Я даўно звярнула на яе ўвагу… Выступленне адзінай вучаніцы знакамітага пружанскага ганчара Антона Такарэўскага на адкрыцці яго памятнай лаўкі ў гарадскім парку было самым шчымлівым. Ураджэнка Пружан, а сёння старшы выкладчык акадэмічнага малюнка кафедры дызайну моды БДУ Таццяна Фёдараўна СЦЯПАНАВА не змагла тады стрымаць слёз ад нахлынулых успамінаў. Такой жа шчырай была і наша размова, якая адбылася ў этнаграфічнай зале музея-сядзібы «Пружанскі палацык», дзе выстаўлены работы знакамітага ганчара.
— Як так здарылася, што менавіта Вы атрымалі магчымасць хадзіць следам за самім Такарэўскім?
— А ён нікому не забараняў вучыцца. Іншая справа, што жадаючых пазнаць гэтае старажытнае рамяство больш не аказалася. Між тым, заўважу, Такарэўскі быў не проста рамеснікам — ён быў сапраўдным мастаком, творцам. А мяне заўсёды цягнула да «эксклюзіву». У свой час, скончыўшы СШ №2, я паступіла ў тэхналагічны тэхнікум на «нямодную» тады спецыяльнасць «мадэльер-мастак па мужчынскім верхнім адзенні» і, не знайшоўшы сябе ў серыйнай вытворчасці, вырашыла памяняць прафесію: усур’ёз захапілася этнаграфіяй. Дзесьці ў канцы 60-х гадоў я прагледзела дакументальны фільм «Ганчарны круг», зняты на заказ Міністэрства СССР у рамках урадавай праграмы па развіцці народных промыслаў і рамёстваў у савецкіх рэспубліках. У тым фільме ўпершыню і ўбачыла Антона Такарэўскага за працай, а як вярнулася ў Пружаны, адразу пайшла знаёміцца з ім.
— Згадайце, калі ласка, пра свае першыя ўражанні ад сустрэчы з майстрам.
— Гэта быў унікальны чалавек. Вельмі прыгожы, высокі, станісты, шыракаплечы. У яго былі дзіўныя вочы светла-блакітнага колеру, прыгажосць якіх змог бы перадаць на малюнку толькі Мадзільяні. У Антона Такарэўскага былі вялікія рукі, указальны і безыменны пальцы — амаль такой жа даўжыні, як сярэдні, што дапамагала яму спрытна выцягваць гаршчок. У сярэднім на стварэнне вырабу вышынёй 35-40 см Такарэўскаму патрабавалася каля дзвюх мінут. Майстар цягнуў гаршчок — а гэта яшчэ адна яго асаблівасць! — з дапамогай анучкі, каб дамагчыся роўнай цэнтрабежнасці, дзякуючы чаму збанкі не разгойдваліся.
Увогуле Антон Рыгоравіч быў вельмі працавітым чалавекам. Многія дагэтуль думаюць, што ён быў казачна багатым. Гэта няпраўда. Ён вельмі многа працаваў і меў толькі самае неабходнае для жыцця. У майстра была багатая душа. Ведаеце, пасля вайны больш за дзве сотні ганчароў пакінулі сваё рамяство, бо керамічная прадукцыя перастала карыстацца попытам. А Антон Рыгоравіч застаўся верным сваёй справе. Таму я і хадзіла за ім па пятах, лавіла кожнае яго слова: ніякай жа этнаграфічнай літаратуры тады не было. А тата з мяне жартаваў: «Гаршкі ўжо навучылася ляпіць, пара навучыцца лапці плесці. Тады будзе поўны набор для мінскай паненкі».
— Раскажыце, як працаваў майстар? Напэўна, у ганчарнай майстэрні стаяла мёртвая цішыня?
— Не, падчас работы Антон Рыгоравіч паспяваў і гутарыць. Я задавала яму пытанні і адразу атрымлівала на іх вельмі дакладныя адказы. Шкада, што ў той час не было дыктафонаў, каб усё запісаць. Такарэўскі не раз з лёгкім шкадаваннем гаварыў: «Ніхто з пружанцаў не прыходзіць да мяне, не глядзіць. Добра, што хоць ты так захоплена гэтым».
У яго майстэрні стаяла дзіўная атмасфера. Антон Рыгоравіч заўсёды старанна прыбіраў працоўнае месца, з вялікім натхненнем сядаў за ганчарны круг і, здавалася, зліваўся з ім у адзінае цэлае. Такарэўскі па паху гліны мог сказаць, што з яе можна зрабіць. Дарэчы, я дапамагала майстру нарыхтоўваць гліну. Ён укладваў яе ў майстэрні на падлогу, дадаваў прасеяны рачны пясок, які мы ўтрамбоўвалі нагамі. Потым Антон Рыгоравіч згортваў гэтую гліну ў велізарную «рульку», адразаў ад яе па добрым кавалку і насіў у склеп. Там у вадзе ўжо «даспявала» некалькі тон сыравіны…
Майстар ляпіў посуд толькі з «выспелай» гліны. Адмерае кавалачак, злепіць гаршчок і на палічку за печкай паставіць для абсушкі. А потым спрытна бярэ дошчачку з некалькімі гаршкамі і нясе да горна — пластыка рук і дакладнасць рухаў была неверагодная!
У Такарэўскага было дзве печы: адна — для паліванай керамікі — стаяла на вуліцы, а другая — горан для так званых чорназадымленых вырабаў — знаходзілася ў доме. Апошняя была апраўлена металам і вельмі моцна награвалася. Тэмпература ў горне была вышэйшай, чым у парыльні — пры загрузцы гаршкоў майстар пераапранаўся пяць разоў…
— Дарэчы, пра «такарэўскія» гаршчэчкі. Патлумачце, калі ласка, што ў іх асаблівага?
— У Такарэўскага быў свой почырк. Я магу вылучыць яго гаршкі сярод мільёнаў іншых. Іх форма цалкам паўтарае рысы старажытнай італьянскай керамікі, якую яшчэ ў пачатку XVI стагоддзя завезла на Пружаншчыну італьянка Бона Сфорца.
Усе кажуць, што яго кераміка чорная, але гэта не так. Яна шызая: на свае вочы я бачыла свежыя вырабы з шэра-блакітным адценнем. Гэта з часам кераміка чарнела.
Часта таксама можна пачуць, як палякі ці літоўцы ганарацца сваёй чорназадымленай керамікай. А гэта ж наша пружанская кераміка, якая ў свой час распрадавалася на святах-кірмашах «Палескія таргі» і трапляла ў розныя куткі Еўропы. Гэта наш унікальны промысел. Падобнага посуду ніхто нідзе больш не рабіў.
Памятаю, як Антон Рыгоравіч неяк дастаў збан — высокі, а сценачкі тоненькія-тоненькія, — пастукаў па ім — і той зазвінеў, як крышталь. Дарэчы, вельмі няпроста перадаць на малюнку складаныя прапорцыі нашых гаршкоў. Колькі б я ні ставіла іх студэнтам для нацюрморта, мала хто спраўляўся.
— А якія прыгожыя ўзоры на гэтых гаршках! Раскажыце, калі ласка, як Такарэўскі іх наносіў і што яны сімвалізуюць?
— Звычайным завостраным каменьчыкам ці драўлянай палачкай яшчэ да абпалу майстар узмоцнена націраў на збанках лініі арнамента, наносіў, так бы мовіць, глянец. Адсюль і іншая назва такой керамікі — чарна-глянцавая.
Кожны «такарэўскі» ўзор мае свой змест: паралельныя лініі сімвалізуюць узаранае поле, ніву, каласочкі — гарачае жніво, рашотачка на стромкіх баках — плецены плот, кружочкі — кропелькі вады з крыніцы (што цікава, вада ў такіх гаршках не награваецца і доўга захоўвае прахалоду). Спружынкі-віткі на збанках для кашы адлюстроўваюць дымок і разваранае зерне. Ёсць у Такарэўскага нават кветачкі на чыгунках — сапраўдная мелодыя нашага краю.
Гаршчэчкі Антона Рыгоравіча фігурныя, «стройныя», устойлівыя, чымсьці нават нагадваюць постаць жанчыны. Дарэчы, паспрабуйце перавярнуць збанок і паглядзіце ўважліва на яго. Што Вы бачыце? Кароўку-карміцельку з хвосцікам! Гэта такі арыгінальны, як бы цяпер сказалі, дызайнерскі падыход Такарэўскага.
— Ведаю, што некалькі гадоў таму, на Дзень горада, Вы падарылі музею-сядзібе ўнікальную фотакалекцыю, якая сёння выстаўлена ў флігелі ў парку побач з выставай керамічных вырабаў сучасных рамеснікаў.
— Так, на здымках — нашы пружанскія ганчары і іншыя майстры падчас працы ці кірмашоў, а таксама пружанскія маладыя людзі, якія ездзілі на выставы і рэкламавалі керамічную прадукцыю нашых ганчароў.
А гісторыя калекцыі такая. Я вельмі захаплялася майстэрствам пажылых таленавітых людзей і, паступіўшы на завочнае аддзяленне ў інстытут этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук, стала збіраць старыя фатаграфіі. Шмат здымкаў мне перадала пляменніца пружанскага ганчара Кацярына Фёдараўна Такарэўская. Але аснову фотакалекцыі склалі даваенныя здымкі пружанкі Кацярыны Аляксандраўны Зайковай (Патаповіч): яшчэ ў польскі час яна была ў ліку моладзі, якая рэкламавала пружанскую кераміку на кірмашах. Тыя даваенныя фатаграфіі хоць вельмі маленькія (1,5х1 см), але якасныя: здымкі былі зробленыя на англійскі фотаапарат. Павялічыць іх, а тым больш надрукаваць у вялікім выставачным фармаце было вельмі складана. Неяк нямецкія этнографы, якія збіраліся выдаць кнігу на нямецкай мове з гэтымі фотаздымкамі, прапаноўвалі мне вялікія грошы за іх. Я адмовіла ім: «Не. Калі і выйдзе калі-небудзь кніга, то толькі па-беларуску і для беларусаў. Гэтыя фатаграфіі — здабытак пружанцаў».
Мая мара часткова здзейснілася не так даўно: дзякуючы былому старшыні пружанскага райвыканкама Міхаілу Мікалаевічу Серкову, фатаграфіі былі пераведзены ў лічбавы фармат і раздрукаваны. І сёння гэтыя здымкі расказваюць пружанцам пра тых годных людзей, якія вельмі любілі сваю прафесію, сваю мову, сваю зямлю.
Памятаю, як аднойчы пажартавала з Такарэўскага: маўляў, прозвішча ў яго польскае. Дык ён так абурыўся! «Таня, — сказаў, — мы ніколі не былі палякамі. Мы беларусы. Тутэйшыя. Хай такія, хай гэтакія. Ці ёсць розніца якія? А прыйдзе вясна — і нам трэба будзе саджаць бульбу».
Такія, як Такарэўскі, — гэта людзі, абраныя Богам. Іх запаветы трэба перадаваць з пакалення ў пакаленне. Упэўнена, што знойдуцца яшчэ апантаныя маладыя людзі, якія адродзяць нашу пружанскую кераміку і вернуць ёй статус аднаго з галоўных брэндаў Беларусі.
Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча.