Понедельник, 15 октября 2018

А что бы Вы попросили у золотой рыбки?

530

«По щучьему веленью, по моему хотенью… закинул старик невод в синее море… и полетел лепесток через запад на восток…» Цікава, якія тры жаданні загадалі б нашы пружанцы, калі б яны — чаму б і не?! — сустрэліся з… залатой рыбкай? Пра гэта журналісты «раёнкі» запыталіся ў прахожых на вуліцах горада. І вось якія арыгінальныя і, у той жа час, прадказальныя адказы мы атрымалі.
Вольга Мікалаеўна:
— Першае маё пажаданне — каб усе былі здаровымі, у тым ліку і мае трое дзяцей, і дзеці маіх сяброў, знаёмых. Усе людзі ў свеце каб не хварэлі і жылі вечна. Другое пажаданне — каб усе людзі маглі рэалізаваць свае мары. Самарэалізацыя — гэта важны складнік жыцця, які ўносіць сэнс у нашае існаванне і надае яму пазітыву. І трэцяе, мабыць, самае галоўнае — каб быў мір на зямлі, каб перасталі грукатаць войны і неба стала чыстым для ўсіх.

Ірына Фёдараўна:
— Я, напэўна, не буду арыгінальнай, калі папрашу ў залатой рыбкі, перш за ўсё, здароўя сваім родным людзям. Другое — каб мае ўнукі пражылі шчаслівае і бесклапотнае жыццё. А напрыканцы гутаркі з чароўнай рыбкай загадаю, каб яна паклікала сваіх сябровак: няхай кожны чалавек у сеціва ўласнага жыцця зловіць сваю залатую рыбку.
Юрый:
— Я папрашу ў рыбкі аднаўлення справядлівасці ва ўсім і для ўсіх: няхай у сям’і, на працы, у краіне і ўвогуле ва ўсім свеце наступіць трыумф праўды і ўсе будуць шчаслівымі. Другое пажаданне я падару сваёй каханай дзяўчыне: яе мары — мае мары, яе ідэалы — мае ідэалы, яе імкненні — і мае таксама. А што тычыцца трэцяга пажадання — дык няхай сама рыбка вырашае, чаго я заслугоўваю.

Валерый Анатольевіч:
— Па-першае, папрашу ў рыбкі, каб дала кожнаму добраму (менавіта добраму, а не злому!) чалавеку тое, чаго яму ў дадзены момант не хапае: няма здароўя — хай не хварэе, няма грошай — хай багацее, няма нагод для радасці — хай яны як мага хутчэй з’явяцца. Па-другое, звярнуся да рыбкі як трэнер спартыўнай школы і папрашу, каб мае вучні дасягнулі вяршынь у спорце. І па-трэцяе, добра было б, каб такія рыбкі завяліся ў пружанскім возеры і лавіліся на вуды нашых рыбакоў.

Таццяна:
— Па-першае, папрашу ў рыбкі міру і стабільнасці ў нашай рэспубліцы і ў суседніх краінах, каб у кожным доме запанавалі дабрабыт, давер і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Па-другое, падзялюся мараю аб кругасветнай вандроўцы: хачу пабываць ва ўсіх краінах свету і азнаёміцца з іх славутасцямі. А па-трэцяе, няхай рыбка зробіць так — а яна абавязкова зробіць! — каб у памяці маёй засталіся толькі самыя светлыя моманты жыцця, а ўсё кепскае імгненна забылася і ніколі не паўтаралася. Хацелася б хоць на хвілінку вярнуцца ў дзяцінства, тую бесклапотную пару, калі дрэвы былі вялікімі, а ўсе казкі здаваліся быллю…
Думкамі цікавіліся Алена Зялевіч і
Сяргей Талашкевіч (фота)

Один комментарий

  • Андрей

    Пускай сбудется все что желают люди нашему правительству.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *