па пляжы, і купацца ў моры.
За некалькі кіламетраў ад Кабулеці размясціўся пасёлак Урэкі. Ён вядомы сваімі магнітнымі пяскамі, якія лічацца лячэбнымі. Пляж ва Урэкі не толькі карысны для зда-роўя, але і больш зручны для тых, хто адпачывае з дзецьмі. Яшчэ адзін знакаміты пляж, батумскі, знаходзіцца за 26 кіламетраў, ён таксама галечны і адрозніваецца хіба што большай колькасцю адпачываючых.
Мноства горак, бананы, плюшкі, водныя матацыклы і многае-многае іншае чакае вас на пляжы. Калі вам недастаткова экстрыму на вадзе, можна паехаць у парк атракцыёнаў “Цыцынатэла”, дзе даволі ўтульна, але не надта танна.

Экскурсіі
Ні пра адну экскурсію не давялося пашкадаваць. Усё, што нам прапаноўвалі паглядзець, было цікавым, прыгожым і незвычайным. Пераезды праз горы і пастаяннае знаходжанне “на нагах” досыць стамлялі, але ўбачанае было вартае таго, каб крышачку пацярпець.
Абавязкова трэба наведаць грузінскі рэстаран з нацыянальнымі стравамі, жывой музыкай і танцамі (дарэчы, грузінскія нацыянальныя танцы занесены ў спіс ЮНЕСКА як нематэрыяльныя культурныя каштоўнасці). Кошт вячэры (праўда, заказанай яшчэ ў Беларусі праз турфірму) — 20 долараў ЗША. У кошт (акрамя музычна-танцавальнага суправаджэння) увайшлі некалькі дзясяткаў (!) страў і белае сухое віно, збаны з якім папаўнялі, як толькі яно заканчвалася. Дарэчы, грузінскае віно патрабуе асобнага артыкула.
З шэрага экскурсій абавязкова выбірайце дэгустацыю на вінзаводзе. Калі мы трапілі на такую экскурсію, самелье неяк вяла пачаў нам расказваць пра гатункі вінаграду і віна, паказаў, у якой паслядоўнасці трэба каштаваць віно (а за ім — чачу), каб адчуваць букет, а потым сумна махнуў рукой і сказаў: “Усё роўна вы ўсе абступіце бочку з кінзмараулі…” Справа ў тым, што грузіны аддаюць перавагу выключна белым сухім вінам, а вось беларусы абіраюць чырвонае паўсалодкае.
Не спяшайцеся купляць напоі на запас адразу на заводзе: у мясцовых крамах некаторыя гатункі будуць нават таннейшыя, да таго ж у ЛЮБОЙ краме з любым гандляром можна таргавацца і рабіць гэта лепей з жартамі і ўсмешкай на твары. У любым магазіне таксама можна прадэгуставаць віно, чачу, ткемалі, аджыку і далей па спісе. І калі сталы грузін пачне вам казаць, што ён быў у Беларусі і вельмі любіць гэтую краіну, не думайце, што ён хлусіць. Многія грузіны праходзілі вайсковую службу ў нас у часы СССР, а многія наведвалі сінявокую па справах бізнесу.
Грузія прыняла праваслаўе яшчэ ў IV стагоддзі, гэтым і сёння ганарацца яе жыхары. Вялікая колькасць старажытных храмаў з багатай гісторыяй таксама прываблівае турыстаў.
У храм нельга ўваходзіць з голымі нагамі, а жанчынам — і з непакрытай галавой. Ля ўваходаў звычайна стаяць скрыні з хусткамі, але калі вы маеце магчымасць скарыстацца сваім, то зрабіце гэта, каб не затрымліваць людзей: часам хустак ля ўваходаў проста не хапае для ўсіх жадаючых.
Грузіны з вялікай пашанай ставяцца да сваіх святыняў, а вось некаторыя турысты, у тым ліку і беларускія, здзівілі, калі пачалі рабіць сэлфі ў помніку Сусветнай спадчыны — храме ХІ стагоддзя Свеціцхавелі.

Калі вы, як і мы, абераце для пражывання ціхі Кабулеці, абавязкова знайдзіце магчымасць, каб наведаць Батумі ў вячэрні час. Здаецца, у гэтым горадзе куды ні глянь — паўсюль нешта непаўторнае: Батумі вабіць сваёй архітэктурай. Нават простая прагулка па сучаснай набярэжнай пакіне незабыўныя ўражанні. Але пастарайцеся, каб у ваш маршрут патрапілі спяваючыя фантаны і помнік Ніно і Алі.

Што прывезці з сабой?
Калі адпачынак падышоў да канца і настаў час купляць падарункі родным і сябрам, аказалася, што выбар не такі і вялікі. Акрамя традыцыйных магніцікаў, вам прапануюць мноства спецый, ткемалі, аджыку, зразумела, віны і чачу, чурчхелу, мандарынавы і каштанавы мёд, варэнне з арэхаў або шышак і … усё. Але пералічанае мною варта таго, каб патраціць на яго грошы. Прадаецца ў Грузіі і “грузінскі” чай, але, як нам расказалі мясцовыя жыхары, у краіне чай у прамысловых маштабах даўно не вырошчваецца.
Дасціпныя турысты паспяваюць з’ездзіць і на рынак у суседнюю Турцыю. Адтуль вязуць танную бялізну, ручнікі і пледы. Мы таксама з цікаўнасці перасяклі мяжу, але вярнуліся без пакупак: рэчы на рынку танныя, але вельмі дрэннай якасці, а магазінны цэннік амаль не адрозніваецца ад нашага.

Што яшчэ трэба ведаць пра Грузію?
У Грузіі вельмі шануюць дзяцей. Без усялякіх пастаноў зверху з іх не бяруць аплату ў грамадскім транспарце.
Безумоўна, гаспадар у сям’і — мужчына, а старэйшаму ніколі не пярэчаць, з вялікай павагай тут адносяцца да жанчыны. У тым жа грамадскім транспарце вы не ўбачыце, што мужчына сядзіць, а жанчына стаіць і трымаецца за поручань. Так, грузінскія мужчыны заглядаюцца на светлавалосых і светлавокіх жанчын, але ніколі ўслед ім не кідаюць абразлівых мянушак і не надакучваюць сваёй увагай.
Як сцвярджаюць мясцовыя, ніколі машыну не спыніць супрацоўнік ДАІ, калі кіроўца не парушае правілаў. І, маўляў, калі ты выпіў у гасцях, то можна патэлефанаваць у паліцыю і цябе даставяць дадому, толькі каб ты не сядаў за руль і не правакаваў небяспечную сітуацыю на дарозе. Праўда гэта ці не, шчыра скажу, не ведаю, але ў Грузіі даводзілася так часта сутыкацца з неверагоднымі адносінамі, што асабліва не давяраць і такому проста не маю права.
У Грузіі не прынята піць без тостаў, а таксама апускаць сасуд з напоем на стол пасля тоста. Хоць грузіны і ганарацца тым, што за адно застолле мужчына ў сярэднім выпівае да трох літраў віна, ні аднаго п’янага на вуліцах горада мы не бачылі.
А вось чым Грузія пакарыла маё сэрца назаўсёды: тут не забіваюць бадзяжных жывёл. Паўсюль вы будзеце сустракаць вялізных сабак з кліпсай на вуху, якія будуць суправаджаць вас лянівым позіркам. Справа ў тым, што час ад часу бадзяжных жывёл ловяць, стэрылізуюць або кастрыруюць і зноў выпускаюць. Дзякуючы гэтаму значна змяншаецца колькасць бадзяжак, якія становяцца больш добрымі і лянівымі. Гэтая павага да братоў нашых меншых многае кажа пра жыхароў краіны…
Для сапраўднага экстрыму трэба праехаць па грузінскай дарозе на таксі. Але і тут вас будзе чакаць сюрпрыз: таксісты не скардзяцца на жыццё ў краіне, а расказваюць, як усе разам яны перамаглі карупцыю, хваляцца прынцыпам работы службы “адно акно”, не наракаюць на суседзяў і ганарацца зменамі, якія адбываюцца ў іх маленькай, але такой дарагой іх сэрцам Грузіі.
Кацярына Пашкевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *